Зверка курсу. Праблемы культуры — у ракурсе прэзідэнцкай увагі

№ 43 (809) 27.10.2007 - 02.11.2007 г

22 кастрычніка Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам міністра культуры РБ Уладзіміра Матвейчука. Гутарка вялася не толькі пра дасягненні беларускай культуры за амаль прамінулы ўжо год. Цягам сустрэчы абмяркоўваліся і планы ды задачы на бліжэйшую перспектыву, некаторыя з якіх без ваганняў можна назваць грандыёзнымі.

Справаздача стала свайго кшталту “зверкай курсу” беларускай культуры з тымі патрабаваннямі, якія ўскладаюць на яе грамадства і дзяржава, сведчаннем таго, што рух ідзе ў правільным напрамку.
На ІІІ Усебеларускім народным сходзе Прэзідэнт у сваім дакладзе вызначыў стратэгічны курс развіцця краіны, усяго яе народна-гаспадарчага комплексу, у тым ліку, і культуры, — падкрэсліў у гутарцы з карэспандэнтам “К” Уладзімір Матвейчук. — І мы паступова выконваем пастаўленыя перад намі задачы. Пра гэта сведчаць і асноўныя нашы паказчыкі за гэты год, абумоўленыя галіновай праграмай. Хаця, вядома, сустракаюцца і пэўныя праблемы — напрыклад, рамонт і будаўніцтва аб’ектаў культуры ў аграгарадках. Тут мы залежныя ад мясцовага фінансавання. Але ўпэўнены, што да канца года сітуацыю нам удасца цалкам выправіць.Карэспандэнт “К” папрасіў міністра культуры РБ падрабязней спыніцца на тых праектах і ініцыятывах, адлік якім пачала сустрэча з Кіраўніком дзяржавы. 

Другое нараджэнне Тэатра оперы і балета
Найважнейшы пачын беларускай культуры за апошні час — рэканструкцыя будынка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета. Гэты аб’ект ад самага пачатку знаходзіўся на кантролі ў Прэзідэнта. Таму заканамерна, што Кіраўнік дзяржавы праявіў пільную ўвагу да ходу будаўнічых прац і падчас сустрэчы з міністрам культуры.Чакаецца, што ў лістападзе Аляксандр Лукашэнка наведае будынак тэатра, каб асабіста азнаёміцца з першачарговымі вынікамі рэканструкцыі.19 кастрычніка спецыяльная камісія распачала прыём першай чаргі абноўленага опернага тэатра. Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу скончыць усе працы ўжо да снежня наступнага года. Агульны іх кошт перавысіць 130 мільярдаў рублёў, з якіх 70 мае быць асвоена сёлета.Калектывы тэатраў оперы і балета выступілі з прапановай аб’яднання дзвюх устаноў у адну. І паколькі яна была падтрымана Кіраўніком дзяржавы, ужо ў наступным годзе беларускія опера і балет будуць існаваць не толькі пад адным дахам, але і як адзіны арганізм. 

