“ЦБС патрэбна рэформа, каб працаваць у сельскай бібліятэцы стала прэстыжна!”

№ 21 (1044) 26.05.2012 - 01.06.2012 г

У рэдакцыю прыйшоў ліст ад нашай сталай аўтаркі — загадчыка Кіраўскай сельскай бібліятэкі Віцебскага раёна Вольгі ПАЛУНЧАНКА. Ліст, скажам шчыра, не шараговы: у ім — крытычнае, часам — эмацыйнае, бачанне рэгіянальных бібліятэчных перспектыў з пункта гледжання (што асабліва каштоўна!) спецыяліста-практыка, неабыякавага да прэстыжу свядома абранай прафесіі. Няма сумневу, гэтае меркаванне не застанецца ў нашых чытачоў без розгаласу. У тым ліку і з той прычыны, што 2012-ы — Год кнігі, а сярод бібліятэкараў большасць — добрасумленныя работнікі, якія дакладна ўсведамляюць: “кніжная” справа — неад’емная частка сённяшняй дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры. Так, не з усімі прапановамі практыка можна адназначна пагадзіцца, тым не менш, пункт погляду заслугоўвае пільнай увагі і абмеркавання.

Меркаваннем дзеліцца практык. Культура будучыні: бачанне ўдасканалення сферы

Не лічу прапанаваны мной метад выйсця з праблемнай сітуацыі ідэальна правільным. Але ў тым, што стан сельскай бібліятэчнай справы сёння праблемны, — не сумняваюся. Я, скажам, для таго, каб хоць нейкім чынам застацца “на плаву”, узяла на сябе небібліятэчныя функцыі: клубныя, юрыдычныя, сацыяльныя… Карацей, сельскі бібліятэкар апошнія гады асвойвае пасаду ці не сацыяльнага педагога. І робіць гэта, як падаецца, не заўжды ўдала.

У чым пераканалася за дзесяць гадоў працы? У састарэласці фондаў, неадпаведнасці іх запытам карыстальнікаў, нярэдка — у безвыніковасці работы публічных цэнтраў прававой інфармацыі, непатрэбнасці некаторых аматарскіх аб’яднанняў… Аўтабібліятэка — крок на шляху да вырашэння праблемы, але — недастаткова прадуманы. Дый асартымент прадукцыі ў ёй — не надта багаты. Упэўнена: патрэбны пераход ад колькасці да якасці, каб працаваць у сельскай бібліятэцы стала прэстыжна. Тады для маладых спецыялістаў — упэўнена — нават кастынг патрэбна будзе ўводзіць… А цяпер — канкрэтыка.

Установа эканом-класа

Гаворку пра будучыя пераўтварэнні, натуральна, варта весці на прыкладзе роднага раёна. Дык вось, праз час пад уплывам усіх пералічаных вышэй прычын Віцебская РЦБС можа быць пераўтворана ва, умоўна кажучы, Цэнтралізаваную сістэму мабільных бібліятэк эканом-класа (ЦС МБЭК). Паўтаруся, гэта маё ўласнае бачанне перспектывы. Для гэтага 41 бібліятэку-філіял на чале з ЦРБ варта рэарганізаваць у пяць мабільных бібліятэк, узброеных бібліямабілямі, між якімі раўнамерна размеркаваць тэрыторыю раёна.

Сістэма кіравання — наступная: дырэктар ЦС МБЭК, Цэнтр сістэмных даследаванняў бібліятэчна-бібліяграфічнай дзейнасці, аддзелы камплектавання, апрацоўкі, бібліяграфіі.

Што ж такое бібліятэка эканом-класа? У яе структуры мне бачыцца абанемент, чытальная зала, прэс-цэнтр (зала тэхнічнага абслугоўвання і аказання платных паслуг: ксеракс, прынтар, факс, Інтэрнэт, відэасувязь), канферэнц-зала, аддзел рамонту друкаванай прадукцыі, кнігасховішча. Функцыі ўстановы: інфармацыйная, камунікатыўная, акумулятыўная, часткова — дэпазітарная. Задачы: максімальна аператыўнае задавальненне запытаў карыстальнікаў міні-рэгіёна абслугоўвання на высокім тэхналагічным і інфармацыйным узроўні, фарміраванне інфармацыйнай культуры, прапаганда бібліятэчна-бібліяграфічных ведаў, павышэнне прэстыжу бібліятэчнай прафесіі. МБЭК цалкам алічбавана і штрыхкадзіравана, абсталявана зручнымі стэлажамі ды лесвічкамі для самаабслугоўвання. Загадчыкі МБЭК і дырэктар ЦС валодаюць замежнай мовай і бяруць удзел у міжнародных канферэнцыях.

