Узноўлена радок у радок

№ 22 (1045) 02.06.2012 - 08.06.2012 г

“Жыціе Ефрасінні Полацкай” — у дзвюх кнігах

 

Сёння ўсё часцей на паліцах беларускіх кнігарняў можна пабачыць факсімільныя копіі фаліянтаў мінулых стагоддзяў. У прыватнасці, услед за Слуцкім Евангеллем у выдавецтве Беларускага Экзархату выйшлі дзве кнігі "Жития блаженной Евфросинии, игумении Вседержителя Святого Спаса во граде Полоцке". Адна з іх адпавядае старадаўняму арыгіналу, другая ж змяшчае ўзноўлены царкоўнаславянскі тэкст, а таксама яго пераклады на беларускую, рускую і англійскую мовы. Нагадаем, 5 чэрвеня на нашай зямлі, па традыцыі, шануецца памяць пра Ефрасінню Полацкую.

/i/content/pi/cult/380/7483/1-4.gifМяркуецца, што "Жыціе Ефрасінні Полацкай" - адзін з найбольш ранніх помнікаў усходнеславянскай агіяграфіі, створаны напрыканцы ХІІ ст. у час фарміравання царкоўнага шанавання Прападобнай. Даследчыкі мяркуюць, што аўтар твора - сучаснік святой, чалавек, блізкі да яе кола. Сярод магчымых аўтараў "Жыція..." называюць Міхаіла, слугу Ефрасінні, які, магчыма, з'яўляўся манахам мужчынскага манастыра, заснаванага Прападобнай, манаха Давіда, манахіню Еўпраксію, сястру Ефрасінні, якая была побач з Прападобнай доўгі час.

Аднак першыя публікацыі "Жыція..." з'явіліся толькі ў 2-й палове ХІХ ст. А на беларускай мове ўпершыню гэты агіяграфічны твор быў надрукаваны толькі ў 1994 годзе Аляксеем Мельнікавым пры выданні адаптаванага царкоўнаславянскага тэксту "Жыція..." па спісе XVI ст.

Дадзены ж выпуск "Жыція..." зроблены па спісе сярэдзіны XVI ст., які захоўваецца ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы Санкт-Пецярбурга ў зборы Пагодзіна і мае шэраг лінгвістычных адметнасцей.

Трэба адзначыць, што царкоўнаславянскі тэкст пададзены з захаваннем яго дзялення на лісты радок у радок, пры гэтым злітны тэкст быў разбіты на асобныя словы. Захаваліся ў тэксце і вынасныя літары, знакі прыдыхання і націску.

На здымку: двукніжжа факсімільнага выдання "Жыція Ефрасінні Полацкай".