Шчаслівыя павароты

№ 43 (809) 27.10.2007 - 02.11.2007 г

У жыцці Мікалая ЧАРГІНЦА былі футбол, праца на заводзе ў якасці рэгуліроўшчыка апаратуры, юрыспрудэнцыя, журналістыка, а абраў ён пісьменніцкую дзейнасць. На пытанне: чаму ён ў рэшце рэшт стаў празаікам? — старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу РБ, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі адказвае, што гэта было хутчэй заканамернасцю, чым выпадковасцю.

 /i/content/pi/cult/134/744/Charginec.jpg
— Мне часта задаюць такое пытанне, — зазначае Мікалай Чаргінец. — Так склалася, што ў маім жыцці было некалькі зусім незвычайных паваротаў. Я гуляў у футбол у прафесійных мінскіх камандах, кіеўскіх, Вінніцы, Кішынёва, і быў адзіным футбалістам у былым Савецкім Саюзе, які скончыў вышэйшую школу трэнераў з чырвоным дыпломам. Аб гэтым тады шмат пісала спартыўная прэса. Аднак мне ўсяго гэтага было недастаткова, і я паступіў на факультэт журналістыкі. Друкаваўся ў розных газетах Беларусі. Пазней мяне друкавалі і “Правда”, і “Известия”.
Скончыўшы спартыўную кар’еру, не стаў трэнерам і не звязаў сябе са спортам. Пайшоў на мінскі завод імя Леніна працаваць рэгуліроўшчыкам радыёапаратуры. У мяне нядрэнна атрымоўвалася. Маю прадукцыю прымалі без праверкі. Выконваў шматлікія даручэнні — я быў кандыдатам у члены кампартыі. Узначальваў камсамольскі аператыўны атрад Савецкага раёна Мінска. Аб ім нават пісалі ў прэсе, а прыехаўшыя з Масквы кіношнікі знялі фільм. Аднойчы мяне запрасілі ў райкам і запыталіся: “Як вы глядзіце на тое, калі вас працоўны калектыў накіруе ў міліцыю?..”. Я адказаў: “Добра, толькі накіруйце мяне ў крымінальны вышук”. Вырашыў так, бо ўжо кантактаваў з работнікамі вышуку і быў больш маральна і псіхалагічна гатовы да гэтага. На заводзе адбыўся сход працоўных, дзе мяне рэкамендавалі ў крымінальны вышук і далі шмат наказаў. Мая наступная праца была звязана з раскрыццём злачыннасці.
Апынуўшыся ў крымінальным вышуку, я перавёўся з факультэта журналістыкі на юрыдычны. Але жаданне пісаць не знікла. І зноў адбыўся нечаканы паварот. Мяне лёс звязаў з добрымі людзьмі, якія працавалі ў галіне кнігавыдання. Яны і далі мне параду: у цябе вострае пяро, добрыя артыкулыў газетах ідуць, ты паспрабаваў бы сябе ў літаратуры... І я напісаў першую маленькую кніжку “Чацвёрты след”. Мне дапамог яе адрэдагаваць таленавіты журналіст Эдгар Найдзёнаў. І я падаўся ў выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Зайшоў у рэдакцыю, а там сядзяць два сталыя мужчыны. Убачылі мяне: “О, Чаргінец прышоў!”. Яны былі, як аказалася, футбольнымі фанатамі. Мяне пазналі: “Заходзь, дарагі Мікалай, заходзь, што ў цябе за сшытак?”. Я паказваю: “Вось напісаў аповесць, хацеў, шчыра кажучы, параіцца...”. У адказ пачуў: “Ну давай, пачытаем!..”.
Яны ператэлефанавалі праз тры дні.