Асаблівасці новай структуры

Прэс-цэнтр хутка сябе акупіць. Чаму? Таму што не ў кожнага ёсць дома камп’ютар, ехаць у горад — далёка, на пошце — адзін камп’ютар з нізкай хуткасцю Інтэрнэта, ды і паслугі каштуюць даражэй, чым у нас. Так, бібліятэка — не камп’ютарны клуб, але ж прэс-цэнтр — не для гульні і карыстання сацыяльнымі сеткамі, а для дапамогі вучэбнаму працэсу і сапраўдных інфармацыйных камунікацый. Мінуў той час, калі рэфераты пісалі ад рукі. І ў нас цяпер у прайс-лістах ёсць паслуга “Даведка з выкарыстаннем Інтэрнэта”. І паколькі забаронена, каб дзеці самі блукалі ў Сусветным павуцінні, бываюць дні (асабліва — напрыканцы чвэрці), калі з-за неабходнасці выканання плана платных паслуг я толькі і займаюся тым, што няспынна “штампую” рэфераты. А я ж яшчэ павінна весці каталог, картатэку, пісаць летапіс вёскі, выконваць задачы мэтавай праграмы па эстэтычным выхаванні, рыхтавацца да масавых мерапрыемстваў (потым пісаць пратаколы), бегчы штомесяц у вёску да бабуль, каардынаваць дзейнасць аматарскага аб’яднання, сачыць за аховай працы сваіх работнікаў на кожным кроку і запаўняць з гэтай нагоды некалькі журналаў. Маю два аўтарскія праекты “Бібліятэка дашкольніка” (прапаганда бібліятэчна-бібліяграфічных ведаў) і “Ад Вялікага Княства да суверэннай Беларусі” (прымеркаваны да Года кнігі). Як гэта ўсё выканаць? Паслугі ксеракопіі таксама займаюць час. З-за тэхнічнай нагрузкі небібліяграфічнага характару ў нас кульгае бібліятэчная работа. Таму лічу, што гэтым павінны займацца тэхнікі-праграмісты. Тым больш, у выніку рэарганізацыі ў нашых пяці МБЭК назапасіцца неабходны аб’ём тэхнічных сродкаў, так што часта набываць іх надалей не будзе патрэбы. Пашырыўшы спектр паслуг, мы будзем зарабляць больш і зможам пусціць дадатковыя грошы на камплектаванне.

Ці ўсё спісваць?

Адзін з вельмі важных пунктаў эканамічнага плана: захаванасць кніг. У нас зараз на ЦБС — адзіны пераплётчык. Адвезла яму прыкладна 150 экзэмпляраў у 2008 годзе, а ён зрабіў на сёння толькі тры кнігі: не паспявае працаваць на 41 філіял і райбібліятэку. А калі кожная МБЭК займее ў штаце хаця б двух работнікаў, рамонт будзе ажыццяўляцца аператыўна. І з гэтай нагоды яшчэ адзін нюанс: навошта спісваць “На ростанях” Якуба Коласа 1982 года выдання? Лішняй кніга не будзе, а добры рамонт дасць магчымасць карыстацца ёю яшчэ гадоў пяць. Зберажом наяўнае — атрымаем больш рэальных навінак.

Альтэрнатыва аўтабібліятэцы

Бібліямабіль — фургон, які можа мець форму разгорнутай кнігі, абсталяваны спецыяльнай мэбляй для якаснага захоўвання інфармацыйных крыніц пад час руху, камп’ютарнай і ксеракапіравальнай тэхнікай, выхадам у Інтэрнэт, з кандыцыянерамі, здольнымі падтрымліваць неабходны мікраклімат для захавання бібліятэчнага фонду. Функцыя — адна: камунікатыўная. Задачы: аператыўнае, планавае, максімальнае задавальненне інфармацыйных запытаў, прыём заказаў (вочны, электронны, тэлефонны).

Чытач зможа выбраць кнігу самастойна альбо з дапамогай бібліятэкара. Камп’ютарнае абсталяванне дазволіць не толькі хутка фіксаваць інфармацыйныя крыніцы на абанементах карыстальнікаў, але і ажыццявіць раздрукоўку тэксту, атрымаць ксеракопію, па якую цяпер даводзіцца ехаць у горад. Сённяшнія аўтабібліятэкі не могуць перавозіць вялікую колькасць літаратуры, і размешчана яна ў салоне без належнай сістэмы.

