Клопаты і... прыгоды недылетантаў

№ 22 (1045) 02.06.2012 - 08.06.2012 г

Крэатыў, ідэі, праблемнасць...

/i/content/pi/cult/380/7478/1-2.jpeg

Пачатак лета - не толькі старт для адпачынкаў, але і надзвычай гарачы час для творчай самарэалізацыі. У гэтым пераконвае і апошняя майская рэдакцыйная пошта.

Пра II Адкрыты конкурс юных піяністаў гарадоў-пабрацімаў Наваполацка "Музычная лілея" напісаў дырэктар ДШМ № 1 Наваполацка Аляксандр Хітроў. Сёлета музычнае свята сабрала 49 канкурсантаў ва ўзросце ад 8 да 15 гадоў з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі і Літвы. У першай узроставай групе (да 10 гадоў) лаўрэатамі сталі К.Вавілонская з Наваполацка, А.Гарачава з Арэхава-Зуева, М.Рэдыка з Вентспілса, В.Трухановіч з Мінска... "Музычная лілея", такім чынам, стала падставай для развіцця міжнародных культурных стасункаў, абмену вопытам выкладання музычных дысцыплін.

Яшчэ адзін музычны конкурс - духавых аркестраў - прайшоў у Гомелі. Пра гэта паведамляе вядучы метадыст па інструментальным мастацтве Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці Алена Марчукова. У конкурсе прынялі ўдзел лепшыя калектывы з рэгіёна і абласнога цэнтра. Адкрыццём мерапрыемства, якое праводзіцца ў сёмы раз, сталі аркестр Жлобінскай дзіцячай школы мастацтваў № 1 і эстрадны ансамбль "ReMix" Рэчыцкай ДШМ.

Прыемна, што ў нашых навучальных установах літаральна віруе творчае жыццё. Аршанская дзіцячая школа мастацтваў № 3, якая знаходзіцца ў Барані, прызнана лепшай ДШМ Віцебскай вобласці. Выкладчыца гэтай установы Наталля Латышава расказвае, што 14 мастакоў і 3 піяністы школы - стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Навучэнцы мастацкага аддзялення з поспехам удзельнічалі ў конкурсах, што праходзілі ў Азербайджане, Балгарыі, Венгрыі, Польшчы, Латвіі, Літве, Эстоніі, Францыі, Японіі. Не менш плённа выступаюць на прэстыжных фестывалях і навучэнцы музычнага аддзялення.../i/content/pi/cult/380/7478/1-1.jpeg

А цяпер - аб справах бібліятэчных. Пра супрацоўніцу Ізабелінскай сельскай бібліятэкі Ганну Свістун напісала нам загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Цэнтральнай раённай бібліятэкі Ваўкавыскай РЦБС Надзея Гудко. Справа ў тым, што Ганна Свістун цягам многіх гадоў займаецца краязнаўчай дзейнасцю. Стварае не толькі летапіс роднага краю, але і піша цікавыя сцэнарыі краязнаўчай тэматыкі, актыўна прапагандуе родную мову. Летась стала пераможцам раённага тура абласнога конкурсу "Чытаем беларускую кнігу". Больш за тое: Ганна Свістун наладзіла шчыльныя стасункі з праграмай "Прыгоды дылетанта". Дзякуючы гэтаму сюжэт пра Ізабелін быў паказаны на тэлеканале "СТБ". Напэўна, такая ўсебаковая актыўнасць бібліятэкара павінна стаць узорам для яе сельскіх калег у іншых раёнах і абласцях.

Бібліятэкар сельскай бібліятэкі Навадворскага цэнтра традыцыйнай культуры (Мінскі раён) Таццяна Дзянісік даслала ў рэдакцыю ліст пра краязнаўчы ўрок, прысвечаны 110-годдзю з дня нараджэння паэта, крытыка, перакладчыка Язэпа Пушчы...

Радуе тое, што кола нашых пазаштатных аўтараў пастаянна пашыраецца. Да прыкладу, пра гала-канцэрт Рэспубліканскага фестывалю мастацкай самадзейнасці "Наш банк, табе мы прысвячаем..." напісала начальнік прэс-службы "Беларусбанка" Ларыса Грынько. Канцэрт адбыўся 26 мая ў Рэспубліканскім палацы культуры прафсаюзаў і быў прымеркаваны да 90-годдзя "Беларусбанка". Банкіры выступілі ў самых розных жанрах, засведчыўшы здольнасці ў вакале, харэаграфіі, інструментальным выкананні, канферансе і мастацкім чытанні. Мэта гэтага творчага праекта, як зазначае Ларыса Грынько, - падтрыманне духу карпаратыўнай культуры, стварэнне спрыяльных умоў для творчай самарэалізацыі супрацоўнікаў банка.

Яшчэ адзін "паштовы дэбют" нашага чытача: жыхарка Клецка Вольга Лабажэвіч паведаміла, што ў вёсцы Сякерычы (аграгарадок "Клецкі") днямі выступіў вакальна-танцавальны ансамбль Белдзяржфілармоніі "Свята". Аўтар допісу падкрэслівае, што выступленні сталічных калектываў у аграгарадках раёна сталі даўняй і добрай традыцыяй.

На здымках: эстрадны ансамбль "ReMix" Рэчыцкай ДШМ; пад час Рэспубліканскага фестывалю самадзейнасці "Наш банк, табе мы прысвячаем...".

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"