Калі б мне сказалі, што ў мяне “не вельмі, напэўна, атрымліваецца”, — ніколі б не ўзяўся за пісанне. А гэта былі людзі добразычлівыя, якія з увагай ставіліся да маладых, да іх здольнасцей. Зараз нам такога стаўлення і не хапае, не ўмеюць людзі цаніць Боскую іскрынку, няхай яна, можа, яшчэ і недасканалая. Некаторыя ў нас лічаць, што вялікі пісьменнік павінен з’явіцца адразу. А тыя супрацоўнікі “Мастацкай літаратуры” аднесліся вельмі беражліва да пачаткоўца. Пахвалілі, параілі штосьці перагледзець, штосьці перарабіць. І зрабілі гэта ў такой добразычлівай манеры, што хацелася пісаць і пісаць.Калі я прынёс ім выпраўлены матэрыял, яны пачыталі і сказалі: “Цудоўная рэч, будзем друкаваць!”. Я хадзіў пасля па вуліцах, за 15 капеек пакупаў у шапіках сваю кніжку і думаў, што ўсе на мяне глядзяць. Потым гэта прайшло...
— Вашымі настаўнікамі былі, як вядома, і выбітныя беларускія пісьменнікі...
— Мне пашанцавала яшчэ і ў тым, што мяне лёс звёў з вялікімі нашымі пісьменнікамі. З Андрэем Макаёнкам, які быў тагачасным рэдактарам часопіса “Нёман”. Ён браў мае рукапісы, чытаў, крытыкаваў жорстка, але па-сяброўску, з жаданнем падтрымаць. Мною апекаваліся Васіль Быкаў, Іван Новікаў, Іван Чыгрынаў, Іван Шамякін. І гэтае сяброўства, і адносіны, і абмеркаванні маіх твораў мне дапамагалі расці, удасканальвацца, стаць на ногі. Я ніколі гэтага не забуду. Не магу не ўспомніць Уладзіміра Багамолава, з якім мяне пазнаёміў Васіль Быкаў. Багамолаў прыязджаў у Мінск з жонкай. Памятаю такі выпадак: калі захварэў на пнеўманію, мне жонка Багамолава, яна аказалася галоўным пульманолагам Масквы, выпісвала прэпараты для лячэння... І вось такія стасункі з выбітнымі пісьменнікамі спрыялі майму станаўленню як літаратара.
Яны не саромеліся сказаць добрае слова ў прэсе. Іван Чыгрынаў выступаў у прадмовах да маіх кніг, Васіль Быкаў у “Литературной газете” выступіў з вялікім артыкулам у падтрымку маіх твораў. У прыватнасці, адзначыў кнігі “Вам — задание” і “За секунду до выстрела”, напісаў прадмову да рамана “Финал краба”. Мусіць, не без гэтага я атрымаў на Усесаюзным конкурсе другую прэмію.
Першую не прысуджалі, а другую атрымалі я і Ардамацкі: я за за раман “Финал краба”, а ён за фільм “Мяжа”.Здаецца, я быццам бы выпадкова прыйшоў у літаратуру. Але ўсё гэта, зразумела, на было выпадковасцю. З таго, што адбылося напачатку літаратурнай дзейнасці са мною, я зрабіў выснову. І зараз, узначальваючы Саюз пісьменнікаў Беларусі, спрабую настроіць усіх маіх калег-пісьменнікаў на пошукі таленавітых людзей і аказанне ім дапамогі.
— Кажуць, таленты трэба падтрымліваць, дапамагаць маральна і фінансава, а бяздарнасць і так не прападзе, знойдзе шляхі-дарогі, каб быць на плыву...
— Трэба разумець пачаткоўцаў, асабліва калі яны ў першы раз звяртаюцца да аўтарытэтных выдаўцоў, каб не нашкодзіць таленту. Можа падацца, што чалавек прынёс “сыры” твор, але ж гэта толькі першая яго спроба! І, можа, сустрэчная добразычлівасць, падказка, дапамога народзяць нашай Беларусі новага Янку Купалу або Якуба Коласа. І яшчэ. Нам у Беларусі трэба вельмі сур’ёзна займацца стварэннем цэлай галіны пад назвай “Літаратурная крытыка”. Чым больш у нас будзе высокакваліфікаваных крытыкаў, тым лепей будуць творы, тым хутчэй праявяцца сапраўдныя таленты. У Саюзе пісьменнікаў Беларусі больш за 400 членаў. Мы ставім задачу выяўляць паболей сапраўдных талентаў, якім трэба дапамагаць развівацца ў імя нашай беларускай літаратуры.
