Рэальны “дыягназ”: тыповы… беларускі?

№ 21 (1044) 26.05.2012 - 01.06.2012 г

Лялечныя тэатры краіны: на скрыжаванні трох тэндэнцый

У шэрагу айчынных тэатральных форумаў Беларускі Міжнародны фестываль тэатраў лялек, які з 15 па 20 мая, вось ужо ў сёмы раз, прайшоў на сталічных тэатральных пляцоўках, вылучаецца тым, што канцэпцыя прадугледжвае пэўны элемент “сюрпрызу” для гледачоў: беларуская частка афішы складаецца не па выніках працы арганізатараў ды адборшчыкаў, а згодна з тым, што самі тэатры лічаць мэтазгодным прапанаваць публіцы. Дадзеная форма, магчыма, не вельмі зручная з пазіцый фарміравання агульнафестывальнай палітыкі, аднак дае досыць красамоўныя падставы для аналізу таго, што ж сучасныя тэатры лічаць перспектыўным, на што робяць свае стаўкі? І, заадно, — у якіх момантах гэтыя стаўкі “выкрываюць” рэальныя “дыягназы” айчыннага тэатральнага працэсу.

На большасць беларускіх пастановак, заяўленых у афішы фестывалю, неаднойчы з’яўляліся рэцэнзіі на старонках “К”. Таму размову нашу мы скіруем у бок аналізу тэндэнцый, што выявіліся пад час фестывальных паказаў.

Кніжка, якая размаўляе

Апошнім часам надзвычай актывізавалася тэндэнцыя пастаноўкі на сцэнах тэатраў лялек спектакляў, асновай якіх з’яўляецца празаічная літаратура, часцей за ўсё — добра вядомая класіка. Прычыны гэтага — навідавоку. Адна з іх — адсутнасць актуальнага драматургічнага матэрыялу ды і проста аўтараў, якія б свядома пісалі для дзяцей, ды яшчэ з улікам спецыфікі тэатра лялек. Яшчэ адна — жаданне ўступіць у своеасаблівае саперніцтва з драматычным тэатрам: маўляў, мы, лялечнікі, таксама здольныя ставіць не толькі дзіцячыя забаўкі, але і сур’ёзныя спектаклі для дарослых. Што ж, сам па сабе гэткі пасыл — неблагі і заслугоўвае павагі. Не выпадкова ж пад час Нацыянальнай тэатральнай прэміі ўзнагароду за лепшую рэжысуру атрымаў Аляксей Ляляўскі за цалкам “дарослую” пастаноўку “Драй швэстэрн”, створаную менавіта ў тэатры лялек. Ды і, урэшце, варта выйсці на фінішную прамую ў справе пераадолення стэрэатыпу адносна таго, што тэатр лялек — гэта занятак несур’ёзны, дзіцячы.

/i/content/pi/cult/379/7439/7_1.jpg

Сёлетні фестываль тэатраў лялек яскрава пацвердзіў гэтую тэндэнцыю: у афішы фігуравала некалькі спектакляў па празаічных творах, сярод якіх — “Дзікае паляванне караля Стаха” паводле У.Караткевіча ды “Сабачае сэрца” паводле М.Булгакава. Галоўная стаўка, відавочна, рабілася на тое, што глядач пойдзе “на імя” аўтара. Іншая справа — што ў пастаноўцы ад гэтага самага аўтара застаецца...

Магілёўская версія “Дзікага палявання караля Стаха” ў рэжысёрскай інтэрпрэтацыі Вячаслава Корнева пазначана як “захапляльная гісторыя... для дзяцей і дарослых”, што, безумоўна, падштурхоўвала да разваг пра спектакль для сямейнага прагляду. Аднак, насамрэч, адраснасць гэтай пастаноўкі аказалася фармальнай. Не ў апошнюю чаргу з-за таго, што багаты свет караткевічаўскіх персанажаў рэжысёрскай рукой быў “выпрастаны” ў адну любоўную гісторыю, даволі банальную саму па сабе. І спроба пераказаць узаемаадносіны герояў гэтага твора, які мог бы прэтэндаваць на жанр трылера, мовай меладраматычнай прытчы сыграла з пастаноўкай нядобры жарт: дарослы глядач не атрымаў нічога з таго, што магло б заплесціся ў фантасмагарычны свет Караткевіча; дзіцячая ж аўдыторыя таксама не дачакалася свайго “экшну”. Вынік — “тыповы” беларускі спектакль: заснаваны на айчынным матэрыяле, у меру памяркоўны паводле выразных сродкаў, ён... не правакуе гледачоў на думкі аб убачаным пасля свайго заканчэння.