Кніганоша — гэта ўжо архаіка

З аднаго боку, нічога кепскага няма ў тым, каб аднесці літаратуру на дом чытачу. Але любы медаль мае два бакі. У ХХІ стагоддзі бібліятэкар, абвешаны торбамі, выглядае, мякка кажучы, не надта прывабна. Складваецца ўражанне, што яму на працоўным месцы няма чым заняцца, таму, каб не сумаваць, ён “блукае” па хатах. Ці ж у гэтым прэстыж нашай прафесіі? Прэстыж — гэта калі да нас у чаргу становяцца.

Асаблівай увагі патрабуе абслугоўванне вытворчых участкаў сельгаспрадпрыемстваў, дзе заўжды кіпіць напружаная праца. Не верце тым, хто кажа, што нас чакаюць на фермах і мехдварах. Была там, і неаднойчы. І кожны раз апаноўвала пачуццё сораму: я прапаноўваю даярцы ці механізатару тое-сёе пачытаць, а першая ў гэты час цягае мяшкі з камбікормам, другі рамантуе трактар. “Кніжкі, — кажуць, — няма часу чытаць. Давай распішамся, а ты, пішы, што хочаш, толькі адчапіся…”

Пра электронную кнігу і школьныя бібліятэкі

Я, сельскі бібліятэкар, не ўяўляю электронную кнігу ў руках нашых дзядуль і бабуль, але пераканана, што сярод сельскай моладзі яна будзе запатрабавана. Між тым, хачу зазначыць: любая кніга — дакумент, аднак не кожны дакумент з’яўляецца кнігай. Электронная кніга для мяне — дакумент. Тым не менш, павінна прызнаць, што фонд сучаснай бібліятэкі ніяк не абыдзецца без электронных дакументаў, бо гэта — цудоўная магчымасць сэканоміць сродкі і бібліятэчную плошчу.

Лічу, што ў фондах сельскіх школ павінны быць толькі падручнікі. Камплектаваць іх праграмнай літаратурай — эканамічна не мэтазгодна, паколькі фонды нашых сельскіх устаноў павінны адпавядаць запытам карыстальнікаў рэгіёна абслугоўвання, і гэтыя выданні на паліцах МБЭК абавязкова з’явяцца. Бібліямабілі абслугоўваюць школы па графіку ў зручны для навучальнага працэсу час. Як вынік — эканомія сродкаў аддзела адукацыі. Калі ж праграмная літаратура будзе і надалей знаходзіцца ў школьных бібліятэках, гэта пацягне за сабой процьму праблем: неабходнасці пашырэння плошчаў, фарміравання персанальнага фонду ў патрэбнай экзэмплярнасці (у бібліямабіля — фонд бягучы, які пастаянна знаходзіцца ў руху, гэта — выгадна). Упэўнена, прадуманая дзейнасць бібліятэкі на колах стане больш эфектыўнай.

І ўжо на пачатковай стадыі пераўтварэння РЦБС у ЦС МБЭК можна сфарміраваць багатыя фонды сацыяльна значнай літаратуры. Фонды галіновых выданняў патрабуюць абнаўлення прыкладна на 95%, дзіцячых — прыблізна на 90%. Натуральна, шмат састарэлай літаратуры давядзецца спісаць. Цяпер так не робіцца, каб спісанне перавышала паступленне.

Колькі ж каштуе настрой?

Памятаю, як пачынаў дзейнічаць на сяле камерцыйны фонд. Тады ў ім была вострая неабходнасць: папулярнай мастацкай літаратуры паступала мала, і дзесяць гадоў таму людзі проста маглі забыць дарогу ў сельскую бібліятэку. Для пастаяннага чытача, які “засвоіў” усё бясплатнае, кніга “за грошы” стала такой жа неабходнасцю, як пакупка хлеба ў краме. У 2006-м у Кіраўскай сельскай бібліятэцы кошт кнігі на суткі складаў 170 рублёў. Пры вялікім асартыменце нават у летнія месяцы мы зараблялі па 60-70 тысяч, а цяпер пры кошце 350 рублёў і бедным выбары ледзь 20 тысяч наскрэбваем.

