Шукаць Вязынку па аўтанавігатары?

№ 23 (1046) 09.06.2012 - 16.06.2012 г

Рэпартаж з радзімы Купалы

/i/content/pi/cult/381/7494/2-2.jpeg...Дарога з Мінска ў Вязынку па Маладзечанскай шашы Р28 міма Ждановічаў, Ратамкі. Да павароту на Вязынку - прыкладна трыццаць кіламетраў, а далей трапляеш у лясную засень і серпанцінавая дарога вядзе ў казку...

На новым драўляным мастку цераз рэчку Вязынку я сустрэў немаладога мужчыну, што шыбаваў у бок філіяла Літаратурнага музея Янкі Купалы.

- У музей?

Мінак не здзівіўся пытанню:

- Не, спяшаюся на электрычку, а ў музеі быў неаднойчы.

Убачыў у маіх руках фотаапарат і запытаўся:

- З газеты?

І, не дачакаўшыся адказу, прадоўжыў:

- Вось так, як зараз, я сустрэў тут хлопца, які распавёў, што пад час марскога круізу ўдзельнічаў у віктарыне і не змог адказаць, якое ж сапраўднае прозвішча ў Купалы. "Каб ведаў, - сказаў хлопец, - атрымаў бы прыз. Спецыяльна прыехаў у музей па адказ", - гаварлівы мінак усміхнуўся. - Цікавая гісторыя? Дару тваёй газеце.

І хутка пакрочыў далей, ветліва махнуўшы рукой:

- А то на электрычку спазнюся!../i/content/pi/cult/381/7494/2-4.jpeg

А вось і яна - казка. Старасвецкія дрэвы, птушыны спеў... Нядаўна прыязджалі з Мінска арнітолагі і склалі атлас рэдкіх птушак, сярод якіх - рознакаляровыя дзятлы, аранжавая качка.

Вось і дом на беразе стаўка.

- Тут 25 чэрвеня (7 ліпеня па новым стылі) 1882 года ў Дамяніка і Бянігны Луцэвічаў нарадзіўся сын, якога назвалі Іванам. У Луцэвічаў быў свой герб - "Навіна". Іхні род пачынаўся з XVII стагоддзя ад Станіслава. І запісалі Івана шляхцічам, але пацвярджэння на зямельнае ўладанне не аказалася: Луцэвічы арандавалі зямлю ў мясцовага памешчыка Замжыцкага... - Ірына Трутнева, загадчык філіяла Музея Янкі Купалы, вядзе экскурсію. Наведвальнікі - сям'я Разумоўскіх: Пётр, Ірына і дачка Лізавета. Яны прыехалі з Астрашыцкага Гарадка. Пётр паскардзіўся:

- Ледзь знайшлі сюды дарогу. Ехалі па старым шляху на Радашковічы. На шашы - ніводнага ўказальніка...

/i/content/pi/cult/381/7494/2-5.jpegУсё правільна. І мне давялося звярацца са спадарожнікавым навігатарам, у памяці якога - дзве Вязынкі: адна - у Вілейскім раёне, другая - у Маладзечанскім.

Разумоўскіх, лічы, прывезла ў музей дачка Ліза, вучаніца 5 класа Астрашыцкагарадоцкай сярэдняй школы:

- Мая настаўніца, Дзіна Уладзіміраўна, шмат распавядала пра Янку Купалу. Мы збіраліся класам прыехаць у Вязынку на экскурсію...

- Калі даведалася, - у размову ўступіла мама, - сказала мужу, што няблага было б прыехаць сюды ўсёй сям'ёй...

- У нас штогод бывае па 5 - 7 тысяч наведвальнікаў, - /i/content/pi/cult/381/7494/2-3.jpegраспавядае Ірына Уладзіміраўна. - Раней, за савецкім часам (а я працую тут дваццаць шосты год), прыязджалі з усяго Саюза - больш за сто тысяч чалавек. Наш міністр культуры быў тут нядаўна, але не з афіцыйным візітам. Павел Паўлавіч сказаў, што трэба павялічыць колькасць наведвальнікаў. Мы не супраць! Так, указальнікі на дарогах да нас варта паставіць, рэкламу ўдасканаліць, Інтэрнэт правесці. Буклет ёсць невялікі, але, і пры дадаткова заказаным накладзе асобнікаў, усім ахвотным не хапае... А экспазіцыю мы абнавілі (яе аўтары - навуковы супрацоўнік аддзела навукова-экспазіцыйнай і выставачнай работы Марыя Барткова і мастак Генадзь Чысты): гэта постары з сучаснай падсветкай. У ранейшай экспазіцыі - прадметы XIX стагоддзя...

20 гектараў займае сядзіба. Дарожкі расчышчаны, трава скошана, кветнікі, якім і горад пазайздросціць, - пра ўсё гэта дбаюць супрацоўнікі, шмат у чым - энтузіясты: ужо вядомая нам Ірына Трутнева, а таксама - навуковы супрацоўнік Лілія Нарко, касір Тамара Салагубава, даглядчык Тамара Бізюк, прыбіральшчыца Клаўдзія Гаўрыленка, рабочы Фёдар Карповіч і два дворнікі - Марына Румянцава ды Вікенцій Дварэцкі. Дзякуй вам за тое, што спадчына Песняра захоўваецца ўзорна!..

...Падалося, купалаўскія словы найлепшым чынам праілюструюць наша сённяшняе развітанне са спадчынай паэта: "Як вецер, як птушка, дзе сонца, дзе зоры, так рвецца, нясецца ўдаль думка мая"...

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск - Вязынка - Мінск

Фота аўтара

 

Аўтар: Юрый ІВАНОЎ
фатограф