Як я гузікі купляў у... “чорных археолагаў”

№ 23 (1046) 09.06.2012 - 16.06.2012 г

Эксперымент “К”. Ці магчыма законна набыць гістарычны артэфакт на інтэрнэт-аўкцыёне?

 

Калекцыянаванне... Для кагосьці - забава, для іншых - надзвычай прыбытковы бізнес. Часам ён нават выходзіць /i/content/pi/cult/381/7496/2-1.jpegза межы закону. І сумлення. Ні для каго не сакрэт, што археалагічныя раскопкі ў нашай краіне рэгламентуюцца заканадаўствам і патрабуюць адмысловага дазволу на іх правядзенне. Але ці заўжды нормаў прытрымліваюцца? Карэспандэнт "К" паспрабаваў даведацца, хто і дзе сёння прадае нелегальна здабытыя артэфакты мінулага і які рэальны кошт маюць гэтыя рэчы.

Блышыны рынак -

у он-лайн

Для невялікага эксперыменту давялося зарэгістравацца на адным з айчынных інтэрнэт-аўкцыёнаў. Там выбраў адпаведны раздзел сайта, дзе прадстаўлены прыкладна дзесяць тысяч каштоўнасцей мінуўшчыны рознай ступені вартасці і захаванасці. Карацей, на любы густ. Там жа, дарэчы, можна набыць і металадэтэктар. Аказалася, сёння ўсё больш прадаўцоў рарытэтаў схільныя мінімізаваць рызыкі сустрэчы з праваахоўнымі органамі. Тым і тлумачыцца іх масавы сыход у он-лайн з блышыных рынкаў, дзе можна сваімі рукамі памацаць той або іншы прадмет ды даведацца ў гандляра-калекцыянера пра яго гісторыю.

Не з'яўляючыся прафесійным калекцыянерам, для кантрольнай закупкі выбраў тое, што прыглянулася воку ды не вымагала вялікіх фінансавых выдаткаў. Такімі прадметамі сталі некалькі старадаўніх металічных гузікаў ХІХ стагоддзя. Перш чым зрабіць стаўкі на выбраныя прадметы, вырашыў высветліць іх паходжанне і нават - чаго на свеце не здараецца? - першапачатковага гаспадара. Сённяшні ўладальнік ухіліўся ад адказу на ўсе пытанні адносна гісторыі выстаўленых на аўкцыён прадметаў.

Для ўстанаўлення ісціны звяртаюся да калекцыянераў, якія спецыялізуюцца менавіта на згаданых дэталях вопраткі. Даследчык старадаўняга адзення з Віцебска Віктар Корзун распавёў, што сёння ўсё больш калекцыянераў пачынаюць цікавіцца старадаўнімі гузікамі: яны не горш за манеты адлюстроўваюць эпоху і краіну, дзе вырабляліся. Большасць гузікаў, якія сёння можна набыць "з рук", знойдзены з дапамогай металашукальнікаў на месцах старых маёнткаў, колішніх сядзіб, дыслакацый вайсковых падраздзяленняў і, што самае прыкрае, на закінутых ваенных могілках і месцах бітваў.

Гісторыя аднаго гузіка

Віктар Корзун ра/i/content/pi/cult/381/7496/2-2.jpegспавёў пра выстаўлены на аўкцыёне лот. Як аказалася, гузікі з нумарамі (набыты мною мае надпіс "22"), а таксама з літарна-лічбавымі выявамі былі ўведзены ў частках расійскай арміі ў снежні 1829 года. Хутчэй за ўсё, тое зроблена пад уплывам вайны 1812-га, калі французы выкарыстоўвалі ў ваеннай форме гузікі з адмысловымі малюнкамі ды нумарамі.

Магчыма, у мэтах эканоміі сродкаў пяхотныя і кавалерыйскія часткі, у тым ліку гусары, уланы, казачыя палкі і драгуны мелі нумары без усякіх упрыгожанняў. І толькі асобныя падраздзяленні вылучаліся літарна-лічбавымі малюнкамі. На жаль, па словах Віктара Корзуна, пакуль гісторыкам не ўдалося выявіць інфармацыю пра канкрэтныя адрозненні гузікаў з аднолькавымі нумарамі, якія належалі розным часткам расійскай арміі, паколькі за перыяд выкарыстання такіх гузікаў неаднаразова адбываліся змены нумарацыі частак, што яшчэ больш заблытвае працэс вызначэння. У чэрвені 1862-га ў сувязі са значным павелічэннем колькасці армейскіх палкоў нумары і літары на гузіках былі скасаваны, а на мундзіры пачалі нашываць гладкія гузікі без малюнка. Такім чынам, можна меркаваць: наш гузік датуецца 1829 - 1833 гадамі і мог належаць, да прыкладу, 22-у егерскаму палку.