На сёння лічу камерцыйны “арсенал” сельскіх бібліятэк неактуальным, бо няма ні попыту, ні асартыменту. Таму бібліятэчная кніга павінна быць бясплатнай. Але тут зноў паўстае пытанне з фондам, які на 80 — 90% патрабуе абнаўлення: мая бібліятэка знаходзіцца на тэрыторыі сельскагаспадарчага Адкрытага акцыянернага таварыства “Адраджэнне”. Новай літаратуры для аграрыяў — нуль. На сесіі райвыканкама я агучыла праблему. Сітуацыя крыху зрушылася, але датычыцца гэта збольшага толькі дзіцячай літаратуры.

Не быць канкурэнтамі ДК

Нашы планы работы штогод павінны змяшчаць пералік мерапрыемстваў у наступных кірунках: краязнаўчая работа; прапаганда беларускай культуры і літаратуры; сямейнае, прававое, эстэтычнае, экалагічнае выхаванне; арганізацыя вольнага часу; прапаганда бібліятэчна-бібліяграфічных ведаў.

Наконт некаторых пунктаў — згодная: фарміраваць інфармацыйную культуру — наш прамы абавязак, патрыятычнае выхаванне — таксама, прапаганда твораў беларускай літаратуры — несумненна. Але навошта астатняе? Дзе браць час? Можа, дзесяць гадоў таму гэта і было актуальна, але на сёння, як падаецца, трэба збавіць абароты і засяродзіць увагу толькі на бібліяграфа- і бібліятэказнаўстве: прыйшоў час сапраўднай барацьбы за чытача.

Большасць нашых інфармацыйных гадзін трэба ліквідаваць: пра ахову прыроды лепш раскажа настаўнік батанікі, а экалагічную гульню правядзе супрацоўнік клуба. Мяркую, адзіная прыдатная форма працы: выстаўка-прагляд. І ніякіх больш гадзін-перасцярог, гутарак па антыалкагольнай (і г. д.) прапагандзе: гэта справа спецыялістаў. Навошта складаць планы па рабоце з дзецьмі з нядобранадзейных сем’яў? Хіба ж мы псіхолагі і сацыяльныя педагогі?

ПЦПІ — форма не для бібліятэкі?

Гэта я магу даказаць практычна, бо ў Кіраўскай бібліятэцы публічны Цэнтр прававой інфармацыі існуе другі год, і попыту на яго няма. Не лічу, што дрэнна яго рэкламавала, але эфекту гэта не дало: карыстальнікаў за мінулы год — толькі тры (інжынер па ахове працы ААТ “Адраджэнне” ды яшчэ два выпадковыя чытачы). Але плацім за абнаўленне “Эталона” штомесяц амаль 50 тысяч рублёў, а за “Звод законаў” — 60 тысяч раз на паўгоддзе. Ды, у дадатак да ўсяго, нас камплектуюць адпаведнай літаратурай: кодэксаў у нас — на любы густ (зямельны, банкаўскі, падатковы і інш.).

Кансультацыя юрыста ў бібліятэцы — тэма асобная. Бясплатная паслуга добрай не бывае.

Абанемент — платны

Так, прапаную ўвесці штогадовую разавую аплату чытацкага абанемента. Я пераканана, што павінны быць і дзейсныя штрафы за несвоечасовасць вяртання кнігі. А бензін для бібліямабіля сельгаспрадпрыемству зоны абслугоўвання варта выдаткоўваць бясплатна. Платныя ж паслугі аказваюць толькі прэс-цэнтры МБЭК.

І плюсы тут, па-мойму, — відавочныя. Сродкі, якія выкарыстоўваюцца цяпер на ўтрыманне РЦБС (на аплату камунальных паслуг, утрыманне матэрыяльна-тэхнічнай базы і г. д.), накіроўваюцца на камплектаванне МБЭК. Безумоўна, гэта дазволіць значна пашырыць асартымент прадукцыі для сельскага жыхара…

Такі від бібліятэкі — аптымальны па выгодзе і для дзяржавы, і для сельскай мясцовасці. Я цудоўна разумею, што сёння няма магчымасці для паўнацэннага фондавага камплектавання філіялаў РЦБС, яны цяпер не задавальняюць інтарэсы карыстальнікаў. МБЭК жа сакумулюе прынцыпы камплектавання, а сельская бібліятэка стане сапраўды сучасным інфармацыйным і культурным цэнтрам.

Вольга ПАЛУНЧАНКА, загадчык Кіраўскай сельскай бібліятэкі Віцебскага раёна

 

Каментарый спецыяліста

Наколькі эканомным стане “эканом”?

Які ён, заўтрашні дзень сельскай бібліятэкі?