— Асабліва гэта важна для моладзі...
— Ва ўсіх абласцях Беларусі нашы аддзяленні трымаюць сувязь з маладзёжнымі пісьменніцкімі арганізацыямі. Мы імкнемся ім дапамагаць. Праводзім “круглыя сталы”, семінары, спрабуем нешта даць карыснага для развіцця таленту. Да прыкладу, імкнемся выхоўваць самакрытычнасць. Гэта вельмі важна, бо нават сярод масцітых пісьменнікаў часам заўважаецца такая пазіцыя: я настолькі ўжо вялікі — дайце мне Нобелеўскую прэмію!.. Хочацца такога абарваць, трохі астудзіць: калі ты дасягнеш такога ўзроўню, дык сама прэмія цябе знойдзе, прыйдуць да цябе і слава, і поспех.
— Якія планы ў Саюза пісьменнікаў Беларусі?
— Намечаны цэлы шэраг важкіх мерапрыемстваў. Я вельмі рады, што мы стварылі разам з выдавецтвам “Харвест” “Бібліятэку Саюза пісьменнікаў Беларусі”. Першыя кнігі, якія ўвайшлі ў яе, — зборы твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа ў палепшаным выданні. Мы хочам уключыць у гэтую серыю пісьменнікаў, аб якіх рэдка ўспамінаецца апошнім часам. Хіба не заслугоўваюць увагі гонар нашай літаратуры — Іван Чыгрынаў, Іван Мележ, Панчанка, Максім Танк, Іван Шамякін? Творы гэтых пісьменнікаў будуць выдадзеныя першымі. Мы будзем старацца таксама, кааб цяперашнія творцы не засталіся паза ўвагай. Бо ў нашым Саюзе вельмі шмат годных літаратараў, якім трэба дапамагаць выдаваць іх творы, хоць зараз час цяжкі для выдання. Мы паспрыяем выданню кніжак Валянціна Лукшы, Міхаіла Пазнякова, пісьменнікаў з абласцей, такіх як Людміла Кебіч, Тамара Гусачэнка, Уладзімір Гаўрыловіч і іншых. Другі вельмі важкі накірунак — зрабіць усё магчымае дзеля таго, каб наша літаратурная крытыка, як я казаў ужо, развівалася. Мы ўпэўніліся: чым ніжэйшы будзе ўзровень літаратурнай крытыкі, тым менш з’явіцца добрых літаратурных твораў. Я разглядаю літаратурную крытыку як сродак развіваць здольнасці, дапамагаць новаму таленту праявіцца, а пісьменніку — хутчэй зразумець сябе. Мы стварылі ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі шэраг секцый: прозы, паэзіі, сатыры і гумару, дзіцячай літаратуры, патрыятычнай літаратуры, літаратурнай крытыкі і публіцыстыкі.СПБ стаў сузаснавальнікам літаратурных часопісаў. Мы імкнемся да таго, каб там працавалі прафесійныя крытыкі. На жаль, гэтага пакуль няма. Будзем усяляк старацца, каб часопісы дапамаглі развіццю літаратурнай крытыкі. У нашай краіне дзейнічае Інстытут літаратуры НАН Беларусі. Яго спецыялісты, мяркую, павінны дапамагчы ў распрацоўцы ідэй, праграм, знаёміць з сусветным досведам і гэтак далей.
