Вяртанне будзе!

№ 22 (1045) 02.06.2012 - 08.06.2012 г

Сёння інфармацыя пра збор сродкаў на набыццё экзэмпляра Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года для Музея гісторыі Магілёва абмяркоўваецца ці не на ўсёй беларускай інтэрнэт-прасторы. Яшчэ па стане на 29 мая было ўжо сабрана 15 575 долараў ЗША з неабходных 45 тысяч. Калі нумар рыхтаваўся да друку, на стужках інфарм-агенцтваў з’явілася радасная навіна: неабходная сума на набыццё старадаўняй беларускай рэліквіі сабрана

/i/content/pi/cult/380/7477/2-1.jpeg

Як распавёў карэспандэнту "К" дырэктар Музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў, у адказ на зварот Нацыянальнага банка краіны адгукнулася фінансавая кампанія "Альпары". Яна сёння пацвердзіла свой намер выдаткаваць 30 тысяч долараў у дадатак да ўжо сабранай сумы.

Нагадаем, што на набыццё Статута ВКЛ патрабавалася 45 тысяч долараў. Апроч названага ахвяравання, прыкладна 9 тысяч долараў пералічылі на дабрачынны рахунак музея грамадзяне Беларусі, каля 4,5 тысячы долараў ахвяраваў невядомы магілёўскі прадпрымальнік і 100 000 расійскіх рублёў выдаткаваў расійскі бізнесмен - заснавальнік і спонсар беларускай літаратурнай прэміі "Дэбют".

- У першую чаргу трэба адзначыць, што не так даўно разам са Зміцерам Яцкевічам, навуковым супрацоўнікам з Нацыянальнага гістарычнага архіва, я наведаў уласніка кнігі ў Маскве. У выніку дэталёвага вывучэння кнігі наш эксперт пацвердзіў, што дадзенае выданне сапраўды з'яўляецца помнікам кніжнай культуры ХVІ ст., і ў прыватнасці - не што іншае, як Статут Вялікага Княства Літоўскага з друкарні Мамонічаў. Акрамя таго, гэта ж пацвердзіў і эксперт з расійскага боку - навуковы супрацоўнік Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі Аляксандра Гусева, - кажа Аляксей Бацюкоў.

- З'явілася інфармацыя, што вы ўнеслі залогавы кошт за кнігу. Наколькі гэта было неабходна?

- Сапраўды, мы ўнеслі 10 працэнтаў ад кошту кнігі і такім чынам знялі яе з далейшага ўдзелу ў аўкцыёне. Гэта дазваляе не хвалявацца за тое, што ейны кошт вырасце ці нехта перакупіць выданне.

- Як вам падалося за час правядзення акцыі: наколькі цяжка сабраць такую істотную суму грошай, тым больш - на кнігу? Ці з разуменнем ставіцца грамадскасць да такой ініцыятывы і актыўна далучаецца да яе, у тым ліку самі магіляўчане?/i/content/pi/cult/380/7477/2-2.jpeg

- Вельмі радуе, што да справы па зборы сродкаў на набыццё Статута Вялікага Княства актыўна далучыліся гараджане. Я асабіста ведаю людзей, якія збіраюць сродкі ў арганізацыях, навучальных установах, прыватных фірмах. Цягам апошняга часу давялося пазнаёміцца з многімі прадпрымальнікамі, якія прыходзяць у наш музей і прапануюць сваю дапамогу. Што немалаважна, гэты працэс - няспынны. Пра тое сведчыць і інфармацыя з лічбамі сум грашовых пераводаў на банкаўскім рахунку музея, якая штодзённа абнаўляецца на нашым сайце.

- Не магу не запытацца пра стан кнігі, якая каштуе больш за 370 мільёнаў беларускіх рублёў...

- На жаль, гэты экзэмпляр Статута толькі часткова захаваўся. У прыватнасці, адсутнічаюць першыя шаснаццаць старонак выдання. На некаторых аркушах кнігі бачны сляды рэстаўрацыі, зробленай, хутчэй за ўсё, у ХХ стагоддзі. Астатняя яе частка захавалася добра, тэкст можна без цяжкасці прачытаць. Трэба сказаць, што ў калекцыі Музея гісторыі Магілёва таксама маецца шэраг старадрукаў, у тым ліку кнігі ХVІІ - ХVІІІ стагоддзяў, выдадзеныя на нашай зямлі. Аднак Статут ВКЛ стане, відавочна, адным з самых каштоўных экспанатаў музея. Пры гэтым кніга абавязкова трапіць у пастаянную экспазіцыю для ўсеагульнага доступу. Для гэтага ўжо сёння прадумваецца ажыццяўленне клімат-кантролю і адпаведнай сігналізацыі. Плануецца таксама яе адсканіраваць і зрабіць тым самым даступнай для даследчыкаў і аматараў кніжнай культуры нашай краіны...

На здымках: Аляксей Бацюкоў вывучыў стан кнігі ў Маскве; старонка са Статута ВКЛ.

Ці былі ў вашым рэгіёне падобныя прыклады паспяховага дзяржаўна-прыватнага партнёрства? Пішыце на адрас: 220013, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 77 або kultura@tut.by, тэлефануйце ў рэдакцыю па нумары 8-017-334-57-23, абмяркоўвайце тэму на www.facebook.com/kimpressby!

Нам важная менавіта ваша думка!

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"