“Карысная” плошча “Арт-мажору”

№ 22 (1045) 02.06.2012 - 08.06.2012 г

Дваццатая вясна фестывалю

/i/content/pi/cult/380/7474/2-1.jpg

"А юбілею было месца мала!" - так і хочацца, перафразаваўшы вядомую вясельную песню, сказаць пра фінальны гала-канцэрт ХХ Фестывалю мастацтваў "Арт-мажор" Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Вечарына пачалася ўжо на ганку Дзяржаўнага музычнага тэатра, дзе выступілі ансамбль акардэаністаў "Туцці" і другакурснікі кафедры харэаграфіі. Паказ дасягненняў ахапіў усе "карысныя" плошчы фае, уключаючы сцены і саму прастору, дзе фальклорны гурт "Баламуты" радасна "ўзбаламучваў" выстаўку студэнцкіх работ кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Ды ўсё ж эпіцэнтрам падзей стала, вядома, сцэна з залай. Тут, бы ў святочным карагодзе, мільгалі калектывы, салісты, харавыя, інструментальныя, танцавальныя нумары. Аднаго гэтага было дастаткова, каб пераканацца, што ў вядучай ВНУ культуры і мастацтваў рыхтуюць спецыялістаў усіх профіляў./i/content/pi/cult/380/7474/2-2.jpg

Каб прадставіць іх, фестываль, паводле традыцыі, доўжыўся больш за два месяцы. Але калі яго асобныя канцэрты былі прысвечаны выхаванцам пэўных кафедр, дык заключны акорд сабраў у вітальную гронку ўсё лепшае, што назапашана. Не забыліся і на прадстаўнікоў "немастацкіх" спецыяльнасцей, якія робяць велічэзны ўнёсак у развіццё культуры: тых жа навукоўцаў, бібліятэкараў. А як інакш, калі цяперашні форум праводзіўся ў рамках Года кнігі!

Сапраўды, кніг у тэатры было багата. Ды яшчэ якіх! Бібліятэка ўніверсітэта падрыхтавала адразу некалькі выставак: навуковай і творчай дзейнасці выкладчыкаў БДУКіМ (а гэта не толькі зборнікі, але і шматлікія манаграфіі), прыжыццёвых выданняў класікаў сусветнай і беларускай літаратуры. Пачэснае месца занялі і Якуб Колас з Янкам Купалам: іхняй спадчыне і літаратуры пра іх была прысвечана таксама асобная экспазіцыя. Надзвычай прыгожай атрымалася выстаўка "Беларусь у залатой вокладцы", дзе былі сабраны кнігі, што сталі пераможцамі нацыянальных і міжнародных конкурсаў. Не забыліся і на рарытэты, якія захоўваюцца ва ўніверсітэцкіх бібліятэчных фондах.

А вось канцэрт шмат у чым аказаўся "спяванкай": гучала шмат самых розных па стылі апрацовак беларускіх народных песень, выцягнутых з "бабуліных куфэркаў" і перакладзеных для любых складаў, уключаючы аркестравыя. Паміж нумарамі гучалі вершы, дэманстравалася відэа. Заключнай жа ўрачыстасцю стаў выхад рэктара БДУКіМ Барыса Святлова, які ўручыў дыпломы больш як дзесяці выкладчыкам - лаўрэатам "Арт-мажору-2012".

Фота Юрыя ІВАНОВА