Сэрца б'ецца, пакуль анёлы не спяць

№ 22 (1045) 02.06.2012 - 08.06.2012 г

А што пагрукае ў нашы дзверы,каб вярнуцца ўдвая?

 Да Міжнароднага дня абароны дзяцей

У першы дзень лета, пачынаючы з 1950 года, адзначаецца Міжнародны дзень абароны дзяцей. Сёлета сярод акцый, прымеркаваных да гэтай даты ў Беларусі, асабліва вялікі грамадскі рэзананс атрымалі дзве. Гэта спектакль "Маё сэрца б'ецца", пастаўлены акцёрам і рэжысёрам Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Паўлам Харланчуком у Маладзёжным тэатры эстрады, і дакументальная стужка "Анёлы не спяць", стварэнне якой было ініцыявана лідарам гурта "J:Морс" Уладзімірам Пугачам і падтрымана Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ) і Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Паміж небам і зямлёй...

/i/content/pi/cult/380/7481/2-2.jpegУпершыню гэтая музычная п'еса - "Маё сэрца б'ецца" - пагрукала ў нашы сэрцы яшчэ ў 2009-м, напісаная Аленай Васілеўскай (цяпер - Сітнік) ды Дар'яй Шэінай і пастаўленая Паўлам Харланчуком. Ён і ягоная жонка, актрыса Ганна Южакова, якая тады чакала дзіця, сыгралі ў спектаклі галоўныя ролі. Цяпер пастаноўка не проста аднавілася - ужо на ўзроўні сцэнарыя яна была дапрацавана і пашырана. Ідэя ж засталася нязменнай: у Нябеснай Школе дзеці рыхтуюцца да выпуску - свайго нараджэння. Але ж ці ўсе яны трапяць на зямлю, у свет людзей?

- Гэта мая асабістая пазіцыя і ўсёй нашай сям'і, - кажа Павел ХАРЛАНЧУК, - ніхто не мае права забіраць жыццё. Ненароджанае немаўля - таксама чалавек, у яго ёсць сваё прызначэнне, вызначанае на Нябёсах. Таму самае галоўнае - каб спектакль дайшоў да бацькоў, цяперашніх і будучых, каб яны задумаліся, што ў жыцці найважнейшае... Гэта не проста сюжэт пра сямейную пару, якая, даведаўшыся пра цяжарнасць, паўстае перад выбарам: рабіць аборт ці не. У цэнтры аповеду, пры ўсёй яго займальнасці і разгортванні падзей на зямлі і Нябёсах, апынаецца сістэма прыярытэтаў. У нас часта на першае месца ставіцца кар'ера, а трэба - наадварот. Бо інакш жыццё заходзіць у тупік, і нічога, акрамя гонкі за ўяўнымі каштоўнасцямі, у ім не застаецца. А трэба калісьці спыніцца і задумацца, дзеля чаго жывеш. Кажуць, калі аддаеш - набываеш. А калі гэтая аддача - дзецям, яна вяртаецца ўдвая. Дзеці - гэта тое, што цябе падтрымлівае і дзеля чаго хочацца жыць. Яны - галоўная радасць жыцця. А слава, грошы - паняцці "надзьмутыя". І хутка лопаюцца, бы тыя мыльныя бурбалкі...

- Такія перакананні ў вас яшчэ з дзяцінства склаліся? Ці пазней, ужо свядома?

- Мая маці працавала ў школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот, але тады яны не выклікалі ў мяне нейкага асаблівага спачування: маўляў, дзеці як дзеці. Але з самага дзяцінства мяне кранала... ды не проста кранала - абражала сітуацыя, калі, вобразна кажучы, "невінаватага б'юць". Мы можам прытупіць гэтае пачуццё (з узростам у многіх так і бывае), але яно закладзена ў нас ад пачатку, яшчэ падсвядома, а ўжо потым мы грубеем, "абрастаем" гэткай "таўстаскурасцю". І толькі Бог не дае нам страціць чалавечага аблічча. Ненароджаныя дзеці - таксама тыя невінаватыя, якіх хтосьці можа забіць. І дзеці без бацькоў - такія ж невінаватыя. Мы з жонкай у гэтым сышліся, і захацелася штосьці зрабіць...

