Тыдзень медыяфоруму

№ 22 (1045) 02.06.2012 - 08.06.2012 г

Цягам чатырох дзён — з 28 па 31 мая — у нашай краіне праходзіў VII Беларускі міжнародны медыяфорум. У сваім прывітальным слове на адрас яго ўдзельнікаў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэтая падзея заваявала аўтарытэт як дыялогавая пляцоўка для абмеркавання актуальных пытанняў геапалітыкі, грамадскага жыцця, развіцця сродкаў масавай інфармацыі.

/i/content/pi/cult/380/7465/2_2.jpegФорум сабраў больш за сто ўдзельнікаў з шаснаццаці краін СНД, Прыбалтыкі, Кубы, Кітая, Індыі, Венесуэлы. Пленарнае пасяджэнне сабрала амаль 500 дэлегатаў.

Пад час сустрэч і дыскусій выпрацоўваліся падыходы да асвятлення падзей у сродках масавай інфармацыі як у Еўразійскай, так і ў сусветнай прасторы наогул. На пленарным пасяджэнні кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта краіны Уладзімір Макей адзначыў перспектыўнасць працэсаў аб’яднання ў міждзяржаўнай прасторы. “Будуючы нашу будучыню, мы не павінны забывацца, што было ў нас раней, якая ў нас гісторыя. А гісторыя ў нас — агульная”, — сказаў Уладзімір Макей пра еўрапейскую інтэграцыю.

Пад час пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаўных інфармацыйных агенцтваў СНД, якое адбылося ў панядзелак, генеральны дырэктар ІТАР-ТАСС Віталь Ігнаценка адзначыў, што інфармагенцтвы Садружнасці зацікаўлены быць аднымі з найсучасных у свеце, каб не страціць пазіцыі лідараў. Разам з тым, міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алег Праляскоўскі адзначыў высокі ўзровень супрацоўніцтва між дзяржаўнымі інфармагенцтвамі СНД.

На асаблівую ролю СМІ ў асвятленні гуманітарнага і культурнага складніка жыцця грамадства звярнуў увагу выканаўчы дырэктар Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Армэн Смбацян. А дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота сказаў: “Вельмі важна і знакава, калі разам збіраюцца людзі, аб’яднаныя адной прафесіяй, ідэяй, каб абмеркаваць, зразумець, асэнсаваць працэсы, што адбываюцца ў свеце”.

Для будучых прафесіяналаў у сферы СМІ значным досведам стаў удзел у працы Летняй школы журналістыкі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. А госці форуму з замежжа змаглі пазнаёміцца з пракаветнай калыскай беларускай дзяржаўнасці — Полацкам, які літаральна днямі адзначыў 1150 гадоў з часу першай згадкі ў летапісах. Таксама госці медыяфоруму наведалі купалаўскую Вязынку і сталічны Літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа.

У выніковай рэзалюцыі медыяфоруму, у прыватнасці, адзначаецца імклівы рост інфармацыйных абменаў як адной з асновавызначальных характарыстык сучаснасці. Упоравень з развіццём фінансавых рынкаў і глабальных інфраструктур камунікацыйныя тэхналогіі і тэхналогіі масавай інфармацыі робяць свет больш узаемазалежным і дынамічным.

На здымку: пад час пленарнага пасяджэння.