Цана рарытэта -

пара пачакаў запалак

Колькі ж каштуе артэфакт мінуўшчыны? На аўкцыёне гузік быў ацэнены ўсяго ў... 500 беларускіх рублёў - пару пачакаў запалак. І гэта прытым, што ў суседняй Расіі аналагічныя прадметы прадаюцца ў дзясяткі ды сотні разоў даражэй. Усё тое красамоўна сведчыць: прадавец нашага гузіка нават не ўяўляе каштоўнасці знойдзеных ім рэчаў. Падобныя прадметы, каб былі знойдзены прафесійным археолагам, маглі б стаць музейнымі экспанатамі.

Тое ж самае можна сказаць і пра іншы прыдбаны дзеля эксперыменту гузік - Віленскай губерні з выявай яе тагачаснага герба, над якім змешчана імператарская карона. Як высветлілася, Указам імператара Паўла I ад 12 снежня 1796 года аднаўлялася дзяленне на губерні і паветы. Разам з тым, устанаўлівалася і сістэма "губернскіх стацкіх мундзіраў" з адзіным кроем і колерам каптаноў. У 1811-м яны атрымалі залатое або сярэбранае шыццё аднаго ўзору, што непасрэдна залежала ад колеру губернскіх гузікаў, вырабленых, адпаведна, з белага або жоўтага металу з выявай герба тэрытарыяльнай адзінкі.

Хто ведае, магчыма, дадзены гузік зашпільваў адзін са стацкіх саветнікаў, генерал-губернатар Віленшчыны 1845 - 1857 гадоў (менавіта да гэтага перыяду аднёс яго Віктар Корзун па адметных візуальных рысах). Акрамя таго, дзякуючы надпісам на адваротным баку гузіка, можна вызначыць: ён быў выраблены на Пецярбургскай фабрыцы братоў Бух.

Названы рарытэт дастаўся мне за восем з паловай тысяч рублёў./i/content/pi/cult/381/7496/2-4.jpeg

"Ці не "капаны"

ваш артэфакт?"

Дык як жа трапляюць да гандляроў усе гэтыя прадметы? Красамоўны адказ аднаго з такіх он-лайн-"аўкцыёншчыкаў" на маё пытанне, ці не "капаныя" яго артэфакты часу Вялікай Айчыннай вайны: "Не. Яны былі знойдзены на гарышчах закінутых хат". Шчыра кажучы, верыцца ў гэта з вялікай нацяжкай...

Што ж да нашых набыткаў, то, як бачым, усяго два маленькія прадметы змаглі расказаць цікавую гісторыю з жыцця нашага краю. А разам з тым адлюстравалі тэндэнцыю, дакладней - "моду" на капанне і пошук скарбаў. Яны ў выніку страты інфармацыі пра сваё першапачатковае месцазнаходжанне губляюць сваю каштоўнасць, нават калі і трапляюць у музей.

Менавіта такая сітуацыя адбылася і з калекцыяй старажытных ваенных артэфактаў, якія адзін з калекцыянераў падарыў Салігорскаму краязнаўчаму музею. Нягледзячы на сапраўдную ўнікальнасць некаторых прадметаў з калекцыі, сёння немагчыма высветліць дакладнае ўжыванне гэтых артэфактаў на тэрыторыі Беларусі і іх паходжанне.

Ды і перад самімі музейшчыкамі паўстае нялёгкая дылема адносна набыцця каштоўных прадметаў для фондаў у "нелегалаў". З аднаго боку, попыт стымулюе прапанову ды існуе пагроза яшчэ больш актыўнай "працы" "чорных капальнікаў". З іншага - многія артэфакты, якія сёння нелегальна прадаюцца, могуць папоўніць прыватныя калекцыі ці наогул пакінуць межы нашай краіны.

"Пазіцыя па "чорных

капальніках" -

адназначная"

Якое ж меркаванне на гэты конт мае Міністэрства культуры нашай краіны? Як адзначыў начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Ігар Чарняўскі, пазіцыя Міністэрства па "чорных капальніках" адназначная: гэта - незаконная дзейнасць. А таму, каб змаганне з імі насіла больш эфектыўны характар, ініцыянавана падрыхтоўка змяненняў у нарматыўна-прававыя акты, у прыватнасці - у пастанову Савета Міністраў 2002 года аб зацвярджэнні Палажэння аб ахове археалагічных аб'ектаў пры правядзенні земляных і будаўнічых работ.

