Канны, “якія яны ёсць”

№ 22 (1045) 02.06.2012 - 08.06.2012 г

З 16 па 27 мая, як вядома, прайшоў Канскі кінафестываль. Для нашай краіны прэстыжны сусветны форум бягучага года стаў, па многіх параметрах, дэбютным: у конкурснай праграме быў упершыню паказаны сучасны беларускі фільм “У тумане” паводле твора Васіля Быкава. І — не толькі паказаны, але і пашанотна ўганараваны прызам Міжнароднай асацыяцыі кінакрытыкаў FIPRESCI. Але казаць пра беларускую “кінаэкспансію” ў Каннах яшчэ рана… Сённяшняя гутарка — пра здабыткі, праблемы і перспектывы развіцця нашага нацыянальнага кінематографа, стан спраў у якім выявіў, як у павелічальным шкле, міжнародны кінафорум. На пытанні “К” адказвае намеснік дырэктара — начальнік упраўлення кінавідэамастацтва Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Святлана ШЫЦІКАВА.

/i/content/pi/cult/380/7460/6_1.jpegДэбют на "чырвонай дарожцы". Што далей?

— Святлана Уладзіміраўна, колькі слоў пра самыя яркія ўражанні ад Канскага кінафестывалю, у рабоце якога вы прынялі ўдзел. Наколькі прадстаўнічым быў сёлета гэты знакавы форум? І якія тэндэнцыі развіцця сённяшняга кінамастацтва ён акрэсліў?

— Міжнародны Канскі фестываль — адно з найстарэйшых і самых прэстыжных у свеце кінематаграфічных святаў. Так што гэты штогадовы форум прадстаўнічы проста па вызначэнні. За 65 гадоў яго існавання і слаўная гісторыя склалася, і сталыя традыцыі сфарміраваліся. Словам, гэта фестываль класа "А".

Ён з’яўляецца адным з нямногіх кінематаграфічных мерапрыемстваў, якое задае стыль сучаснага кінематографа, расстаўляе прыярытэты і вызначае тэндэнцыі сусветнага мастацтва экрана…

Прадстаўнічым быў, канешне ж, і ўзровень фільмаў. З той простай прычыны, што ў сёлетняй фестывальнай праграме былі заяўлены імёны выбітных рэжысёраў, за творчасцю якіх гледачы назіраюць не адно дзесяцігоддзе. І хтосьці з гэтых майстроў, натуральна, фарміраваў кінематаграфічную плынь свайго часу...

Калі казаць канкрэтней, карціны ў бягучым годзе распавядалі нам пра “жыццё, якое яно ёсць”, указваючы на простыя, але, як вядома, надзвычай важныя каштоўнасці, на тое, што робіць наша існаванне менавіта Жыццём.

У фестывальнай палітры славутых імёнаў не было, так бы мовіць, фаварытаў, а ў рэжысуры не назіралася яўных ставак на пластычнае вырашэнне фільмаў, на акцэнтацыю іх стылістыкі. Сёлета аўтары прытрымліваліся традыцыйных рашэнняў ды інтэрпрэтацый высокіх жыццёвых тэм. І вынікі кінафестывалю аптымістычна засведчылі, што паўсюль і заўжды перамагае "Каханне" (рэжысёр — Міхаэль Ханэке), а мы можам дадаць, што каханне — гэта "Усё, што нам трэба" (стужка рэжысёра — Івана Паўлава)…

Самыя яркія ўражанні звязаны з тым, што ўпершыню за 65 гадоў фестывальнай гісторыі беларуская дэлегацыя прайшла па “чырвонай дарожцы” Палаца фестываляў! Скажу асабіста пра сябе: адчула… не, не хваляванне, а — радасць і захапленне. Упершыню фільм, створаны пры ўдзеле Нацыянальнай кінастудыі, увайшоў у асноўную конкурсную праграму знакавага фестывалю. Гэта, канешне ж, вялікая перамога і пэўны этап развіцця ў айчынным кінематографе… Знаходзішся на праглядзе ў Вялікім тэатры Люм’ераў больш чым на дзве тысячы месцаў, бачыш пачатковыя цітры фільма "У тумане", чытаеш сярод вытворцаў: "Беларусьфільм ... Вось тут і перапаўняюць радасць, гонар… Гонар за нашу кінастудыю, айчыннае кіно і ўсю Беларусь.

 — А як ставіцеся да таго, што фестываль у Каннах называюць досыць кансерватыўным?

— Я казала ўжо, што ў сёлетняй праграме былі і надзвычай моцныя карціны. Але пасля прагляду асобных у зале стаяў свіст… Так, Канскі фестываль — даволі кансерватыўны. Аднак публіка тут не саромеецца выказваць эмоцыі, уражанні, словам, з’яўляецца своеасаблівай лакмусавай паперкай, што дае дакладную ацэнку ўбачанаму… Пасля прагляду фільма Лазніцы авацыі доўжыліся аж пятнаццаць хвілін! У многіх прысутных цяклі слёзы радасці, і ніхто не выйшаў з залы раней за канец прагляду.

