Сіткам — праз стагоддзе

№ 22 (1045) 02.06.2012 - 08.06.2012 г

Новая дакументалістыка на тэлеэкране: ад “Губернскіх хронік” да “Справы №”

/i/content/pi/cult/380/7473/1-6.jpegАйчынная дакументалістыка на тэлеэкране ў хуткім часе атрымае чарговы штуршок да развіцця. Прынамсі, супрацоўнікі творчага аб'яднання "Тэлекіно", якое ўжо некалькі месяцаў дзейнічае пад эгідай Галоўнай дырэкцыі тэлевытворчасці Белтэлерадыёкампаніі, займаюцца стварэннем менавіта паўнавартасных дакументальных стужак. Галоўны рэжысёр аб'яднання Надзея ГАРКУНОВА, чые аўтарскія праекты добра вядомыя айчыннаму гледачу, распавяла карэспандэнту "К" пра новую структуру.

- Колькі гадоў таму ў структуры Белтэлерадыёкампаніі існавала аб'яднанне "Тэлефільм", якое займалася вытворчасцю не толькі дакументальнага, але і ігравога кіно. Творчае аб'яднанне "Тэлекіно" - "добра забытае старое"?

- Мне вельмі хацелася б, каб наша сённяшняя дзейнасць дасягнула таго ж поспеху, які ў свой час меў "Тэлефільм"! Створаныя на ім стужкі былі добра вядомыя па ўсім СССР, на іх вырасла некалькі пакаленняў прафесіяналаў тэлевізійнага кіно. На вялікі жаль, "Тэлефільм" быў закрыты на пачатку 2000-х, яго калектыў разышоўся па розных структурах ды тэлеканалах. Фактычна, "Тэлекіно" даводзіцца ствараць з пачатку. Але мэта засталася тая ж самая: стварэнне высакаякаснага мастацкага дакументальнага прадукту для тэлеканалаў.

- Дык якімі праектамі "Тэлекіно" мае здзівіць гледача?

- У бліжэйшых планах - іранічны гістарычны сіткам "Губернскія хронікі", заснаваны на дакументальным матэрыяле. У аснове пяцісерыйнага цыкла - архівы мінскага газетчыка і літаратара канца ХІХ - пачатку ХХ стагоддзя Дарафея Бохана. На аснове нататак гэтай асобы пра свецкае жыццё губернскага Мінска наш аўтар - гісторык Ксенія Луцкіна - падрыхтавала цікавы матэрыял, які мы ўбачылі ў выглядзе сітуацыйнай камедыі. Задача перад намі стаіць няпростая: сумясціць гістарычны матэрыял з ігравымі момантамі.

Таксама, спадзяюся, знойдзе сваё годнае месца ў эфіры і фільм пра Янку Купалу, які быў задуманы мною досыць даўно, і цяпер, у юбілейны год класіка, нарэшце, будзе зроблены. Стужкі пра Якуба Коласа, Максіма Танка ды іншых творцаў увойдуць ва ўжо запушчаны намі ў вытворчасць цыкл пад назвай "Абранае".

У планах таксама - экранныя версіі тэатральных спектакляў: мы будзем ствараць іх менавіта ў фармаце тэлекіно. І, канешне ж,  - ігравыя карціны...

- Якім чынам "Тэлекіно" знаходзіць тэмы для сваіх праектаў?

- "Губернскія хронікі" - станоўчы прыклад творчага заказу з боку тэлеканала "Беларусь 2" і яго прадзюсара Глеба Шульмана. У супрацоўніцтве з гэтым каналам "Тэлекіно" ўжо стварыла дзесяцісерыйны цыкл "Найвышэйшая мера" - пра найбольш рэзанансныя і складаныя крымінальныя справы ў найноўшай гісторыі Беларусі. Апошні цыкл мы рыхтавалі ў шчыльным кантакце са спецыялістамі з Міністэрства унутраных спраў, за што ім вялікая падзяка! Прычым, калі "Губернскія хронікі" - жанр для айчыннага тэлебачання абсалютна новы, то пры распрацоўцы цыкла на крымінальную тэматыку галоўным было адысці ад распаўсюджаных у гэтым жанры штампаў і стэрэатыпаў, што, лічу, нам у выніку ўдалося.

- Рэканструкцыя ходу расследавання цяжкіх правапарушэнняў - распаўсюджаная з'ява на тэлебачанні...

- У час працы галоўным для нас было - захаваць драматургічны падыход дакументаліста, пазбегнуць рэканструкцый, адлюстраваць менавіта эмацыйны стан усіх удзельнікаў кожнай з абраных гісторый. І ў выніку атрымалася сапраўднае кіно, што кранае гледача не пералічэннем фактаў ды крымінальнай хронікай, а лёсам людзей. Нездарма крыміналісты - удзельнікі здымак, якія звычайна ў падобных выпадках хаваюць твар ад тэлекамеры, не саромеліся выяўляць у кадры чалавечыя эмоцыі...

Такім чынам, "Тэлекіно" паступова развіваецца, хоць пакуль у нашым штаце няшмат людзей. Але тыя, хто ёсць, для нас вельмі каштоўныя. Напрыклад, нам пашанцавала з загадчыкам творча-пастановачнага аддзела, маладым кінадраматургам Кацярынай Лявонавай. Яшчэ адзін кінасцэнарыст, Вольга Шчукіна, працуе ў нас рэдактарам. Я запрасіла да супрацоўніцтва маладых рэжысёраў Уладзіміра Біндзюкова, Аляксея Вештарта, з намі ў камандзе і больш вопытны Уладзімір Маркевіч, які, дарэчы, займаецца "Губернскімі хронікамі"...

У нашай камандзе бракуе людзей спецыфічных кінематаграфічных прафесій, якія, напрыклад, прысутнічаюць у штаце "Летапісу" або "Белвідэацэнтра". Відавочна, патрабуюць перагляду, з улікам новых патрабаванняў тэлебачання, і расцэнкі аплаты працы. Карацей, апрача творчага працэсу даводзіцца займацца і адміністрацыйнымі пытаннямі.

- Чаго, на вашу думку, не хапае нашым прафесіяналам у сферы тэлебачання?

- Новае пакаленне тых, хто працуе цяпер на беларускіх тэлеканалах, цалкам адпавядае прафесійным нормам і патрабаванням, але вучыцца яму трэба не па састарэлых падручніках, а - непасрэдна на практыцы, побач з дзеючымі прафесіяналамі. Такім самым чынам у свой час адукавалася наша пакаленне: са сваім настаўнікам Віктарам Карпілавым мы праводзілі на працоўным месцы куды больш часу, чым ва аўдыторыях.

Для таго, каб павышаць свой прафесійны ўзровень, стваральнікам нашага тэлебачання цяпер востра не хапае ўнутрыцэхавага кантакту, які амаль знік у апошнія гады. Банальна, але вельмі хочацца сесці з калегамі, з тымі, хто ацэньвае нашу працу, за адзін стол, паглядзець адно аднаму ў вочы, бо ў апошнія гады са сферы нашага кіно сышоў непасрэдны кантакт, развагі ўнутранага цэху, якія хацелася б абавязкова вярнуць...