- Раскажыце пра сваіх дзяцей. Для многіх здаецца неверагодным, што ў знакамітага артыста, прызнанага лепшым па выніках Нацыянальнай тэатральнай прэміі, занятага ўжо ў двух дзясятках расійскіх і беларускіх фільмаў ды серыялаў, ва ўлюбёнца публікі, па якім дзяўчаты пачакамі "сохнуць", - чацвёра дзяцей.

- У мяне цудоўная жонка, з якой магчыма ўсё! Менавіта яна, у асноўным, займаецца побытам. Мне ж папраўдзе даводзіцца шмат працаваць, я ўжо шэсць гадоў не адпачываў разам з сям'ёй. Але сёлета ў жніўні - усё кіну і паедзем на Азоўскае мора. На машыне ці на цягніку - не так важна, галоўнае - разам. Бо ў астатні час сабрацца разам даводзіцца толькі позна ўвечары. Мы жывём у Ратамцы, з маці Ганны, якая нам вельмі дапамагае. Піліп скончыў другі клас, літаральна днямі атрымаў дзве "дзявяткі" за дыктоўку па беларускай мове. Малайчына! Ён замацаваны за школай, але вучыцца па індывідуальнай праграме - вядома, з маці. І ў канцы кожнай чвэрці здае ў школе заданні-"выпрабаванні". На заканадаўчым узроўні ёсць такая магчымасць - чаму б ёй не скарыстацца? А яшчэ ён займаецца музыкай.

- Таксама метадам "хатняй адукацыі"?

- Не, ён вучыцца ў дзіцячай музычнай школе № 10, што непадалёк ад Купалаўскага тэатра. Грае на гітары і спявае ў хоры. Яму вельмі падабаецца! Івоне пяць гадоў, і яна яшчэ толькі рыхтуецца да школы - разам з Адэляй, якой чатыры. Алівіі ж усяго два гадкі, але яна таксама хутка развіваецца, вельмі кемлівая дзяўчынка. Як жа інакш у такім атачэнні! Усе яе любяць, песцяць, але, зноў-такі, у вялікай дзіцячай кампаніі (ёсць яшчэ Настасся - пляменніца) эгаістам стаць не атрымаецца.

- Такі вопыт сямейнай "дзіцячай каманды", дзе двое старэйшых трапілі да вас з жонкай ужо са сваімі характарамі і далёка не бясхмарным мінулым, - ці дапамагаў ён знаходзіць паразуменне з дзецьмі, якія ўдзельнічаюць у спектаклі? Наколькі я ведаю, яны - самыя звычайныя, не са школ з тэатральным ухілам...

- З дзецьмі ўвогуле працаваць складана, яны хутка стамляюцца. А тут яшчэ - усе з розных школ, у кожнага - свой расклад, нават сабраць іх разам не заўсёды проста. А яны ж у спектаклі не толькі іграюць - і спяваюць, і танчаць! Але тэма не давала апусціць рукі. Так і рэпеціравалі - дзесьці амаль месяц...

 

Зазірніце за вугал!

Праца над фільмам "Анёлы не спяць" вялася каля года. Чатыры дні здымак (рэжысёр - Максім Сіры) праходзілі ў Магілёўскай спецшколе закрытага тыпу, куды для ўдзелу ў праекце прыехалі і дзяўчынкі з Петрыкаўскага спецыяльнага ПТВ лёгкай прамысловасці. Потым - адбор матэрыялу, мантаж (рэжысёр  - Аляксандр Гарадко), агучка... Тыя, хто паспеў паглядзець стужку ўчора, не адыходзячы ад тэлевізара ці Інтэрнэта, змаглі ацаніць і тэму (падлеткі "ў канфлікце з законам", якія не дасягнулі 14 гадоў - узросту наступлення крымінальнай адказнасці), і мастацкія якасці (у тым ліку нешараговую аператарскую работу), і фінальную песню, запісаную разам з дзецьмі (яна і дала назву фільму).

- Мы жывём у грамадстве, - сказаў Уладзімір ПУГАЧ у час прэзентацыі стужкі, - дзе дзейнічаюць стэрэатыпы. Кожны замыкаецца ў сваім свеце і не бачыць, што робіцца побач. А побач - іншыя людзі, таксама замкнёныя самі на сабе. Трэба, нарэшце, разбурыць гэтыя рамкі, бо свет больш шматгранны, чым нам уяўляецца. Асабіста я пад час здымак і далейшага асэнсавання ўбачанага ды пачутага зрабіў шмат адкрыццяў. І зразумеў, што праблема не столькі ў тым, як дзеці трапляюць у падобныя ўстановы, а як ім потым адаптавацца ў грамадстве. Менавіта гэта мне і хацелася данесці да гледача...