 — Карціне рэжысёра Сяргея Лазніцы “У тумане” (знятай у капрадукцыі пры ўдзеле “Беларусьфільма”) прысуджаны прыз Міжнароднай асацыяцыі кінакрытыкаў FIPRESCI. Як вы лічыце, гэтая стужка паводле твора Васіля Быкава — першы канкрэтны крок нашага кінамастацтва да будучых канскіх лаўраў? І што, на ваш погляд, сёння неабходна зрабіць, каб наша нацыянальнае кіно стала самастойным, канкурэнтаздольным і займела сусветную славу? Якія праблемы варта вырашыць, каб беларускія рэжысёры і акцёры не з’язджалі ў замежжа?

— Галоўны прыз FIPRESCI — вельмі высокая і годная ўзнагарода, якую журы прысуджае выключна за мастацкія якасці фільма. Так што прыз мае для нас асаблівае значэнне, бо FIPRESCI ўручае свае прызы на 80-і міжнародных кінафестывалях свету. Іх атрымліваюць выбітныя рэжысёры ўсіх часоў за свае не менш выбітныя творы кінематаграфічнага мастацтва. Быць у ліку такіх творцаў — вялікі гонар...

Фільм Сяргея Лазніцы "У тумане" — гэта перш за ўсё фестывальнае кіно, кіно не для масавага гледача, арт-хаус, калі жадаеце. Такіх стужак ствараецца заўжды няшмат, і яшчэ меншая іх колькасць вартая асаблівага глыбіннага разгляду.

Рэалізацыя праекта "У тумане" стала для нас неацэнным досведам у стварэнні карцін падобнага ўзроўню. Фільм зроблены ў традыцыйнай стылістыцы, у нейкай ступені — у лепшых традыцыях беларускага кінематографа.

Безумоўна, асаблівым гонарам для нас з’яўляецца наяўнасць беларускага складніка ў дадзеным кінапраекце. Мала таго, што карціна знята па аднайменным творы класіка нашай нацыянальнай літаратуры Васіля Быкава, яна мае, да таго ж, і іншыя “беларускія прыкметы”: аўтар сцэнарыя і рэжысёр Сяргей Лазніца — выхадзец з Брэсцкай вобласці; гукарэжысёр фільма Уладзімір Галаўніцкі — таксама наш суайчыннік, сапраўдны майстар, здольны ствараць асаблівую гукавую драматургію твораў; галоўную ролю ў карціне выканаў таксама беларус — Уладзімір Свірскі, які скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Ды плюс — актыўны ўдзел “Беларусьфільма” ў рэалізацыі праекта…

— І тым не менш, якім чынам варта замацоўваць поспех?

— Неабходна ўпарта і шмат працаваць і шчыра любіць нацыянальны кінематограф… Міністэрства культуры цягам года зрабіла многае для таго, каб забяспечыць выкананне лёсавызначальных дакументаў, скіраваных на перспектыўнае развіццё беларускага кіно. Маю на ўвазе Указы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 145 і № 567, скіраваныя на ўдасканаленне спраў у кінавытворчасці, а таксама — Закон аб кінематаграфіі, пастанову Савета Міністраў, якая зацвярджае Палажэнне аб конкурсе кінапраектаў…

Якую праблему трэба вырашаць найперш? Адказ просты: неабходна ствараць такія ўмовы, пры якіх кінематаграфісты самі захацелі б тут працаваць. Зазначу і вось што: ад’езд нашых спецыялістаў за мяжу — гэта далёка не заўжды адмоўны фактар. Бо хтосьці ж едзе па пэўны досвед, па практыку. І калі гэтыя творцы потым вяртаюцца, каб развіваць айчынны кінематограф, значыць, наша мэта — дасягнута.

— Як яшчэ былі выкарыстаны магчымасці Канскага фэсту для ўмацавання аўтарытэту кінасферы Беларусі?

— Апрача ўласна кінафоруму, у Каннах дзейнічае адкрытая пляцоўка для прэзентацыі сваёй краіны, кінадасягненняў, для дэманстрацыі прадукцыі кінавытворчых арганізацый. На гэтай пляцоўцы ідзе абмен вопытам, наладжваюцца кантакты для рэалізацыі новых цікавых праектаў. Натуральна, мы не застаёмся ўбаку ад усіх гэтых важных працэсаў. Па ініцыятыве міністра культуры Рэспублікі Беларусь Паўла Латушкі апошнія два гады наша краіна адкрывае ў Каннах Нацыянальны павільён. Арганізатарамі яго з’яўляюцца Міністэрства культуры, Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфiльм", “Беларускі відэацэнтр” пры падтрымцы Пасольства Беларусі ў Францыі. Мы ўдзячныя і тэлеканалу “АНТ” за тое, што была знойдзена магчымасць накіраваць сёлета ў Канны здымачную групу для аператыўнага асвятлення фестывальных мерапрыемстваў.

