Палац пачуў родную музыку

№ 21 (1044) 26.05.2012 - 01.06.2012 г

Хто быў музай Радзівіла?

/i/content/pi/cult/379/7459/9_4.jpegДынастыі Радзівілаў — 500 гадоў. Адзначыць юбілей зляцеліся іх музы — вядома ж, у Нясвіж, на ХVII Свята мастацтваў, якім, як заўсёды, кіраваў народны артыст Беларусі, прафесар Міхаіл Фінберг. Але гэта не значыць, што ніякія іншыя тэмы, акрамя радзівілаўскай, там не ўзнімаліся.

Арганізатарамі трохдзённых мастацкіх святкаванняў выступілі, паводле традыцыі, Міністэрства культуры краіны, Мінскі аблвыканкам, Нясвіжскі райвыканкам і наш Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр. Увогуле, традыцый на “Музах Нясвіжа” склалася багата. Але тое і цікава, што ледзь не кожнае новае свята закладае яшчэ адну, не менш адметную за іншыя. Сёлета такое нараджэнне яшчэ адной добрай традыцыі бачылася ў асваенні “новай старой” тэрыторыі — адрэстаўраванай залы ў Нясвіжскім палацы.

У год, калі Нясвіж абвешчаны Культурнай сталіцай Беларусі, у Радзівілаўскім палацы праходзіла ўжо шмат самых выбітных канцэртаў. Але цяперашняя праграма вылучалася тым, што сабрала менавіта тую музыку, якая мела непасрэднае дачыненне да самога палаца ў мінулыя стагоддзі.

— Музыка Радзівілаў вярнулася на сваю радзіму, — вызначае адметнасць падзеі доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вольга Дадзіёмава, якая за гэтыя гады ўжо сама стала адной з галоўных нясвіжскіх муз, выступаючы нязменнай вядучай, натхняльнікам ды ініцыятарам выканання адшуканых у архівах твораў. — Вяртанне музыкі ў прастору, дзе яна стваралася, — гэта, калі хочаце, цудоўны паэтычны сімвал. Адноўленыя сцены Палаца быццам “прачнуліся” пасля доўгага забыцця, пачуўшы сваю родную музыку — тую, якая тут ужо гучала: творы Мацея Радзівіла (ён, да ўсяго, напісаў лібрэта оперы “Агатка…”), Яна Давіда Голанда (ён гэтую оперу стварыў), Яна Уладзіслава Дусіка (ён тут таксама працаваў), Антонія Генрыха Радзівіла (пасля з’ехаў у Германію і стаў аўтарам першай у свеце оперы паводле гётэўскага “Фаўста”, прычым лібрэта для яго стварыў сам паэт). А яшчэ раней, у ХVI стагоддзі, тут працавалі такія дзеячы беларускага Адраджэння, як Вацлаў з Шамотул, Цыпрыян Базылік.

Не менш адметнай стала сёлета і традыцыйная навуковая /i/content/pi/cult/379/7459/9_5.jpegканферэнцыя, матэрыялы якой, у адпаведнасці з самымі высокімі міжнароднымі стандартамі, былі выдадзены напярэдадні, акурат да пасяджэння. У цэнтры даследаванняў апынуўся Нясвіж — як мастацкая сталіца Беларусі мінулых часоў. Сярод навуковых “сенсацый” — нечаканыя звесткі пра Нясвіж… праваслаўны. Гістарычныя факты, сабраныя кандыдатам навук Валерыем Пазняковым, аказаліся вельмі сугучнымі даследаванням музыказнаўцы Тамары Ліхач, якая разглядала помнікі царкоўнай музычнай спадчыны Нясвіжа, а сярод іх былі не толькі каталіцкія ды ўніяцкія, але і праваслаўныя.

Хаця ў Нясвіж зляцеліся розныя музы (у фестывальнай праграме быў і спектакль, і выстаўкі жывапісу), галоўнай сярод мастацтваў засталася музыка — розных жанраў і эпох. Сярод самых значных канцэртаў — прысвечаныя творчасці Міхала Клеафаса Агінскага і сувязям беларускага мастацтва з расійскім. Канцэрт адкрыцця “На музычных скрыжаваннях: Беларусь — Расія” стаўся сапраўдным адкрыццём, бо з новых ракурсаў прадставіў паходжанне, музыку і творчыя сувязі М.Глінкі, І.Стравінскага, М.Рымскага-Корсакава, П.Чайкоўскага і многіх іншых класікаў. Ну, тое, што знакамітая “Камарынская” — насамрэч, беларуская, сёння ўжо добра вядома. Але ці многія, да прыкладу, задумваліся, што той жа Чайкоўскі вучыўся ў Мікалая Зарэмбы — ураджэнца Віцебшчыны? Такіх нечаканасцей у нашай гісторыі шмат. Таму дзякуй вялікі нястомнаму маэстра Фінбергу, яго аркестру і шматлікім камерным калектывам у яго складзе, якія вяртаюць нам спадчыну і робяць гістарычную памяць артэфактам сучаснасці!..

На здымках: струнны квартэт у Радзівілаўскім палацы; аркестрам дырыжыруе Валерый Сарока.

Фота Анатоля БАСАВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"