Мы будзем абапірацца на вопыт творчай і грамадзянскай пазіцый нашых карыфеяў, такіх як Макаёнак, Шамякін, Танк, Мележ, Панчанка, Чыгрынаў. Наша задача — дапамагчы хутчэй з’явіцца новым талентам, новым здольным пісьменнікам. Для гэтага ва ўсіх нашых абласных арганізацыях і ў цэнтры — у Мінску — ствараем секцыі па рабоце з маладымі пісьменнікамі, па кантакце з імі.Праводзім “круглыя сталы”, семінары, аказваем дапамогу ў выданні іх альманахаў. Карпатлівая праца. Але мы бярэмся за яе, бо разумеем, што абавязаны гэта зрабіць. Мы ведаем, што існуюць тысячы маладых людзей, якія хочуць пісаць. З іх, можа, атрымаецца дзесятак добрых, сапраўдных пісьменнікаў. Але ж тое, што сёння малады піша, спрабуе сябе ў літаратуры, ніякім чынам не павінна адбіцца адмоўна на яго далейшым лёсе, на яго адукацыі, яго выхаванні. Да гэтага трэба падыходзіць з дзяржаўнага пункту гледжання. Не абавязкова, каб пачатковец стаў пісьменнікам. Але тое, што ён піша, тое, што аналізуе, спрабуе закрануць душу, свядомасць іншага чалавека, — гэта ўжо добра. Ён не будзе думаць аб тым, каб зрабіць дрэннае. Будзе думаць, як выкараніць дрэннае ў дзеяннях іншага чалавека, як яму падказаць правільна жыць.
Я і мае калегі па пяру разумеем цудоўна, што наспела пара часцей сустракацца пісьменнікам з чытачамі. Мы супрацоўнічаем і ўзгадняем свае планы з Міністэрствам культуры, Міністэрствам інфармацыі, Міністэрствам адукацыі і спрабуем наладжваць як мага болей такіх сустрэч, дзе мог бы раскрыцца пісьменнік.
Вялікай праблемай з’яўляецца выданне кніг. Таму мы вельмі ўдзячныя мясцовым органам улады, вышэйшаму кіраўніцтву краіны за дапамогу. Саюз спрыяе таму, каб на месцах больш увагі надавалі нашым заслужаным ветэранам, людзям, якія пражылі шмат дзесяткаў гадоў і заслужылі тое, каб іх творы выдаваліся. Я магу сказаць, што нашы звароты ў выканкамы — ці то раённыя, гарадскія, абласныя — як правіла падтрымліваюцца. Я ўдзячны кіраўнікам выканкамаў усіх рангаў за такое разуменне, за клопат аб нашых ветэранах, большасць з якіх — ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Мы вельмі задаволеныя, што нам удалося стварыць мемарыяльную залу ў Доме літаратараў, дзе размясцілі інфармацыю аб больш як 200 пісьменніках — удзельніках Вялікай Айчыннай вайны. Працягваем развіваць гэтую справу і зараз распачалі афармленне другой залы, каб гэта быў цэлы комплекс, куды можна прыйсці і пазнаёміцца з гісторыяй нашай беларускай літаратуры, убачыць твары пісьменнікаў, якія ваявалі. Мы аддаем даніну павагі ўсім гэтым людзям.
Бачым мы вялікую задачу і ў тым, каб сёння павысіць грамадскі ўзровень павагі да пісьменнікаў. Трэба прапагандаваць здзейсненае нашымі творцамі, знаёміць з імі і іх творамі працоўныя калектывы, грамадскасць. Мы зараз разглядаем пытанне аб выданні даведніка Саюза пісьменнікаў Беларусі і даведніка з расповедам аб кожным пісьменніку, куды ўвойдуць яго фота, кароткая біяграфія, інфармацыя аб яго творах.
— Цікава даведацца, якія вашы асабістыя планы?
