ПАЛАЖЭННЕ аб парадку арганізацыі і правядзення конкурсу эскізных праектаў помніка-бюста Максіму Танку ў г. Мядзеле

№ 22 (1045) 02.06.2012 - 08.06.2012 г

З нагоды 100-годдзя з дня нараджэння народнага паэта нашай краіны Максіма Танка Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь абвясціла правядзенне конкурсу эскізных праектаў помніка-бюста класіку ў Мядзеле. Друкуем Палажэнне, што рэгламентуе парадак арганізацыі і правядзення творчага спаборніцтва.

ЗАЦВЕРДЖАНА

Загад

Міністэрства культуры

Рэспублікі Беларусь

16 мая 2012 г.

1. Мэтай конкурсу эскізных праектаў помніка-бюста Максіму Танку ў г. Мядзеле (далей — конкурс) з’яўляецца пошук найбольш выразнага вобраза класіка беларускай літаратуры, Героя Сацыялістычнай Працы, народнага паэта Беларусі Максіма Танка (Яўгена Іванавіча Скурко).

2. Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і ўстанова адукацыі “Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў”.

3. Удзельнікамі конкурсу могуць быць скульптары, якія маюць адпаведную прафесійную адукацыю.

4. Кампазіцыйнае і пластычнае выкананне помніка павінна быць вытрымана ў найлепшых традыцыях класічнага і нацыянальнага манументальнага мастацтва.

5. Конкурсныя матэрыялы павінны быць прадстаўлены на цвёрдым планшэце памерам 1,0 х 1,0 м, мець сціслую тлумачальную запіску з абгрунтаваннем прапануемага праекта, візуалізацыю архітэктурна-пластычнага рашэння помніка і мадэль помніка ў маштабе.

6. У мэтах захавання ананімнасці аўтараў конкурсныя матэрыялы прадстаўляюцца пад чатырохзначным нумарам, які ўказваецца на ўсіх матэрыялах у левым верхнім вуглу, а таксама на аўтарскім канверце.

У запячатаны канверт укладваюцца інфармацыйны ліст, які змяшчае прозвішча, асабістае імя, імя па бацьку, а таксама адрас і кантактны тэлефон удзельніка альбо калектыву ўдзельнікаў конкурсу.

Пры парушэнні ўмоў конкурсу, правілаў афармлення і прадстаўлення конкурсных матэрыялаў праект адхіляецца ад разгляду.

7. Для прыняцця ўдзелу ў конкурсе ў тэрмін па 22 чэрвеня 2012 г. уключна падаецца заяўка па форме згодна з дадаткам да сапраўднага Палажэння на адрас: г. Мінск, пр. Пераможцаў, 11, каб. 316; кантактны тэлефон: + 375 17 203 91 31.

Конкурсныя матэрыялы павінны быць прадстаўлены аўтарамі 22 чэрвеня 2012 г. не пазней за 17.00 гадзін па адрасе: г. Мінск, пр. Незалежнасці, 81, галерэя Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

8. Конкурсныя матэрыялы разглядаюцца журы на закрытым пасяджэнні не пазней за 29 чэрвеня 2012 г. Склад журы зацвярджаецца загадам Міністэрства культуры.

9. Рашэнне прымаецца ў прысутнасці не менш паловы склада журы адкрытым галасаваннем простай большасцю галасоў прысутных. Пры роўнай колькасці галасоў “за” і “супраць” голас старшыні журы з’яўляецца вырашальным. Рашэнне журы афармляецца пратаколам, што падпісваецца ўсімі членамі журы, якія прынялі ўдзел у галасаванні.

Аўтарскія канверты распячатваюцца пасля вынясення рашэння журы па выніках конкурсу, што даводзяцца да ўсіх яго ўдзельнікаў шляхам адпраўкі пісьмовага адказу па пошце.

10. Пасля заканчэння работы журы конкурсныя матэрыялы вяртаюцца аўтарам.

11. Пераможца конкурсу атрымлівае права на стварэнне помніка-бюста.

Узор заяўкі на ўдзел у конкурсе можна будзе знайсці на сайце Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь: www.kultura.gov.by.