Каралеўская перамога!

№ 22 (1045) 02.06.2012 - 08.06.2012 г

Днямі з Бруселя прыйшла добрая вестка: наш Арцём Шышкоў стаў лаўрэатам Міжнароднага конкурсу імя каралевы Елізаветы ў Бельгіі.

Гэты конкурс — папраўдзе асаблівы. Ён зусім не выпадкова лічыцца “каралеўскім”, застаючыся самым буйным і надзвычай прэстыжным. Доўжыцца ён — практычна месяц, а тураў у ім — ажно чатыры.

Сёлетні конкурс быў юбілейным, прайшоўшы ажно ў 75-ы раз. Ён сабраў 78 скрыпачоў, з якіх да апошняга тура дайшлі 12. Лаўрэатамі ж сталі толькі шасцёра. Таму і адчуваем такі гонар, што сярод пераможцаў — наш скрыпач, выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і магістратуры пры ёй па класе прафесара Эдуарда Кучынскага, які працягвае навучанне ў Вене, у аспірантуры.

Дадамо, што і скрыпка ў Арцёма — беларуская. Зробленая італьянцам Андрэа Гварнеры ў ХVII стагоддзі, яна была набыта нашай краінай на спонсарскія сродкі і перададзена Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь у Акадэмію музыкі.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"