У прыватнай размове, ужо пасля журналісцкага прагляду, знакаміты музыкант прадоўжыў сваю думку:/i/content/pi/cult/380/7481/2-1.jpeg

- У мяне было шчаслівае дзяцінства. Але я не разумеў, які гэта падарунак лёсу, пакуль не сустрэўся з героямі гэтага фільма. Гэта як паветра: калі яго хапае, ты не задумваешся, што дыхаеш, бо гэта ўспрымаецца апрыёры. І толькі калі паветра раптам не хапае, усведамляеш, якое гэта невыказнае шчасце - дыхаць. У мяне было ўсё: і паездкі на мора, і клапатлівы бацька, а не толькі маці, які прысвячаў нам шмат часу. Самае запамінальнае - гэта як ён (а бацька ж - аматар горных лыжаў) ставіў мяне, чатырохгадовага, на лыжы наперадзе сябе і мы імчаліся з гары... Маё маленства - спрэс пазітыў! Такія рэчы фарміруюць папраўдзе моцнага чалавека, бо ў дзяцінстве закладаецца праграма далейшага жыцця. І калі мы сустракаем на сваім шляху розных людзей - добрых і не вельмі, трэба памятаць, што яны таксама калісьці былі дзецьмі. Проста, дзяцінства ў іх было розным. У кагосьці - не самым лепшым. І ўсё гэта прывяло да не самых лепшых "наступстваў".

- А што вы хацелі б пажадаць дзецям, не толькі тым, пра якіх фільм, - усім, і 18-гадовай дачцы таксама?..

- Каб яны не задумваліся, што дыхаюць паветрам. Іншымі словамі, каб ва ўсіх было шчаслівае дзяцінства - з праграмай не меншага шчасця на будучыню. Гэта - найперш. А па-другое - я пажадаў бы кожнаму ўзрасціць у сабе пачуццё адказнасці, без якога нельга стаць дарослым. І, шырэй, чалавекам.

- А як гэтую адказнасць выхаваць?

- Я не спецыяліст-псіхолаг, каб даваць парады. Але, думаю, адказнасць пачынаецца са стаўлення да сваіх блізкіх. А далей - мадэляванне жыццёвых сітуацый, іх аналіз, імкненне знайсці выйсце, якое не перашкаджала б іншым. Але галоўнае, пэўна, - уласны прыклад. Гэта ўвогуле самы лепшы метад выхавання. І часам незаўважны.

- Што дала праца над фільмам асабіста вам? Я маю на ўвазе не ўзнятыя праблемы і іх асэнсаванне, а сам вопыт падобных здымак.

- Як мінімум, у мяне пашырыўся кругагляд. Такія рэчы трэба рабіць усім. Бо наша жыццё стала падобнае да алгарытму, які дыктуе сучасная цывілізацыя. Штодзень ты робіш адны і тыя ж рухі, атрымліваеш аднатыпную інфармацыю, гэтак жа аднатыпна яе аналізуеш... Не жыццё, а аўтаматызаванае існаванне! Каб сапраўды жыць, а не спраўна трымаць зададзены рытм, у кожным такце - аднолькавы, трэба хаця б калі-небудзь зазірнуць за вугал - і ўбачыць, што там ёсць: можа, іншае жыццё?

- Вы не баіцеся сустрэцца з героямі свайго фільма ў рэальным жыцці?

- Адна такая сустрэча, дарэчы, была. Абсалютна выпадкова! Я сеў у таксі, а там хлопчык, сын вадзіцеля. І адразу: "Тата, гэта той, хто фільм здымаў! Памятаеш, я табе расказваў?" А ў мяне на тэлефоне ягонае фота было, зробленае ў час здымак. Я паказаў: "Бачыш, якім ты быў і якім стаў?" Дзеці эвалюцыяніруюць хутка.

- А грамадства? Штосьці, на вашу думку, зменіцца хутчэй, калі ў падобных праектах будуць удзельнічаць медыйныя асобы?

- Мы можам засяродзіць увагу на праблемах. Вырашаць жа іх павінен кожны са свайго боку. Нельга быць абыякавым! Бо грамадства - гэта ж мы самі, кожны з нас...

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"