Вехі беларускай дзяржаўнасці ў залах музея
Неўзабаве пасля “другога нараджэння” Тэатра оперы і балета будзе распачаты чарговы вялікі праект. Міністэрства культуры РБ звярнулася да Кіраўніка дзяржавы з прапановай аб стварэнні музея, які прэтэндаваў бы на статус вядучага ў краіне — Нацыянальнага гістарычнага. Ён паўстане на аснове Нацыянальнага музея гісторыі і культуры— Абновіцца ўсё — і канцэпцыя, і яе экспазіцыйнае вырашэнне, і матэрыяльная база, — патлумачыў Уладзімір Матвейчук. — Наведвальнік музея здолее прасачыць гісторыю станаўлення беларускай дзяржаўнасці ад самых старажытных часоў да атрымання незалежнасці і ўвядзення інстытуту прэзідэнцтва. У экспазіцыі будуць адлюстраваны і даўніна, і сучаснасць нашага краю.Прэзідэнт ухваліў гэтую прапанову. Таму першыя крокі па стварэнні Гістарычнага музея ўжо робяцца. Прынята рашэнне перадаць Музей прыроды і экалогіі, які сёння кватаруе пад дахам Нацыянальнага музея гісторыі і культуры, Міністэрству прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Гарадскія ўлады павінны знайсці для яго іншае памяшканне, што дазволіць вызваліць каля 700 кв. метраў экспазіцыйных плошчаў у будынку па вуліцы Карла Маркса.
А з часам распачнецца капітальны рамонт і рэстаўрацыя другога музейнага будынка па вуліцы Фрунзе. Ужо ў 2008 або 2009 годзе гэты аб’ект мае быць уключаны ў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму. Дарэчы, аб’ём сродкаў, прадугледжаны ёю для будаўніцтва і рэканструкцыі ўстаноў культуры, год ад году ўзрастае. У 2005 годзе ён склаў 22 мільярды рублёў, летась — ужо 70, сёлета — 116, а ў наступным годзе дасягне 160 мільярдаў.
Несумненна, што высілкі і выдаткі, неабходныя дзеля стварэння новага музея, прынясуць свой плён — яны шматкроць акупяцца ўвагай наведвальнікаў. Характарызуючы агульны стан музейнай галіны, міністр культуры РБ адзначыў:— Статыстыка наведванняў сведчыць за тое, што без выкарыстання адміністратыўных рэсурсаў музеі сталі папраўдзе запатрабаванымі. Прычын тут некалькі, але, мусіць, асноўная з іх — дабрабыт нашага насельніцтва. 

Прэстыжны форум — толькі для лепшых
Станоўча ацаніўшы вынікі творчай акцыі “За незалежную Беларусь”, Кіраўнік дзяржавы падтрымаў ідэю правядзення ў наступным годзе новай глабальнай ініцыятывы пад дэвізам “Мы — беларусы”.
Яе геаграфія не абмяжуецца толькі тэрыторыяй нашай краіны — плануецца, што імпрэзы акцыі пройдуць і ў суседніх дзяржавах. Першыя захады ў гэтым напрамку ўжо робяцца.Заканамерна, што ў поле ўвагі Аляксандра Лукашэнкі патрапіла і фестывальная дзейнасць. У прыватнасці, Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на неабходнасць зрабіць крытэрыі адбору артыстаў на “Славянскі базар у Віцебску” больш жорсткімі — ці, іншымі словамі, адпаведнымі маштабу і статусу фестывалю.
— Прагнучы задзейнічаць як мага болей айчынных выканаўцаў, мы ў пэўнай меры знізілі мастацкі ўзровень некаторых праграм фестывалю, — канстатаваў Уладзімір Матвейчук. — Таму Прэзідэнт паставіў задачу: у гэтым звышпрэстыжным форуме павінны браць удзел толькі лепшыя.
У той самы час, неабходна актыўней запрашаць да ўдзелу ў фестывалі знакамітых артыстаў з іншых краін, у тым ліку і з далёкага замежжа. Выкананне гэтых задач умацуе статус “Славянскага базару ў Віцебску” як сур’ёзнай культурнай падзеі агульнаеўрапейскага маштабу. Цяпер рэпертуарная палітыка фестывалю будзе вызначацца на высокім узроўні.
Пэўнай мадыфікацыі патрабуе таксама і канцэпцыя Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечна. На думку Кіраўніка дзяржавы, склад яго ўдзельнікаў мусіць значна пашырыцца — перадусім за кошт лепшых калектываў з рэгіёнаў. Таму можна спадзявацца, што юбілейны Х фестываль пройдзе на якасна іншым узроўні. А ў праграме сёлетняга юбіляра — магілёўскага “Залатога шлягера” — у будучым павінен адрадзіцца конкурс ВІА імя У. Мулявіна. 