— Зараз распачынаецца стварэнне па маім рамане “Сыны” новага шматсерыйнага фільма. “Сыны” — дарагая для мяне кніга. Яна аб афганцах. Я задаволены, што і тэатры зацікавіліся гэтым раманам. А ён заклікае да вялікіх роздумаў. Паказвае нашых хлопцаў, якія ваявалі ў Афганістане, для якіх галоўнае — радзіма, сям’я, абарона краіны.Наступіў у маёй пісьменніцкай працы перыяд пэўнага зацішша. Трэба сабрацца з думкамі. Матэрыялу хапае, каб зноў пачаць пісаць новае.
— Як вы ўсё паспяваеце — пісаць кнігі, сцэнарыі, займацца актыўнай працай у Саюзе пісьменнікаў Беларусі, сенатарскай дзейнасцю?..
— Цяжка адказаць. Але ўдаецца рабіць многае. Зараз у нашым Саюзе разглядаецца такое пытанне, як пісьменніцкі ганарар. Ён пачынае прыходзіць у супярэчанне з законам аб пенсіях. Пісьменнік, які выдаў у жыцці можа 5—7 кніжак, практычна прыходзіць да старасці як “бомж”. Але ж мастацтва нельга ацэньваць па мерках — колькі ты рыдлёвак зямлі перакінуў, хаця і тое таксама важна.
Але гэта зусім іншая сфера, з іншымі сістэмамі каардынатаў. Узнімаемае пытанне ў СПБ датычыцца асобаў усіх катэгорый культуры. Культура, не намі прыдумана, — патрабуе ахвяраў. І матэрыяльнага плану ў тым ліку. І дзяржава наша гэта разумее. Вельмі важна, каб гэта зразумелі ўсе і паціху знаходзілі магчымасць вырашаць дадзеныя праблемы.
Другое — нельга дапускаць, калі на свет з’яўляецца твор, які ніхто не чытае. Мы прыдумалі такую тактыку.Надрукаваць, скажам, літаратара-пачаткоўца, чалавека малавядомага ў буйных выдавецтвах праблематычна. Таму спрабуем, каб кнігу яго выдалі спачатку ў раёне. Нас у нашай справе падтрымліваюць выканкамы, калектывы, дзе працуе пэўны здольны пішучы чалавек. Калі з’яўляецца таленавіты твор, дык мы з выдавецтвам “Мастацкая літаратура” стараемся яго ўключыць у выдавецкія планы.
І яшчэ ў Беларусі, па сціплых падліках, ёсць ад 500 да 600 прыватных выдавецтваў. Ну што, скажыце, ці звалілася б у выдавецтва “карона”, калі б яно выдала за свой кошт хаця б адну новую кнігу ў год? Калі б такое адбылося — мы б ахапілі ўсіх пачынаючых пісьменнікаў. І выдавецтву была б з такой нагоды някепская рэклама. Гэтага мы абавязкова будзем дабівацца.
Наш Саюз заключыў дамовы аб супрацоўніцтве з Саюзам кампазітараў. Паэты і кампазітары — гэта ж перадумова з’яўлення добрага будучага музычнага твора. Заключана таксама дамова з Саюзам кінематаграфістаў. Пісьменнік, сцэнарыст, дзеяч кіно — атрымліваецца карыснае супрацоўніцтва.Прыемна тое, што мы заключылі цэлую серыю дамоў з замежнымі літаратурнымі аб’яднаннямі — з Сірыі, Румыніі, Малдовы, Расіі, Балгарыі. Да нас прыйшлі прапановы аб супрацоўніцтве з Кітая, Індыі, Турцыі. Практыка паказала, што пісьменнікі розных краін свету імкнуцца мець стасункі. Абмеркаванне людзьмі, якіх называюць “сумленнем нацыі”, “інжынерамі чалавечых душ”, злабадзённых праблем сучаснасці, адносінаў паміж краінамі, паміж літаратурамі, паміж мастацтвам — дае добрыя парасткі.
І апошняе. Мы будзем усяляк супрацьстаяць прымяншэнню значнасці сучаснай беларускай літаратуры.
Для нас вельмі важна, каб атмасфера ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі была нармальнай, добразычлівай, працоўнай. І дбаць пра тое.