Дык калі ж вяселле?..

№ 23 (1046) 09.06.2012 - 16.06.2012 г

Сусветны трэнд: замест "пахавання" жанру — час заручын оперы з моладдзю. А што ў нас?

/i/content/pi/cult/381/7495/1-1.jpegМаладзёжны форум опернага мастацтва краін СНД, што напрыканцы мая прайшоў у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі, сабраў удзельнікаў і гасцей на "круглы стол" "Моладзь і опера: па той і гэты бок сцэны". Тэма гэтая папраўдзе надзвычай актуальная і датычыцца не толькі дадзенага форуму, што засведчылі афіцыйныя і, асабліва, кулуарныя абмеркаванні, але і куды больш шырокага разгорту праблем далейшага развіцця оперы.

За кардон ці праз кардон?

Дарэчы, у час "круглага стала" госці так разышліся, што паспелі абмеркаваць толькі адну палову сцэны - сваё ўласнае становішча маладых салістаў. Тут Беларускай оперы было чым ганарыцца: мала які тэатр, як высветлілася, можа пахваліцца такой моцнай менавіта маладзёжнай трупай, у іншых - моладзі па-ранейшаму даводзіцца "прабівацца" праз шчыльны кардон прадстаўнікоў старэйшага пакалення. Прабіваюцца не ўсе, астатнія - з'язджаюць. Лепшыя - за мяжу. Ідэальны ж варыянт, як прызнаваліся ледзь не ўсе госці, - заставацца жыць у сваёй краіне, працаваць у сваім родным тэатры, але выступаць - па ўсім свеце. Так, дарэчы, робяць усе сусветныя зоркі. Штосьці падобнае стала адбывацца і з нашымі маладымі салістамі: Настассяй Масквіной, Аксанай Волкавай, Юрыем Гарадзецкім, якія аднолькава запатрабаваны ў нас і ў замежжы.

Але форум паказаў нам і тое, што мы ўжо страцілі. Некалькі "гасцей" аказаліся "былымі нашымі", з'ехаўшы яшчэ ў час вучобы. Таму і клапоціцца тэатр пра разнастайныя маладзёжныя праграмы, каб нашы лепшыя вакалісты літаральна з першых крокаў адчувалі, у які бок ім трымаць шлях: вядома ж, на сцэну нашага тэатра!

Разам з тым, як заўважыла галоўны рэдактар часопіса "Музыкальная жизнь" Алена Язерская (Масква), з'яўленне разнастайных маладзёжных праграм у тэатрах (у тым ліку ў Вялікім тэатры Расіі, у Вашынгтонскай оперы, дзе таксама ўдзельнічалі беларускія салісты) - сведчанне таго, што сувязь тэатра і кансерваторыі, якая існавала заўсёды, перарвалася. І адна з галоўных мэт такіх маладзёжных праграм - яе ўзнаўленне.

Рэжысёр -

ад слова "рэзаць"

Якая ж роля рэжысёра ў тым, каб прасунуць моладзь? Між іншым, адразу па абодва бакі сцэны: і ў якасці артыстаў, і ў ролі гледачоў. На гэты конт думкі рэзка разыходзяцца, што было відавочна і пад час форуму.

Тая ж Алена Язерская слушна заўважыла, што рэжысура ператварыла слухача ў гледача, надаўшы оперы відовішчнасць. Яна ж і вывела на оперную сцэну моладзь. Але, пры ўсім тым, - адабрала ў спевакоў магчымасці далейшага вакальнага росту. Здараецца, толькі дойдзе, нарэшце, спявак да разумення, як трэба выконваць тую або іншую партыю, а яму ўжо кажуць: узрост. Ды і маладым спевакам, пры ўсёй іх адпаведнасці тым ці іншым оперным вобразам, бывае не толькі нязручна, але і небяспечна назапашваць у рэпертуары драматычныя партыі, бо можна папросту сарваць голас. Таму кожны вырашае для сябе сам: пагаджацца яму на такую быццам бы прывабную прапанову - адразу цэнтральная партыя, - ці лепш не рызыкаваць.

Рэжысура, зноў-такі, прывяла моладзь і ў саму оперную залу - у якасці публікі. Бо ўсялякія "пераасэнсаванні" шмат у чым умоўных оперных лібрэта, пераносы дзеяння ў іншае месца ды іншы час часам здольныя прывабіць моладзь сваёй "альтэрнатыўнасцю". Але некаторыя крытыкі абсалютна не прымаюць такой вольнасці. Сярод іх, дарэчы, аказаліся абодва маскоўскія госці: згаданая ўжо Алена Язерская і галоўны рэдактар профільнага партала Яўген Цодакаў.