А вось “Сабачае сэрца” паводле Міхаіла Булгакава, прадстаўленае Гомельскім дзяржаўным тэатрам лялек, наадварот, літаральна “патанула” ў аўтарскім тэксце. Рэжысёр спектакля Рыгор Гольдман так настойліва імкнуўся давесці нам, што тэкст Булгакава цікавы і каштоўны сам па сабе, ажно ўся пастаноўка аказалася “падпарадкаванай” яго прамаўленню. З-за гэтага сцэнічнае дзеянне ў яго тэатральным разуменні аказалася паралізаваным. Сітуацыю не выратавалі ні велізарная труна з Клімам Чугункіным, ролю якога выконваў акцёр у жывым плане, ні дасціпныя выслоўі прафесара, што дзякуючы фільму сталі афарызмамі… Зрэшты, і сам Праабражэнскі ў выкананні Віктара Марозава нагадваў, хутчэй, анімацыйнага Ката Леапольда з яго “давайце жыць дружна”: настолькі відавочнай была памылка з прызначэннем на дадзеную ролю гэтага, самога па сабе яркага і таленавітага акцёра.

Абедзве работы чарговы раз падкрэслілі адну з распаўсюджаных памылак, якімі грашаць айчынныя (ды і не толькі) тэатры. Сам па сабе тэкст, што гучыць са сцэны, няхай нават самы выбітны і таленавіты, — гэта яшчэ не спектакль. І недастаткова “расфарбаваць” яго лялькамі ды адпаведнай мізансцэніроўкай. Для таго, каб з аднаго віду мастацтва — літаратурнага — “транскрыбіраваць” твор у іншае мастацтва — тэатральнае, нашмат важней за інтаніраванне адшукаць адпаведную сцэнічную стылістыку, выбудаваць уласную гісторыю. Значыць, іншымі словамі, — узяць на сябе функцыю драматурга, які абыдзецца з аўтарам ашчадна, далікатна, але — без залішняга піетэту, з разуменнем таго, што тэкст — гэта не стракатая і яркая покрыўка, якою можна расквеціць уласныя амбіцыі і прыкрыць недахопы прафесійнай прапрацоўкі пастаноўкі.

Спектакль як самамэта

Пад час аднаго з пасяджэнняў тэатральнага клуба, якія штодня ладзіліся ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек з мэтай арганізацыі дыскусійнай прасторы, узнікла пытанне: чаму ў дачыненні да значнай колькасці спектакляў, паказаных у рамках фестывалю, складваецца ўражанне, нібыта акцёры і рэжысёр “не зацікаўлены” ў гледачах і жыццё персанажаў на сцэне ніякім чынам не сплятаецца з інтарэсамі тых, хто знаходзіцца ў глядзельнай зале.

Сярод гэткіх “карцін у сабе” можна назваць такія пастаноўкі, як “Прынцэса і свінапас” паводле Х.К. Андэрсена Беларускага тэатра “Лялька” ці “Чароўная дудка” В.Вольскага Мінскага абласнога тэатра лялек “Батлейка”. Спектаклі, дакладна выбудаваныя і пралічаныя, здаецца, да апошняй кропкі, нават у аснове сваёй маюць прыём расповеду маленькім гледачам той або іншай гісторыі. Ды ўсё ж пад час прагляду не знікае ўражанне, быццам акцёры на сцэне загадзя ведаюць будучую рэакцыю сваіх гледачоў, а таму і не чакаюць яе — казка ж не можа спыняцца. Але ж у выніку спектакль ператвараецца ў “а-ля народную”, як у выпадку з маладзечанскай работай, ці больш дарагую шкатулку, якая цудоўна глядзіцца на вітрыне, ды... не паддаецца выкарыстанню.

Зрэшты, падобная тэндэнцыя — адзін з “бічоў” сучаснага беларускага тэатра. У пагоні за пацвярджэннямі ўласных творчых амбіцый і жаданнем стварыць “сапраўдны твор мастацтва”, рэжысёры часта забываюцца, што яшчэ з антычных часоў спектакль “існуе” зусім не на сцэне, а — у зале, ва ўспрыняцці тых, каму ён мусіць быць адрасаваны. Гэта — адна з рыс тэатральнага мастацтва, такая прыцягальная для тых, хто прыходзіць у тэатр з параднага ўвахода. Або не прыходзіць.

Мона- ці полі-

І яшчэ адну сапраўдную моду, уласцівую не толькі тэатру, але і, бадай, большасці з відаў мастацтваў, айчынныя лялечнікі таксама прадэманстравалі: імкненне гаварыць на ўсіх вядомых і даступных ім “мовах” адразу. Ужо даўно сталі “агульным месцам” размовы пра кліпавае мысленне сучаснага гледача і пра тое, што для падтрымання ўвагі яго неабходна ўвесь час нечым здзіўляць. Вось толькі рэжысёры па-рознаму разумеюць і ўжываюць гэтую тэхналогію “здзіўлення”.