Культурны патэнцыял рэгіёнаў на галоўнай сцэне краіны
Ідэя адраджэння справаздачных канцэртаў абласцей краіны ў Мінску ў апошні час інтэнсіўна абмяркоўваецца работнікамі культуры ва ўсёй Беларусі, атрымліваючы спрэс станоўчыя водгукі. Абумоўлена гэта тым, што калектывы з рэгіёнаў зусім не часта маюць магчымасць выступіць на прэстыжнай сталічнай сцэне, хаця паводле свайго мастацкага ўзроўню яны цалкам адпавядаюць высокім патрабаванням мінскіх гледачоў.
Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову адносна правядзення цыкла такіх творчых справаздач, прымеркаванага да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І ўжо ў наступным годзе павінны адбыцца першыя тры або нават чатыры акцыі. Сёння абмяркоўваецца парадак іх правядзення.
Прыкладам, ёсць ідэя пачаць гэты цыкл з Гомельшчыны — бо менавіта адтуль пачалося вызваленне Беларусі.Пэўныя напрацоўкі ўжо зроблены і ў плане вызначэння фармату такіх мерапрыемстваў. Кожнае з іх будзе ўключаць канцэрт, разлічаны на паўтары-дзве гадзіны, а таксама выстаўку твораў лепшых майстроў рэгіёна. А пляцоўкай, на якой будуць праходзіць гэтыя свайго кшталту “дні культуры абласцей”, стане галоўная зала краіны — Палац Рэспублікі.
— Творчыя справаздачы павінны максімальна, падкрэсліваю — максімальна, выявіць культурны патэнцыял нашых рэгіёнаў, — адзначыў Уладзімір Матвейчук. 

“Прэзідэнт падтрымаў нашы прапановы”
Падчас мінулай сустрэчы ў верасні 2006 года Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу міністра культуры РБ на пэўныя недахопы, датычныя кадравай палітыкі ў галіне культуры. За прамінулы год былі зроблены канкрэтныя захады па іх выпраўленні:
— Мы правялі атэстацыю, у выніку якой 400 работнікаў культуры былі атэставаныя з пераатэстацыяй праз год, а амаль 90 — не атэставаныя, — паведаміў Уладзімір Матвейчук. — Больш за тое, склад апарату Міністэрства культуры змяніўся амаль на 20%. З людзьмі, якія “спяць на працы”, мы развіталіся.
Увага падчас сустрэчы была нададзена таксама і лакальным, але, тым не менш, вельмі важным праблемам культурнага жыцця. У прыватнасці, адкрыццю персанальнай галерэі народнага мастака СССР, Героя Беларусі Міхаіла Савіцкага. Карыфей айчыннай жывапіснай школы дабрачынна аддае галерэі сорак сваіх палотнаў, і, магчыма, іх лік папоўніцца.
— Прэзідэнт без ваганняў пагадзіўся з тым, што ўклад у культуру гэтага мастака варты таго, каб яго галерэя на плошчы Свабоды была адкрыта ў максімальна кароткі тэрмін, — адзначыў Уладзімір Матвейчук.
Пад свой кантроль Прэзідэнт таксама возьме і сітуацыю, што склалася вакол Барысаўскай фабрыкі музычных інструментаў, якая ўжо даўно знаходзіцца на рамонце, у той час як патрэба ў яе клавішнай і струннай прадукцыі штогод расце. Міністэрства культуры РБ выступіла з прапановай аб пераўтварэнні фабрыкі ў сумеснае прадпрыемства музычнага профілю.
Даручэнне Кіраўніка дзяржавы адносна камплектавання бібліятэчных фондаў выконваецца сёння далёка не паўсюль і не ў поўнай меры.
У мінулым годзе 17 раёнаў не выдаткавалі ні адной капейкі на набыццё літаратуры. Але сёлета яшчэ ёсць час, каб выправіць гэтыя недаробкі.
Не засталіся па-за ўвагай Прэзідэнта і побытавыя праблемы работнікаў культуры, першае месца ў рэйтынгу якіх стабільна займае недахоп жылля. Кіраўнік дзяржавы ўхваліў прапанову аб будаўніцтве ў Мінску інтэрната сямейнага тыпу для маладых спецыялістаў.
Такім чынам, сустрэча ў чарговы раз засведчыла няспынную ўвагу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь да разнастайных аспектаў культурнага жыцця.
— Пасля справаздачы ў Кіраўніка дзяржавы я быў літаральна акрылены, — сказаў міністр культуры РБ Уладзімір Матвейчук. — Прэзідэнт падтрымаў усе нашы прапановы. Таму з’явілася жаданне працаваць яшчэ болей і лепей.

Наш кар.