“Вы заўсёды можаце перамагчы, таму што вы — таленавітыя”

№ 22 (1045) 02.06.2012 - 08.06.2012 г

28 мая ў Палацы Рэспублікі Кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з навучэнцамі і студэнтамі — пераможцамі міжнародных прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў і фестываляў, лаўрэатамі спецыяльных фондаў Прэзідэнта Беларусі. Сустрэча, паводле традыцыі, распачалася з калектыўнага здымка на памяць.

/i/content/pi/cult/380/7464/1_1.jpegАляксандр Лукашэнка павіншаваў маладых людзей з тымі дасягненнямі, якія яны здзейснілі цягам навучальнага года. І перамогі гэтыя, на думку Прэзідэнта, — невыпадковыя, бо падтрымка адоранай моладзі ў Беларусі з’яўляецца адным з найгалоўнейшых кірункаў сацыяльнай палітыкі дзяржавы.

— Вызначаючы прыярытэты развіцця, мы зрабілі стаўку на талент і інтэлект. Калі ў нашых суседзяў толькі фарміруюцца нацыянальныя сістэмы выяўлення і развіцця маладых талентаў, то ў Беларусі гэтая сістэма працуе ўжо другое дзесяцігоддзе, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым у сваім выступленні Прэзідэнт краіны закрануў і досыць праблемнае пытанне, звязанае з далейшым лёсам таленавітых навучэнцаў. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў свой час даручыў стварыць банк даных таленавітай моладзі, каб здольнасці творчых асоб былі заўсёды запатрабаваны ў краіне ў розных сферах дзейнасці. На сёння ў гэтым банку даных, па словах прысутнага на сустрэчы міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргея Маскевіча, прадстаўлена ўжо больш за пяць з паловай тысяч чалавек.

— А колькі з гэтых пяці з паловай тысяч чалавек запатрабаваны ў нашай краіне, працаўладкаваны, працуюць у адпаведнасці са сваім талентам? Упэўнены, дакладна не адкажа ніхто, — зазначыў Кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адзін аспект, на якім, у прыватнасці, засяродзіў у сваім выступленні ўвагу Прэзідэнт краіны, датычыўся сферы айчыннай культуры. На думку Аляксандра Лукашэнкі, менавіта энергія маладых павінна надаць новы імпульс развіццю беларускага мастацтва.

— Сёння важна не толькі захоўваць традыцыі, але і ствараць культурнае аблічча нашай эпохі, заахвочваць сучасныя мастацкія напрамкі. Важна прадаставіць моладзі творчую свабоду, прызнаўшы за ёю права на ўласнае бачанне свету, — заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што для таго, каб новыя імёны сталі папулярнымі на сваёй Айчыне, сумеснымі намаганнямі дзяржавы, прадзюсараў і дзеячаў мастацтваў будуць стварацца ўмовы для цывілізаванага шоу-бізнесу.

— Маладзёжны тэатр эстрады ператворыцца ў прадзюсарскі цэнтр, які дапаможа перспектыўным выканаўцам стаць сапраўднымі прафесіяналамі, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — А пастаянную прапіску на тэлебачанні атрымаюць вядомыя праекты як “Я пяю”, “Акадэмія талентаў” ды іншыя...

Звяртаючыся да маладых людзей, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што таленавітыя людзі ў першую чаргу павінны быць запатрабаваны ў сваёй краіне:

— Мы вас знайшлі, выявілі, развілі ваш талент, дык чаму мы не можам скарыстацца гэтым талентам унутры краіны для развіцця нашай дзяржавы? Калі хтосьці едзе за мяжу — калі ласка, але дзяржава гэта павінна арганізоўваць і ад гэтага атрымліваць эфект. Але мне дакладваюць, што нават маладыя людзі, якія выехалі за мяжу і атрымалі там адукацыю па спецыяльнасцях, якіх у нас у ВНУ няма, не могуць вярнуцца сюды і нармальна працаўладкавацца, таму што не ўрэгуляваны пытанні з дыпломамі. Калі добры спецыяліст прыехаў з-за мяжы, якая розніца, які ў яго дыплом! — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуўся да моладзі са словамі падтрымкі на шляху да новых перамог.

— Вы — сапраўды вялікія людзі. Але памятайце: мы вас будзем весці за руку да пары, да часу. А потым і вам трэба ў гэтым жыцці канкурыраваць, змагацца, і вы заўсёды можаце перамагчы, таму што вы — таленавітыя. Бо талент — гэта адзін-два працэнты поспеху, а ўсё астатняе — страшэнная, дзікая праца, — падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Напрыканцы сустрэчы беларускі Лідар пажадаў удзельнікам мерапрыемства далейшых поспехаў, а пасля лепшыя з лепшых — уладальнікі першых прэмій міжнародных творчых спаборніцтваў і алімпіяд — атрымалі з рук Кіраўніка дзяржавы дыпломы, пасведчанні і нагрудныя знакі лаўрэатаў спецыяльных фондаў Прэзідэнта Беларусі.

Фота Мікалая ПЯТРОВА, БелТА

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"