Статут вярнуўся ў Беларусь

№ 23 (1046) 09.06.2012 - 16.06.2012 г

У чацвер на Беларусь афіцыйна была вернута ўнікальная гісторыка-культурная каштоўнасць — рэдкі экзэмпляр Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года. Адметнасць дадзенай падзеі ў тым, што ў зборы сродкаў на гэты ўнікальны прадмет удзельнічала літаральна ўся краіна, а таксама прадстаўнікі беларускай дыяспары за мяжой.

/i/content/pi/cult/381/7486/1-1.jpegЯк адзначыў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка пад час прэзентацыі Статута ў сценах Нацыянальнага гістарычнага музея краіны, такі пазітыўны прэцэдэнт з'яўляецца надзвычай важнай падзеяй для захавання ды папулярызацыі гісторыі і культуры нашай краіны. "Вельмі важна, што мы захоўваем нашу духоўную спадчыну, аднаўляем замкі, узведзеныя нашымі продкамі. Пры гэтым не менш важна, каб у гэтых старадаўніх мурах знаходзіліся духоўныя сімвалы нашай нацыі, якімі і з'яўляюцца "Біблія" Францыска Скарыны, Статут Вялікага Княства", - падкрэсліў міністр культуры. Па яго словах, вернутая на Беларусь кніга сведчыць пра ўзровень развіцця нацыі ў XVI ст. і, разам з тым, паказвае, што сёння наша грамадства мае высокую свядомасць і разуменне неабходнасці вяртання гісторыка-культурных каштоўнасцей на Радзіму.

Акрамя таго, Павел Латушка паведаміў, што дзяржава таксама займаецца праблемай вяртання нашай спадчыны. У прыватнасці, у 2011 - 2012 гадах з дзяржаўнага бюджэту прадугледжана каля Br10 млрд. для рэспубліканскіх музеяў сістэмы Міністэрства культуры на вяртанне гісторыка-культурных каштоўнасцей у Беларусь. Так, сёлета набыты чатыры слуцкія паясы, якія будуць захоўвацца ў Нясвіжскім палацы. Да таго ж, цягам апошніх чатырох гадоў Нацыянальны гістарычны музей набыў 179 унікальных гісторыка-культурных каштоўнасцей, што цяпер знаходзяцца ў яго калекцыі. У бліжэйшы час, дзякуючы падтрымцы аднаго з найбуйнейшых беларускіх банкаў, плануецца дэманстрацыя твораў мастакоў "Парыжскай школы" - ураджэнцаў беларускіх земляў.

Міністр культуры асабіста падзякаваў старшыню Федэральнай нацыянальнай культурнай аўтаноміі "Беларусы Расіі" Валерыю Казакову, дзякуючы якому была вернута не адна каштоўнасць, а таксама знойдзена прыватная кампанія, што ўнесла істотны ўклад у справу вяртання Статута на Беларусь.

У сваю чаргу, Аляксей Бацюкоў, дырэктар Музея гісторыі Магілёва, падзякаваў усім тым, хто адгукнуўся на ініцыятыву і паведаміў, што дадзеная кніга, як і планавалася, будзе знаходзіцца ў Магілёве. Пры гэтым, па словах аднаго з ініцыятараў вяртання Статута, зараз аператыўна вядзецца праца па яго годным прадстаўленні ў пастаяннай экспазіцыі Музея гісторыі горада.

К.А.

Фота Юрыя ІВАНОВА