/i/content/pi/cult/381/7496/2-3.jpegУ прыватнасці, прапануецца забараніць выкарыстанне металашукальнікаў, разнастайных геарадараў па-за сферай адмысловай прафесійнай дзейнасці. І толькі калі ў спецыяліста адпаведнай кваліфікацыі ёсць дазвол на правядзенне раскопак, ён мае права займацца падобнай дзейнасцю. Як чакаецца, у наступным годзе будзе падрыхтаваны праект Закону "Аб ахове археалагічнай спадчыны": менавіта ў ім усе пытанні адносна раскопак будуць прапісаны ў дэталях.

Дарэчы, неспакой "чорныя капальнікі" выклікаюць і ў прафесіяналаў-археолагаў. Кандыдат гістарычных навук, загадчык аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вадзім Лакіза кажа, што сёння нелегальныя археолагі нават не саромеюцца насіць навідавоку ва ўсіх металашукальнікі. Між іншым, у навукоўцы назапашана вялікая калекцыя фотаздымкаў "вынікаў" дзейнасці аматараў прыгод, дзе можна ўбачыць разрабаваныя гарадзішчы і селішчы, у тым ліку і месцы, унесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей як помнікі археалогіі.

Ці стаў

карэспандэнт

саўдзельнікам

злачынства?

Па словах Ігара Чарняўскага, Міністэрства культуры не праводзіць спецыяльныя рэйды па выяўленні парушэнняў заканадаўства ў сферы аховы археалагічнай спадчыны. "Па меры магчымасці, бываючы ў рэгіёнах, звяртаем увагу і на помнікі археалогіі. Як правіла, яны знаходзяцца за межамі населеных пунктаў, а таму апынаюцца, найперш, у кампетэнцыі мясцовых органаў улады, якая мусіць арганізаваць нагляд за іх станам ды ўтрыманнем", - кажа ён. Ігар Чарняўскі мяркуе: нават калі ў раёне некалькі дзясяткаў археалагічных аб'ектаў, мясцовыя органы кіравання могуць арганізаваць перыядычны нагляд за імі, падключыўшы да гэтага іншыя структуры, у тым ліку - участковых міліцыянераў.

А што рабіць, калі чалавек на сваім уласным агародзе выпадкова знаходзіць каштоўнасці? Ці з'яўляецца гэта парушэннем заканадаўства? Па словах Ігара Чарняўскага, у Законе "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны" ўстаноўлена, што ў падобным выпадку чалавек абавязаны праінфармаваць мясцовыя органы ўнутраных спраў, райвыканкам. Пры гэтым аператыўна складаецца акт і інфармацыя накіроўваецца ў Міністэрства культуры. Яго прадстаўнік цягам некалькіх дзён мусіць выехаць на месца знаходкі для вызначэння яе каштоўнасці.

І, безумоўна, не можа не хваляваць пытанне, што непасрэдна звязана з нашым эксперыментам: ці становіцца калекцыянер саўдзельнікам злачынства, калі набывае прадметы ў "чорнага капальніка"? На думку Ігара Чарняўскага, у нашым выпадку складу злачынства, у адпаведнасці з заканадаўствам, няма. Але, разам з тым, начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры мяркуе: адпаведнымі органамі павінен быць узмоцнены нагляд за продажам любых тавараў, незалежна ад таго, будуць гэта яблыкі з уласнага падворка ці прадметы даўніны. "Археалагічныя артэфакты - гэта таксама тавар, продаж якога мусіць рэгламентавацца. Прадавец павінен засведчыць, адкуль ён узяў, скажам, наканечнікі неалітычных стрэл", - дзеліцца сваёй пазіцыяй наконт процідзеяння незаконнай дзейнасці "чорных капальнікаў" Ігар Чарняўскі.

Што ж, эксперымент "К" паказаў, наколькі лёгка сёння можна знайсці ўнікальныя гістарычныя артэфакты, нават не маючы адмысловых прылад кшталту металашукальніка. Аднак не менш важна ведаць, што стаіць за гэтымі прадметамі, адкуль яны былі ўзяты аматарамі лёгкай нажывы. А таму, відавочна, што толькі ад свядомасці шырокай грамадскасці залежыць, ці зможам мы процістаяць "чорным капальнікам" і, разам з гэтым, захаваем сваю гістарычную спадчыну...

 

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"