Песні, опера, балет

№ 22 (1045) 02.06.2012 - 08.06.2012 г

На тры дні Маладзечна стане сапраўднай Меккай беларускай песеннасці: 8 — 10 чэрвеня тут пройдзе ХІІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі.

У яго праграме — як традыцыйныя складнікі, накшталт конкурсу маладых выканаўцаў, шматлікіх паэтычных сустрэч і выступленняў юных выканаўцаў, так і новыя цікавыя прэзентацыі. Дый распачнецца свята яшчэ напярэдадні, калі на сцэну канцэртнай залы тамтэйшага Палаца культуры выйдзе сімфанічны аркестр Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага. Повязь нацыянальнай класікі працягнецца і ў іншых праграмах, трыумфальна паўстаўшы ў канцэрце “Хіт-класіка беларускай музыкі”, які правядуць шматлікія камерныя склады Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі.

Сам жа славуты калектыў на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Фінбергам па праве стане "эпіцэнтрам" песенных падзей. З аркестрам выступяць канкурсанты, прайшоўшы выпрабаванне не толькі на вакальныя даныя, але і на пачуццё музычнага партнёрства. Аркестр запаліць і “Дзве яркія зоркі” — менавіта так названы гала-канцэрт адкрыцця фестывалю, прысвечаны 130-годдзю Янкі Купалы і Якуба Коласа. Правядзе ён і канцэрт песні ды джазавай музыкі. А вось закрыццём стане гала-канцэрт “Залатая калекцыя беларускай песні”, падрыхтаваны Маладзёжным тэатрам эстрады. Гэты праект, распачаты па ініцыятыве і пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі, ужо неаднойчы выходзіў на самыя прэстыжныя сцэны рэспублікі.

Адметнасцю стане і рок-опера “Курган” Ігара Лучанка паводле купалаўскай паэмы “Гусляр”, адноўленая Андрэем Скарынкіным, які сабраў на гэты творчы праект каманду музыкантаў і неаднойчы дэманстраваў яго ў розных гарадах. Працягам “оперы” стане “балет” — канцэрт Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі.

Прыстанкамі песні і паэзіі будуць у дні фестывалю і купалаўскія мясціны — філіялы Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, — вёскі Вязынка і Яхімоўшчына.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"