Праблема аптымізацыі бібліятэчнага абслугоўвання ў сельскай мясцовасці вырашаецца цягам многіх гадоў і самымі рознымі шляхамі.

Першы, назавём яго “эвалюцыйным”, звязаны з сацыяльна-дэмаграфічнымі працэсамі, якія адбываюцца ў краіне. Штогод колькасць жыхароў у сельскай мясцовасці скарачаецца ў сярэднім на 2%. Нязменным спадарожнікам гэтага працэсу з’яўляецца скарачэнне сеткі публічных бібліятэк: калі існаванне стацыянарнай установы ў маланаселеным пункце становіцца эканамічна немэтазгодным, яна зачыняецца. Так, за апошнія дзесяць гадоў была зачынена кожная чацвёртая сельская бібліятэка. За 2011-ы іх колькасць скарацілася на 109 адзінак, і па стане на 1 студзеня 2012 года засталося 3045 устаноў. У гэтай сувязі далейшае развіццё атрымліваюць нестацыянарныя формы абслугоўвання насельніцтва. У маланаселеных пунктах, аддаленых ад стацыянарнай бібліятэкі, гэтым займаюцца на сёння 90 спецыяльна абсталяваных бібліобусаў. У большасці сваёй іх аснашчанасць — далёкая ад ідэальнай (адсутнічаюць камп’ютары, выхад у Інтэрнэт і г.д.), ды і колькасны склад відавочна недастатковы. Таму, на жаль, частка населеных пунктаў увогуле застаецца без бібліятэчнага абслугоўвання.

Другі шлях, які з’яўляецца разнавіднасцю першага, звязаны са спробамі дасягнуць пэўнай эканамічнай эфектыўнасці сельскіх устаноў праз стварэнне іх інтэграваных форм: бібліятэк-клубаў, бібліятэк-музеяў і іншых. Сёння па Беларусі іх налічваецца больш за 520 адзінак. Акрамя таго, у гісторыі бібліятэчнай справы краіны неаднаразова рабіліся спробы аб’яднання школьных і публічных бібліятэк, размешчаных на сяле. Дарэчы, цяпер, у адпаведнасці з даручэннем Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, ва ўсіх абласцях распачаты эксперымент па стварэнні такіх аб’яднаных бібліятэк. Па яго выніках плануецца спрагназаваць, наколькі эфектыўнай і эканамічнай будзе гэтая бібліятэчная мадэль.

Што да шляху, прапанаванага загадчыкам Кіраўскай сельскай бібліятэкі Віцебскага раёна Вольгай Палунчанка, то я вызначыла б яго як “рэвалюцыйны”, бо ён ідзе ўразрэз як з айчыннымі, так і з міжнароднымі стандартамі дзейнасці публічных бібліятэк. У выпадку ўкаранення прапанаванай мадэлі цэнтралізаванай сістэмы мабільных бібліятэк эканом-класа (ЦС МБЭК) у зоне абслугоўвання адной стацыянарнай бібліятэкі гэтага раёна будзе знаходзіцца больш за 70 паселішчаў з насельніцтвам каля 8,5 тыс. чалавек. Для параўнання: на сённяшні дзень у краіне на адну публічную бібліятэку прыходзіцца ў сярэднім каля 2,4 тыс. жыхароў, што адпавядае міжнародным стандартам. Акрамя таго, у адпаведнасці з сістэмай дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва, зацверджаных пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 мая 2003 г. № 724, у кожным аграгарадку павінна быць не менш за адну бібліятэку. Па стане на 1 студзеня 2012 г. у Віцебскім раёне функцыянавала 13 аграгарадоцкіх бібліятэк.

Давайце паразважаем, наколькі эканомным можа стаць прапанаваны “эканом”. Агульнадаступнасць — асноўны прынцып дзейнасці публічнай бібліятэкі. Каб яго дасягнуць, у зоне абслугоўвання стацыянарнай бібліятэкі не можа быць больш за сем-восем населеных пунктаў, інакш жыхары проста фізічна не змогуць яе наведаць. Віцебскі раён уключае каля 360 населеных пунктаў. Калі пасля рэарганізацыі 41 бібліятэкі іх застанецца 5, больш за 300 населеных пунктаў Віцебскага раёна будзе пакінута без абслугоўвання стацыянарнай бібліятэкі. Прапанаваны бібліямабіль — добры варыянт, але адзін ён у месяц можа абслужыць не больш за 20 населеных пунктаў. Такім чынам, кожную з пяці стацыянарных бібліятэк раёна неабходна “ўзброіць” двума-трыма бібліямабілямі (у ідэале — каля 15 на Віцебскі раён). У маштабах краіны — не менш за 1,5 тысячы. Пры гэтым разам з транспартным сродкам, палівам, бібліямабіль неабходна забяспечыць камп’ютарам, шматфункцыянальным прыстасаваннем, выхадам у Інтэрнэт. Акрамя таго, для забеспячэння дзейнасці аднаго бібліямабіля неабходна дадаткова ўвесці ў штат адну стаўку вадзіцеля і адну стаўку бібліятэкара. Неабходна прадугледзець і сродкі на тэхнічнае абслугоўванне, рамонт. Такім чынам, бібліятэка эканом-класа наўрад ці будзе эканамічнай.