- Эксперыментальныя спектаклі, - упэўнены Яўген Цодакаў, - вырачаны на хуткае паміранне. Ім з самага пачатку адмерана гадоў дзесяць, не больш. Гэта не проста маё меркаванне - гэта тое, што ўжо пацверджана практыкай. І чым больш у спектаклі дробных эксперыментальных дэталей, тым хутчэй ён сыходзіць. Бо яго глядзяць адно аматары навінак - звычайная ж публіка ходзіць на традыцыяналізм. У гэтым плане "жалезная заслона" адыграла, на маю думку, станоўчую ролю ў опернай рэжысуры. Бо дзякуючы тагачасным мерам, сёння зусім не папулярным, у савецкім оперным тэатры быў захаваны кансерватызм у яго лепшым сэнсе...

Такія думкі зусім не адзінкавыя. Многія нават тэатральныя дзеячы ўпэўнены, што "альтэрнатыўнасць" пастаноўкі можа перашкодзіць папулярнасці спектакля: маўляў, на нешта "новенькае", незвычайнае, адметнае, нешараговае прыйдуць толькі знаўцы. І тое - усяго аднойчы, каб пераканацца, што спектакль і сапраўды выбітны - у сэнсе, што "выбіваецца" з агульнага шэрагу. А вось калі спектакль - абсалютна традыцыйны, нічым асабліва не прыкметны з боку рэжысуры, акурат тады ён у стане атрымаць доўгае і шчаслівае жыццё. Бо, маўляў, не надакучыць!

Ды ўсё ж з гэтым згодныя далёка не ўсе. Тая ж Юля Бенця - музычны крытык з Украіны - расказвала пра творчае супрацоўніцтва маладых рэжысёраў і артыстаў, якое ладзіцца ў опернай студыі Кіеўскай кансерваторыі:/i/content/pi/cult/381/7495/1-3.jpeg

- Нам вельмі пашанцавала, што ў кансерваторыі ёсць і кафедра рэжысуры, дзе навучаюцца і будучыя оперныя рэжысёры. Тыя спектаклі, якія ўвасабляюцца ў опернай студыі, маюць нават большы поспех, чым пастаноўкі Нацыянальнай оперы. Іншая справа, што ўсе потым здзіўляюцца: дык куды ж падзеліся тыя рэжысёрскія таленты? Частка іх ідзе працаваць у Муніцыпальную оперу, дзе таксама вітаюцца творчыя эксперыменты. Нацыянальная ж опера - гэта такая махіна, якую цяжка зрушыць з месца. Наадварот, яна сама ўсіх "падмінае". Колькі ні заўважала, прыходзяць туды быццам бы апантаныя, цікавыя пастаноўшчыкі і артысты - і праз час становяцца такімі ж традыцыяналістамі, як іхнія старэйшыя калегі. Ці проста сыходзяць...

Так што пытанне прываблівання маладзёжнай публікі ў оперны тэатр праз цікавую рэжысуру пакуль застаецца адкрытым: ёсць рэжысёры - няма трывалай сцэны; ёсць папраўдзе вялікая сцэна - дзесьці зніклі рэжысёры-эксперыментатары... Дык, можа, усё ж такі гэта сумясціць? На той жа Украіне, у параўнанні з намі, усё не так дрэнна: і муніцыпальная опера, і кансерваторская оперная студыя паказваюць свае спектаклі цягам усяго сезона. І гэта - толькі ў Кіеве. А ёсць жа яшчэ і іншыя ўкраінскія оперныя гарады! Як расказаў лаўрэат міжнародных конкурсаў Сяргей Замыцкі, у Харкаве ёсць і оперная студыя, і Маладзёжны эксперыментальны тэатр на базе Малой сцэны, дзе могуць выступаць студэнты ўжо з трэцяга-чацвёртага курсаў. У нашай жа опернай студыі, што існуе пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, няма ні свайго асобнага памяшкання, ні прыстасаванай тэатральнай сцэны: канцэртная зала Акадэміі не мае ні аркестравай ямы, ні спецыяльнага асвятлення, дый кожны пастаўлены спектакль ідзе - у лепшым выпадку, два разы, каб забяспечыць здачу дзяржіспыту тым вакалістам, якія атрымаюць кваліфікацыю оперных салістаў. Ці ж сфарміруеш такой "рэгулярнасцю" зацікаўленую маладзёжную аўдыторыю?

Вам у оперу ці ў клуб?

