Усур’ёз ці надоўга?

№ 21 (1044) 26.05.2012 - 01.06.2012 г

Дэталь па сутнасці. Няўжо нацыянальная тэма — толькі для “ўнутранага карыстання”?

Беларускі міжнародны фестываль тэатраў лялек узняў, сярод іншых, адну вельмі важную для мастацтва і грамадства тэму. Што лічыць нацыянальным спектаклем? Як выяўляюцца нацыянальныя асаблівасці ў звароце да “чужой” тэмы — той жа замежнай класікі?

Гэтае пытанне знаходзілася ў цэнтры шматлікіх фестывальных абмеркаванняў: там спрачаліся ўласна пра спектаклі, ставілі праблемы развіцця тэатральнага руху, суадносін лялькі і артыста. Але тэмай нацыянальнай культуры аказаўся прасякнуты сам фестывальны дух: літаральна кожны спектакль падкідваў усё новыя нагоды для роздуму.

Раптам аказалася, што нацыянальным можа быць толькі не агульначалавечае, але і даўно ўжо ўнесенае ў спадчыну іншага народа. Хто з нас не ведае казку пра тое, як ліса прагнала зайчыка з хацінкі — і толькі адважны пеўнік змог вярнуць справядлівасць? Сапраўды, класіка савецкай дзятвы, дый годзе. Але ў Валынскага абласнога тэатра з горада Луцка раптам атрымаўся гэткі ўкраінскі лубок, зроблены ў традыцыях пярэстых народных дываноў, што вешалі ў вёсках на сценку ля ложка, дзіцячых свістулек, роспісу на дрэве на тых жа аканіцах ды вялізных драўляных куфрах — адным словам, у традыцыях сакавітага неапрымітывізму, цалкам пазбаўленага пафасу і, наадварот, шчодра насычанага жартамі. Артысты спявалі, скакалі, радаваліся жыццю — ігралі. Усё было быццам “не ўсур’ёз” — акурат, як у гульні. І такая самаіронія ў адносінах да казкі, лялек, саміх сябе і ўкраінскага-лубачнага антуражу зрабіла з простага (калі не сказаць: прымітыўнага) спектакля — што называецца, цукерачку.

Ды і скрозь нацыянальнай (больш за тое: патрыятычнай) тэме, як аказалася, гумар не супрацьпаказаны. У “Вершніку cuprum” тэатра “Лялечны фармат” з Санкт-Пецярбурга жартавалі над Пушкіным, Набокавым, Пятром І і самім будаўніцтвам горада на Няве, што нібыта ўзнік у гонар каханкі цара, якую звалі Невай. Раптам узгадалася кантата “Куранты” Віктара Капыцько — твор часоў перабудовы, зроблены “па матывах” ананімнага зборніка ХVIII стагоддзя, складзенага з кантаў, народных песень, іншай папулярнай музыкі таго часу. Кампазітар ад душы павесяліўся, стварыўшы партытуру з непадробным гумарам. І выклікаў цэлую дыскусію: маўляў, а ці можна так ставіцца да святыні — нашай спадчыны, якую мы, нарэшце, вяртаем такімі неверагоднымі намаганнямі?

Сёння, падобна на тое, падобная дыскусія ўжо не актуальная: нацыянальная тэма вырашаецца толькі “ўсур’ёз”. І, як паказвае практыка, “ненадоўга”. Няўжо не ставяцца беларускія камедыі? Ставяцца. Але надта ўжо “ўсур’ёз” — дастаткова ўзгадаць “Чужое багацце нікому не служыць” у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі: паўгадзінны вадэвіль давялося расцягваць на дзве дзеі, каб ён адпавядаў “вялікай” (ва ўсіх сэнсах слова) сцэне. Усмешка ў адносінах да тэатра Уршулі Радзівіл, увасобленая купалаўцамі ў “Выкраданні Еўропы…” атрымалася на ўзроўні пародыі. А што ж іронія тонкая, зробленая з густам? Яна ў нас таксама ёсць. Толькі — у іншых, “не нацыянальных”, спектаклях. У гродзенска-лялечнай “Пікавай даме” Пушкін з Чайкоўскім б’юцца на дуэлі. А цяпер паспрабуйце ўявіць: на дуэлі — Колас з Купалам. Ці — легенда пра ўзнікненне Мінска, разгорнутая з жартачкамі. “Здзек са святыні!” — скажа крытык. Забруджванне “чыстай крынічанькі” нацыянальнага мастацтва! Не, я не заклікаю ні здзеквацца, ні “забруджваць”. Я ўсяго толькі хачу ўзгадаць, што самаіронія — не менш ментальная рыса беларусаў, чым трагізм светаўспрыняцця. Памятаеце “Чаму ж мне не пець?..”? Колішнія “Ідылія”, “Тутэйшыя” ў Купалаўскім тэатры таксама былі яскравымі прыкладамі нашага нацыянальнага “сцёбу” — тактоўнага, але вельмі трапнага, звернутага да традыцый батлейкі і школьнага тэатра.

А што ж сёння? Мы ніяк не ўсвядомім, што зварот да гісторыі не можа быць апрыёры трагічным, — толькі розным, як само жыццё (узгадайма, дарэчы, што развіццё нацыянальных опер пачыналася менавіта з камічных — і невыпадкова). І што развітвацца (ці, наадварот, вітацца) са сваім мінулым можна не толькі скрозь слёзы, але і скрозь смех. Да ўсяго, нацыянальныя творы не могуць быць адно для “ўнутранага карыстання", незразумелыя ўсім астатнім народам. Яны павінны “чапляць” і самой тэмай — з яе агульначалавечай праблематыкай, і сродкамі ўвасаблення — з іх індывідуалізацыяй. Мы ж часам усё пераблытваем: тэма атрымліваецца — вузкай, а яе ўвасабленне — заснаваным на тыражаванні шырока вядомых і нават збітых прыёмаў. Таму няма чаго здзіўляцца, калі такія творы, зробленыя быццам цалкам усур’ёз, застаюцца ненадоўга...

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"