Нават калі б пэўны эканамічны эфект у разглядаемай мадэлі існаваў, у пераліку прапанаваных Вольгай Палунчанка функцый для ЦС МБЭК адсутнічае яшчэ адна — рэкрэацыйная: гэта значыць, чалавек можа прыйсці ў бібліятэку, каб адпачыць, правесці там вольны час. А між тым, для сельскіх бібліятэк, у адрозненне ад бібліятэк іншых тыпаў населеных пунктаў, характэрна запатрабаванасць менавіта гэтай функцыі (разам з інфармацыйнай).

Даследаванні, праведзеныя Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, дэманструюць: амаль палова карыстальнікаў (46,9%), што пражываюць у сельскай мясцовасці, вызначае зносіны з бібліятэкарам альбо іншымі чытачамі мэтай свайго наведання бібліятэкі. Гэта ж пацвярджаюць і тыя шматлікія работы сельскіх бібліятэкараў, якія штогод дасылаюцца ў НББ на конкурс “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”. У іх яны адлюстроўваюць сваю шматгранную, карпатлівую, “небібліятэчную”, на першы погляд, дзейнасць. Працуючы ў рамках мэтавых праграм, прадумваючы і арганізоўваючы цэлыя комплексы мерапрыемстваў, бібліятэкары імкнуцца да таго, каб чалавек не толькі захацеў прачытаць тую або іншую кнігу, але і прыйшоў у бібліятэку яшчэ раз, таму што яму ў ёй цікава.

Правядзенне мерапрыемстваў падобнага кшталту патрабуе ад арганізатара наяўнасці асаблівых уменняў і навыкаў, здольнасці зацікавіць іншага чалавека, а для гэтага неабходна мець не толькі бібліятэчныя, але і педагагічныя, псіхалагічныя веды, у пэўнай ступені валодаць акцёрскім майстэрствам. Як і ў любой іншай прафесіі, каб дамагчыся станоўчага выніку, неабходна любіць тую справу, якой займаешся, ставіцца да яе творча, з душой. Па сутнасці, бібліятэчная праца нічым не адрозніваецца ад усіх астатніх: мы не жадаем ісці да абыякавага ўрача, ухіляемся ад кантакту з няветлівым прадаўцом, таму і не ўсялякі чытач хоча ісці ў бібліятэку, дзе яму толькі прадаставяць інфармацыю — як тавар. Асабліва гэта датычыцца сельскай мясцовасці, дзе рытмы жыцця — зусім іншыя і дзе пакуль яшчэ аддаюць перавагу рэальным, а не віртуальным, зносінам. Тым больш, што на сённяшні дзень кожны трэці сельскі жыхар нашай краіны — пенсіянер, якому часцяком так не хапае шчырай размовы. І бібліятэка нярэдка з’яўляецца тым адзіным кутком, куды чалавек можа прыйсці і знайсці паразуменне, параіцца. Таму перад тым як звесці дзейнасць сельскіх бібліятэк да чыста інфармацыйнай функцыі і вылічыць эканамічны эфект ад гэтага працэсу, варта падумаць пра эфект сацыяльны.

Што да функцыянавання сельскіх бібліятэк, то, на жаль, не ўсё тут так добра, як хацелася б. Бібліятэчныя фонды — аснова эфектыўнай дзейнасці любой установы. Праблемы з камплектаваннем фондаў — “притча во языцех”. У сельскіх бібліятэках захоўваецца больш за 23 млн. экзэмпляраў дакументаў, што складае 40% сукупнага фонду публічных бібліятэк краіны. Абнаўленне фонду — 4% у год — застаецца нязменным цягам многіх гадоў і ў 2,5 раза адстае ад міжнародных нарматываў. У адпаведнасці з імі, фонд павінен поўнасцю абнаўляцца праз дзесяць гадоў. У нашых бібліятэках дзеці маюць магчымасць патрымаць у руках экзэмпляр кнігі, якую калісьці чыталі іх бацькі, бо поўнае абнаўленне літаратуры адбываецца толькі праз 25 гадоў і пазней. Магчыма, гэты факт не пазбаўлены налёту рамантызму, але ў большасці сваёй дзеці наўрад ці пажадаюць чытаць такі том, бо ён ужо маральна і фізічна састарэў…

