Што на Шагалаўскіх?

№ 23 (1046) 09.06.2012 - 16.06.2012 г

9 — 10 чэрвеня ў Віцебску пройдзе традыцыйная навуковая канферэнцыя "Міжнародныя Шагалаўскія чытанні".

 

Па словах дырэктара музея Марка Шагала Людмілы Хмяльніцкай, у мерапрыемстве, дваццаць другім па ліку, прымуць удзел даследчыкі з Беларусі, Расіі, Германіі і Латвіі. У цэнтры ўвагі навукоўцаў - пытанні, звязаныя з жыццём і творчасцю слыннага мастака, а таксама гісторыя Віцебскага народнага мастацкага вучылішча.

Як адзначыла Людміла Хмяльніцкая, цікавасць да апошняй тэмы - невыпадковая, паколькі ля вытокаў названай навучальнай установы стаяў у свой час Марк Шагал. Да таго ж, цяпер у Віцебску распачынаецца праца па стварэнні новага музея, прысвечанага гісторыі вучылішча. Летась Віцебскаму музею "Цэнтр сучаснага мастацтва" быў перададзены будынак, які захаваўся да нашых дзён, дзе ў 1918 - 1923 гадах месцілася навучальная ўстанова і жылі яе знакамітыя выкладчыкі. З сёлетніх Шагалаўскіх чытанняў, па словах Людмілы Хмяльніцкай, і распачнецца збор матэрыялаў для экспазіцыі будучага музея.

А адкрыецца навуковая канферэнцыя выстаўкай "Гісторыя Віцебскага народнага мастацкага вучылішча. 1918 - 1923". На ёй наведвальнікі змогуць убачыць дзясяткі ўнікальных дакументаў з фондаў Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці, Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, Цэнтра сучаснага мастацтва і Музея Марка Шагала.

Ю.Ч.