Жыла-была ў “Старым доме”…

№ 21 (1044) 26.05.2012 - 01.06.2012 г

Віцебская зорка надзеі Святланы Жукоўскай

/i/content/pi/cult/379/7457/8_4.jpgЯна пачала спяваць раней, чым хадзіць. Марыла стаць артысткай, таму адмовіла каханаму, калі той прапанаваў выйсці за яго замуж. Скончыла Гродзенскае вучылішча мастацтваў. Яе прынялі ў Коласаўскі тэатр на ролю Настачкі з легендарнай камедыі “Несцерка”, але “Дарога з Чорнага царства” прывяла ў “Стары дом”, дзе “Жыла-была Сыраежка”…

Гэты акцёрскі жарт можна было б доўжыць, прыгадаўшы ўсе 70 спектакляў, у якіх актрыса Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Святлана Жукоўская сыграла вельмі розныя ролі. Потым, разам з сяброўкай Раісай Грыбовіч, яна накіравалася ў Маскву. Паступілі ў знакаміты ГИТИС, на курс Эліны Быстрыцкай. Скончыўшы, вярнуліся ў любімы тэатр, бо менавіта тут адчулі калісьці шчырую любоў і павагу з боку знакамітых коласаўцаў.

“На лёс не скарджуся!” — не задумваючыся, кажа Святлана. — Бо тут, у сям’і коласаўскіх артыстаў, вучуся жыццю…” Але актрыса ніколі не дазваляла сабе “адпачываць”. Не хапала роляў у тэатры — займалася спевамі. Невыпадкова ж у ейнай творчай скарбонцы — дыпломы рэспубліканскіх фестываляў “Музыка і тэатр”, “Спяваюць артысты тэатра і кіно” і перамога ў фестывалі-конкурсе “Спяваюць артысты драматычных тэатраў і кіно”.

Настачку яна ўсё ж сыграла, праўда, амаль праз дзесяць гадоў. Да гэтага часу назапасіла ў рэпертуары ролі не толькі дзяўчынак, а і жанчын рознага ўзросту. Зорную ролю Катарыны ва “Утаймаванні наравістай” У.Шэкспіра падарыў Святлане аднакурснік рэжысёр Юрый Пахомаў. Разаліна ў трагікамедыі “Чума на вашы дзве сям’і”, Цэйтл у “Памінальнай малітве”, Памэла ў камедыі “Ён. Яна. Акно. Нябожчык.”, Аграфена Кандрацьеўна ў “Банкруце” — гэта ўсё яна.

Любіць Святлана Жукоўская і сваіх незадачлівых гераінь з сучасных камедый: “Варвара і яе блудны муж” (Варвара), “Псіхааналітык для псіхааналітыка” (Вера Андрэеўна), “Аднакласнікі” (Таццяна). А вобраз Маці ў “Дацкай гісторыі” створаны праз уласны досвед Святланы, якая разам з мужам, артыстам тэатра імя Якуба Коласа Георгіем Лойкам, што днямі Указам Кіраўніка дзяржавы ўзнагароджаны Медалём Францыска Скарыны, выхавала сына Мікіту. “Я заўсёды разважаю з сынам вельмі сур’ёзна, разбіраю кожную сітуацыю, якая складваецца ў сям’і”, — кажа Святлана. Цяпер Мікіта — студэнт, будучы праграміст, вучыцца ў Мінску. З бацькамі бачыцца не так часта, ды ўсё адно імкнецца параіцца з маці, калі ўзнікаюць складаныя сітуацыі…

Ёсць у актрысы маналог: “Усе думаюць, што я — моцная, а я — слабая… Кожны справіцца са мной. А людзі прыдумалі сабе зорку, каб назіраць, як яна зіхаціць з апошніх сіл і гасне. Бо гэта для іх — забава. Гульня з промнем святла… Мы — артысты. Што нас яднае? Нас яднае любоў да ТЭАТРА…”. Але сёлетняя ўзнагарода “Крыштальная Зорка”, якую актрыса атрымала ў Міжнародны дзень тэатра, — гэта знак надзеі — на тое, што самыя запаветныя творчыя і жыццёвыя мары абавязкова спраўдзяцца. У тым ліку і пад час юбілейнага вечарада 30-годдзя на Коласаўскай сцэне…

Святлана ДАШКЕВІЧ, загадчык літаратурна-драматычнай часткі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа

На здымку: сцэна са спектакля "Псіхааналітык для псіхааналітыка".