Для рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян на свабодны доступ да прававой інфармацыі пры бібліятэках ствараюцца публічныя цэнтры прававой інфармацыі (ПЦПІ). Па стане на 1 студзеня 2012 г. у рэспубліцы на базе публічных бібліятэк функцыянуе 495 ПЦПІ, пры гэтым кожны трэці — у сельскай установе. Аналіз іх дзейнасці дэманструе, што прававая інфармацыя цікавіць каля 3% дарослага насельніцтва краіны. У 2011-м паслугамі ПЦПІ скарысталася 61 075 чалавек, пры гэтым кожны дзясяты — пенсіянер. Можна крытыкаваць дзейнасць ПЦПІ, разважаць пра іхнюю “незапатрабаванасць”, але пры гэтым трэба памятаць, што на сённяшні дзень гэта адзіны спосаб бясплатнага атрымання поўных тэкстаў прававых актаў. Пры гэтым на бібліятэкара ўскладаецца важная місія: аказанне прафесійнай дапамогі ў пошуку неабходнай інфармацыі. Аднак знайсці прававую інфармацыю і зразумець, як яе выкарыстаць, — розныя рэчы. Таму, на мой погляд, публічныя цэнтры прававой інфармацыі сталі б сапраўды цэнтрамі, былі рэальна запатрабаваныя, каб у іх штаце працаваў прафесійны юрыст, які бясплатна аказваў бы юрыдычныя кансультацыі насельніцтву.

Узрастаючая патрэба насельніцтва ў электронных інфармацыйных рэсурсах — рэалія сённяшняга дня. Даследаванні НББ дэманструюць, што сучасная моладзь аддае перавагу рабоце з электроннымі дакументамі, прычым атрымліваць іх жадае як мага больш аператыўна. Такі рытм дзейнасці патрабуе ад бібліятэк наяўнасці адпаведнага праграмна-тэхнічнага забеспячэння, таму інфарматызацыя з’яўляецца адным з прыярытэтных накірункаў развіцця. Дзеці і моладзь да 35 гадоў складаюць больш за трэць сельскага насельніцтва (37%). З гэтай нагоды праблема камп’ютарызацыі бібліятэк з’яўляецца актуальнай для сяла не менш, чым для горада. Сёння ў краіне камп’ютарызавана амаль палова сельскіх бібліятэк, практычна кожная трэцяя сельская ўстанова мае выхад у Інтэрнэт. Аднак, калі мы разгледзім камп’ютарызацыю нашых бібліятэк у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, згодна з якімі на тысячу жыхароў павінна быць не менш за адно аўтаматызаванае рабочае месца, дык колькасць камп’ютараў неабходна павялічыць як мінімум у два-тры разы. Прапанаваны Вольгай Палунчанка варыянт папаўнення камп’ютарнага парку ЦС МБЭК пры дапамозе аб’яднання тэхнічных сродкаў, якія вызваляцца ў выніку рэарганізацыі сеткі бібліятэк раёна, можа падацца рацыянальным, аднак пры гэтым неабходна ўлічваць той фактар, што перыяд старэння камп’ютарнай тэхнікі складае тры — пяць гадоў. І калі камп’ютар па сваіх тэхнічных характарыстыках не будзе здольны працаваць з сучаснымі інфармацыйнымі рэсурсамі, дык наўрад ці ён будзе карысны як для самога бібліятэкара, так і для карыстальніка.

На вырашэнне пералічаных праблем накіравана Дзяржаўная праграма “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады. Перад бібліятэкарамі краіны пастаўлены шэраг задач, а ў якасці паказчыкаў іх выканання вызначаны поўная камп’ютарызацыя бібліятэк з падключэннем да Інтэрнэта, рост колькасці наведанняў бібліятэк, а таксама павелічэнне абнаўляльнасці фондаў да 5% у год.