Чаго асабіста я чакала, гледзячы на фестывальную афішу, дык гэта брэсцкага “Караля Ліра” ў пастаноўцы маладога пецярбургскага рэжысёра Аляксея Устаўшчыкава. Не толькі таму, што сёлетні тэатральны сезон падарыў беларускім гледачам шэраг яркіх пастановак, створаных менавіта ў Пецярбургу, такіх, як “Тры сястры” Льва Эрэнбурга або “Белая гісторыя” Тэатральнага таварыства “Комік-трэст”, а сам Брэсцкі тэатр лялек дзякуючы супрацоўніцтву з іншым маладым расійскім рэжысёрам — Русланам Кудашовым займеў у рэпертуары колькі спектакляў, прызнаных у свеце: “Месяц Сальеры”, “Халстамер”... Найбольш вабіла жаданне ўбачыць, як жа знакамітая шэкспіраўская гісторыя пакладзецца на лялечную спецыфіку.

Спектакль брэсцкіх лялечнікаў прадэманстраваў нам, у якім рэчышчы рухаецца сёння значная частка пастановак, адрасаваных інтэлектуальнаму гледачу: рэжысёр прапаноўвае нечаканыя “загадкі”, з разгадак якіх і мусіць скласціся карціна. Што ні рэч на сцэне, што ні персанаж — нагода для таго, каб мы ў зале пачалі звяртацца да ўласнага эстэтычнага ды інтэлектуальна-культурнага досведу і... пабудавалі ўласны спектакль — такі, якім кожны з нас здольны прачытаць шэкспіраўскую гісторыю. Вось толькі на пытанне “Пра што ж у выніку атрымалася пастаноўка?” я пасля яе прагляду так і не здолела адказаць. Не хацелася з’едліва жартаваць на тэму дзядзькі Ліра, які сядзеў на возе і старанна пакутаваў цягам дзвюх гадзін, ды... Імкненне да стварэння сцэнічнай поліфаніі ператварыла спектакль у какафонію прыёмаў і прыдумак, якія не стыкаваліся адно з адным, а існавалі быццам у калажы, з-за чаго агульная гісторыя, па сутнасці, распадалася на мноства дробных аб’ектаў увагі…

Але ж варта адзначыць, што фестываль прадэманстраваў нам і іншы шлях, які, на маю асабістую думку, шмат у чым здольны стаць выратавальным для тэатра лялек на шляху таго, як не страціць усведамленне ўласнай спецыфікі і адметнасці як віду мастацтва. Пра яго можна меркаваць па спектаклях “Вянчанне” Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек і “Пікавая дама” Гродзенскага абласнога тэатра лялек. Абодва яны прапанавалі нам, гледачам, шлях, згодна з якім асновай пастаноўкі становіцца не “ўся фантазія рэжысёра”, а адзін прынцып, што цягам дзеі дэманструе ўсе свае магчымыя бакі і “сакрэты”. У выпадку мінскага спектакля такім прынцыпам стала “ўраўноўванне” акцёра ў жывым плане і лялькі, за кошт чаго філасофская і надзвычай складаная для падрадковага сцэнічнага прачытання гісторыя Вітальда Гамбровіча ў рэжысуры Аляксандра Янушкевіча знайшла ўвасабленне. Гродзенцы ж зрабілі стаўку на “прыроду” лялек: марыянеткі ў спектаклі былі не проста метафарай існавання чалавека ў навакольным свеце. Дзякуючы бліскучым і тэхніцы работы з лялькай, і майстэрству акцёраў Дзмітрыя Гайдэля, Аляксандра Енджэеўскага, Віталя Лявонава і Ларысы Мікуліч мы не толькі ўбачылі, што за магчымасці хавае ў сабе марыянетка, але і сталі сведкамі таго, як на нашых вачах “ажывае” лялька, і як хрэстаматыйны сюжэт, скарыстаны і Пушкіным, і Чайкоўскім, пазбаўляецца напластаванняў акадэмізму ды важкасці, ператвараючыся ў забаўную і тонкую гісторыю.

У “Пікавай даме” рэжысёр Алег Жугжда прадэманстраваў, якія магчымасці тоіць у сабе тэатр лялек, калі рэжысёр не імкнецца мадэрнізаваць гэты від мастацтва, а ідзе шляхам вывучэння магчымасцей, якія маюцца ў яго арсенале, і, галоўнае, — разумее, што на сцэне немагчыма “прыкрыцца” ні аўтарскім тэкстам, ні дынамічнай зменай прыёмаў і форм існавання ўнутры спектакля. А можна толькі зачараваць гледачоў — ходам сваёй думкі, што знойдзе водгук у зале, ды ўменнем заглыбіцца ў разуменне не ўтылітарна-выяўленчай, а папраўдзе містычнай узаемаповязі акцёра і лялькі.

На здымках: сцэны са спектакляў форуму "Кароль Лір", "Вянчанне", "Пікавая дама" і "Сабачае сэрца".

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА