Рэкордныя сем дыпломаў

№ 23 (1046) 09.06.2012 - 16.06.2012 г

Кнігавыдаўцы Беларусі пабілі ўсе рэкорды IX Міжнароднага конкурсу “Мастацтва кнігі” дзяржаў — удзельніц СНД, якія адбыўся ў Астане напрыканцы мая: атрымалі сем дыпломаў, у тым ліку і Гран-пры.

 

У мерапрыемстве прымалі ўдзел Азербайджан, Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Расія, Таджыкістан, Узбекістан і Украіна. Агулам краіны прадставілі 121 выданне. Нашы кнігавыдаўцы ўдзельнічалі ў конкурсе дзявяты раз, прапанаваўшы журы кнігі па ўсіх сямі намінацыях: "Гран-пры", "Арткніга", "Мая краіна", "Кніга - для дзяцей і юнацтва", "Аддрукавана ў Садружнасці", "Садружнасць", "Культура. Навука. Адукацыя".

Кансультант упраўлення выдавецкай дзейнасці і кніжнага гандлю Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Валерый Рагалевіч паведамляе "К", што наш конкурсны ўнёсак - 23 высакаякасныя кнігі, 13 з іх выпушчаны дзяржаўнымі выдавецтвамі "Беларусь", "Беларуская Энцыклапедыя імя П.Броўкі", "Мастацкая літаратура", "Выдавецкі дом "Беларуская навука", а таксама - ААТ "Паліграфкамбінат імя Якуба Коласа", РВУ "Літаратура і мастацтва".

Гран-пры (дыплом пераможцы) атрымала кніга "Дзмітрый Струкаў. Альбом рысункаў 1864 - 1867" з серыі "Энцыклапедыя рарытэтаў". У намінацыі "Садружнасць" дыплом І ступені прысуджаны выданню "Жывая вера. Ветка", а два спецыяльныя дыпломы - фотакнізе "20 гадоў СНД" і фотаальбому "Казахстан". У намінацыі "Арт-кніга" дыплом ІІ ступені атрымаў альбом "Валянцін Губараў. Важна ўсё". Дыплом ІІ ступені ў намінацыі "Аддрукавана ў Садружнасці" атрымала кніга "Житие блаженной Ефросинии, игуменьи монастыря Вседержителя Святого Спаса во граде Полоцке" . Фотаальбому "Мінск - горад і людзі" прысуджаны дыплом ІІ ступені ў намінацыі "Мая краіна".

Па словах Валерыя Рагалевіча, галоўная адметнасць уганараваных на конкурсе беларускіх выданняў - у духоўнасці іх зместу і высокай паліграфічнай якасці кніжнай формы.

Наш кар.