Застаецца спадзявацца, што Праграма будзе паспяхова выканана, і бібліятэкі, у тым ліку сельскія, выйдуць на якасна новы ўзровень абслугоўвання насельніцтва. І які шлях развіцця мы ні выбіралі б для сельскай бібліятэкі — “эвалюцыйны” ці “рэвалюцыйны”, — перш за ўсё неабходна думаць пра нашых чытачоў, якія прагнуць віртуальных ці рэальных зносін, шукаюць дзелавую ці забаўляльную інфармацыю, альбо проста заходзяць да нас, каб атрымаць добрую параду. Сельская бібліятэка — асаблівая, бо часам яна — адзіная ўстанова культуры ў населеным пункце. Таму на бібліятэкара ўскладаецца надзвычай адказная місія: быць і правадніком інфармацыі, і сацыяльным педагогам, і псіхолагам. А на пытанне, ці ёсць будучыня ў сельскай бібліятэкі, няхай адкажуць яе карыстальнікі.

Марына ПШЫБЫТКА, загадчык навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

 

Ліст чытача ў тэму

У якім жа стагоддзі жывём?

З вашай газетай пазнаёмілася ў Інтэрнэце. Прасачыла, што вы звяртаецеся да тэмы бібліятэк, таму вырашыла напісаць сваё меркаванне аб працы гэтых устаноў.

На мой погляд, нашы бібліятэкі, прычым не толькі вясковыя, скончылі сваё развіццё як асветніцкія ўстановы яшчэ ў 1990-я, калі я вучылася ў школе. Папяровая кніга тады карысталася большым попытам.

Цяпер жа, у час электронных носьбітаў, чытаць пра тое, што не хапае кніг ці часопісаў, даволі дзіўна. Узнікае пытанне: чаму ў бібліятэках не пачаць карыстацца планшэтамі? У мінскіх школах ужо практыкуецца навучанне на электронных кнігах. Больш за тое: на выстаўцы “TIBO-2012” айчынны “Гарызонт” прэзентаваў сваю распрацоўку планшэтнага камп’ютара. Думаю, калі бібліятэкі не будуць зважаць на тое, у які час існуюць, то хутка ніводная з іх не зможа канкурыраваць з альтэрнатыўнымі метадамі пошуку кніг.

Не сакрэт, што ўжо гадоў дзесяць у Інтэрнэце можна знайсці электронны варыянт кнігі. Між тым, папяровыя выданні — вельмі дарагія. Няўжо ў студэнта філалагічнага факультэта ці вучня ёсць у сярэднім 50 тысяч рублёў на кнігу з праграмным творам?

Падаецца, што выдавецтвы цяпер скіроўваюць сваю дзейнасць да таго, каб кніга зноў стала самым дарагім падарункам. Толькі варта, каб якасць выдання адпавядала кошту, які прапаноўваюць выдаўцы (на ўвазе маю не толькі вёрстку і дызайн, але і змест).

Здзіўляе ў працы бібліятэк — гарадскіх, вясковых, школьных — яшчэ і тое, як афармляюцца стэнды: час звярнуць увагу, што школьнікі банальна не ведаюць аўтараў, іх псеўданімаў ды твораў. На жаль, асабліва тое тычыцца нашай, беларускай літаратуры. Таму ў Год кнігі, можа, варта прапаноўваць бібліятэкарам афармляць стэнды з падрабязным пералікам аўтараў і праграмных школьных кніг? Прычым так, каб тое прызначалася для юнага сучасніка.

Словам, ці не надышоў час кардынальна змяніць дзейнасць бібліятэк і пераарыентаваць іх на сучаснасць? Немагчыма ў ХХІ стагоддзі прынцыпова захоўваць напрацоўкі мінулага стагоддзя, некаторыя з якіх самі па сабе пачалі ўжо, па меншай меры, пераходзіць у новыя формы...

Марта ВЕРАШЧАКА

 

А якое ваша меркаванне наконт будучыні сельскай бібліятэкі? Пішыце на адрас: 220013, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 77 або kultura@tut.by, тэлефануйце ў рэдакцыю па нумары 8-017-334-57-23, абмяркоўвайце тэму на www.facebook.com/kimpressby!

Нам важная менавіта ваша думка!

 

Ад рэдакцыі

Праблемы, вострыя і злабадзённыя, пазначаны ў кожным з трох матэрыялаў, змешчаных на гэтым развароце. Мы чакаем ад вас, шаноўныя чытачы, неабыякавыя бібліятэкары, працягу дыскусіі. Тэма бібліятэчнай справы для “К” заўжды была адной з вядучых. Працягваем яе распрацоўваць і ў Год кнігі, таму чакаем вашых допісаў.