У бягучым годзе ў нашым павільёне прайшлі прэзентацыі некалькіх фільмаў для кінакрытыкаў, прадзюсараў, дыстрыб’ютараў на кінарынку: сумеснага з удзелам "Беларусьфiльма" "Адзінокага вострава" (рэжысёр — Пеэтэр Сім; Беларусь, Эстонія, Латвія), а таксама сумеснай — з удзелам “Беларускага відэацэнтра” — стужкі "Пантофлікі” (рэжысёр — Канстанцін Фам; Беларусь, Чэхія, Польшча, Ізраіль, Францыя, ЗША). Упершыню за апошнія гады “Беларусьфiльм” і “Белвідэацэнтр” выдалі каталогі ігравых, неігравых і анімацыйных фільмаў, створаных з 2000-га па 2011 год. Каталогі таксама былі прадстаўлены ў павільёне.

— І наколькі выніковымі аказаліся ўсе гэтыя рэкламныя захады?

— Канешне, мы разумеем: нельга атрымаць усё і адразу. Але я пераканана, што мы знаходзімся на правільным шляху, і хутка нас чакае актыўнае міжнароднае супрацоўніцтва. Беларусь адкрыта для рэалізацыі сумесных праектаў, для гэтага ў нас ёсць вялікі творчы патэнцыял, магутныя тэхнічныя магчымасці, а таксама — эканамічныя стымулы для прыцягнення айчынных і замежных партнёраў.

Прадстаўнікоў “Беларусьфiльма”, якія другі год запар цягам дзесяці дзён працавалі ў павільёне фестывальнай вёскі, пазнавалі сёлета каманды з іншых краін. І гэта прыемна, калі ўлічыць, што ў 2010-м нас не было ў Каннах увогуле.

— Якімі навінкамі ў бліжэйшы час парадуе айчынная кінавытворчасць? Як “Беларусьфільм” мяркуе творча-вытворча развівацца ў перспектыве?

— Літаральна пару дзён таму ў Дэпартаменце па кінематаграфіі завяршыўся прыём заявак на Адкрыты рэспубліканскі конкурс кінапраектаў па стварэнні нацыянальных фільмаў і фільмаў у рамках сацыяльна-творчых заказаў. Вы ведаеце, што конкурс праводзіцца ўпершыню, і гэта азначае, што з бягучага года кінапраекты, якія прэтэндуюць на поўную ці частковую дзяржаўную фінансавую падтрымку, будуць разглядацца на конкурснай аснове. Зараз конкурсная камісія, у якую ўваходзяць дзеячы культуры і мастацтваў, тэатральныя і кінарэжысёры, кіназнаўцы, акцёры, прадзюсары, рэдактары дзяржаўных і прыватных кінавытворчых кампаній, разглядае кінапраекты ігравых, неігравых і анімацыйных фільмаў.

Мы спадзяёмся, што вынікі конкурсу нас не расчаруюць… Цікавыя праекты — ёсць. І ёсць недзяржаўныя кампаніі, якія мы раней не ведалі... Галоўнае, на што мы будзем звяртаць асаблівую ўвагу ў выбары таго або іншага кінапраекта, — гэта мастацкая якасць сцэнарыя і, калі мы кажам пра сумесны праект, — яго пазітыўны ўплыў на імідж Беларусі, магчымасць актыўнага прасоўвання карціны. Лічу, што для “Беларусьфiльма” як адной з вядучых кінастудый Усходняй Еўропы такая конкурсная аснова — неблагі стымул для далейшага развіцця і канкурэнтаздольнасці…

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Уражанне

Як застацца на фестывалі?

Юрый ІГРУША, дырэктар “Беларускага відэацэнтра”:

— Праходжанне па канскай “чырвонай дарожцы” выклікала буру эмоцый. У мяне, да прыкладу, у той момант з’явілася пераканаўчае адчуванне таго, што пачаўся новы этап развіцця беларускага кіно. Менавіта ад гэтага ўсведамлення і ўзніклі ўсе хваляванні… Пройдзены сапраўды вялікі шлях да таго, каб трапіць у еўрапейскі кінаасяродак з цікавым, паўнавартасным міжнародным праектам. Зразумеў тады і тое, што галоўная наша задача — у тым, каб беларускае кіно не проста пакінула след на славутай “чырвонай дарожцы”, а трывала засталося на форуме...

 

“Адзінокі востраў” —на форуме класа "А"

Як стала вядома, сумесны беларуска-латвійска-эстонскі фільм “Адзінокі востраў” будзе паказаны ў конкурснай праграме 34-га Маскоўскага міжнароднага кінафестывалю, які пройдзе 21 — 30 чэрвеня. Прэзентацыя стужкі адбудзецца ў маскоўскім кінатэатры “Кастрычнік”. У апошні раз наша Нацыянальная кінастудыя “адзначылася” ў конкурснай праграме названага фэсту ў 1986 годзе. Карціна Элема Клімава “Ідзі і глядзі” атрымала тады ўсе галоўныя прызы кінафоруму класа “А”.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"