На Захадзе, дарэчы, папулярызацыі опернага жанру сярод моладзі надаюць вялікую ўвагу. І ўвесь час шукаюць новыя формы, скіраваныя на гэта. Галоўнае - каб опера як жанр была зразумелая. Але для гэтага трэба спачатку распаліць цікавасць да гэтага папраўдзе элітнага мастацтва. Як паведаміла Алена Язерская, там сталі вельмі распаўсюджаны он-лайн-трансляцыі. Яна сама неаднаразова была сведкай таго, як з Метраполітэн-оперы вяліся такія трансляцыі наўпрост на вялізны экран у скверы. Прычым гэта была не проста "прамая трансляцыя" ў нашым разуменні, бо камеры былі ўстаноўлены не толькі ў розных кутках залы, каб зручней можна было "схапіць" добры кадр ды ракурс, але і за кулісамі. Гэта, мабыць, і ёсць гэткае "ноу-хау" такіх он-лайн-трансляцый, бо слухач у зале і глядач у скверы атрымліваюць розную інфармацыю ды, адпаведна, розныя ўражанні. У зале можна паглядзець оперу цалкам, не перапыняючыся на штосьці іншае, а ў скверы, каб завабіць гледачоў, дзея ўвесь час перапыняецца цікавым закуліссем: то проста паказваюць, як артысты рыхтуюцца выходзіць на сцэну, то бяруць у іх невялічкія інтэрв'ю, то дэманструюць яшчэ што-небудзь, схаванае ад вачэй звычайнага гледача. У выніку такія трансляцыі ні ў якай меры не падмяняюць уласна опернага прагляду. Але становяцца цікавыя нават тым, хто, можа, гэтую оперу ўжо ў тэатры глядзеў, бо ён жа не меў магчымасці "пагутарыць" з артыстамі!

Дадамо, што ідэя такіх он-лайн-трансляцый ужо распрацоўвалася колькі гадоў таму ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Яшчэ калі завяршаўся рамонт будынка, у дырэктара Аляксандра Гарбара была мара ўстанавіць на плошчы перад уваходам вялізны экран і дэманстраваць на ім такія трансляцыі. Але тая мара і дагэтуль засталася толькі ў планах - падобна на тое, вельмі і вельмі далёкіх...

/i/content/pi/cult/381/7495/1-2.jpegЁсць і іншыя варыянты папулярызацыі оперы - да прыкладу, уласна праз кіно. Менавіта пра гэта распавядаў згаданы ўжо Яўген Цодакаў. Там жа, у замежжы, апошнім часам пачалі адкрываць спецыяльныя відэаклубы ды кінатэатры для дэманстрацыі опер. Там праходзяць і кіналекторыі, часам вядуцца апісаныя вышэй трансляцыі праз Інтэрнэт. Галоўнае, што там ужо ёсць свая публіка, прычым прыходзяць цэлымі кампаніямі: адпачыць, добра правесці час, пагутарыць, абмеркаваць убачанае. У такіх відэаклубаў і кінатэатраў ёсць элемент элітарнасці: яго заўсёднікі становяцца быццам бы гэткімі "членамі" клуба, чым вельмі ганарацца. Адным словам, падвёў вынік Яўген Цодакаў, мастацтва павінна быць не зразумела народу, а - зразумета народам. Ну а тыя, хто яго зразумеў, ужо могуць лічыць сябе "элітай". І лічаць, між іншым!

...Дык як жа выхаваць сваю беларускую оперную эліту? Аднаго рэцэпту быць не можа. Пэўна, трэба спрабаваць розныя варыянты, спалучаць іх у розных прапорцыях і шукаць нешта сваё, адпаведнае нашай ментальнасці. Тым больш, што і момант зараз надзвычай спрыяльны: не ўсе яшчэ беларусы паспелі пабачыць на свае вочы адноўлены будынак.

Дарэчы, тэатр не стаіць на месцы - у поўным сэнсе гэтага слова. Папулярызацыі жанру спрыяюць і выязныя спектаклі, што паказваюцца ў так званых абласных філіялах, і, зразумела, "Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў", якія ў хуткім часе, ужо ў трэці раз, пройдуць у Нясвіжы. Тысяча месцаў ва ўнутраным дворыку палаца запаўняецца з аншлагам, як запэўніваюць у тэатры, білеты раскупляюцца імгненна. Яно і не дзіва: сёлета, да прыкладу, гэты міні-фестываль распачнецца прэм'ерай "Яўгенія Анегіна" П.Чайкоўскага - акурат праз тры дні пасля прэм'еры на стацыянарнай сцэне. Як жартуюць у тэатры, мы спачатку, маўляў, "абкатаем" прэм'еру на сваёй сцэне, а потым павязём яе на фестываль. Сапраўды, цікавасць публікі - забяспечана. Хаця, як заўважаюць іншыя, "Яўгеній Анегін" - гэта тая назва, якая збярэ прыхільнікаў пры любым варыянце пастаноўкі і выканання. А вось зрабіць штосьці падобнае з рэдкай назвай, каб публіка ўспрыняла яе за "хіт", - слабо?..

 

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"