Эксклюзівы.by для Паўночнай Пальміры

№ 21 (1044) 26.05.2012 - 01.06.2012 г

У Санкт-Пецярбургу прайшлі Дні культуры нашай краіны: беларускі акорд прагучаў у сімфоніі Нявы

/i/content/pi/cult/379/7438/3_1.jpgЧым запомнілася паездка ў Санкт-Пецярбург? Прыязнай усмешкай: гараджан, турыстаў, Нявы. Змянялася надвор'е (чацвер - дзень прыезду нашай дэлегацыі - сустрэў спёкай, пятніца аказалася пахмурнай ды дажджлівай), але ўсмешка заставалася прыязнай, добразычлівай, адкрытай. Безумоўна, і з той прычыны, што тут распачаліся Дні культуры Беларусі... Санкт-Пецярбург - мегаполіс-музей, дзе апрача Эрмітажа, Меднага вершніка, Ісакія ледзь не кожны будынак выглядае гэткім велічным ды рарытэтным экспанатам, што выразна і пераканаўча дыхае эпохай... Падаецца, гэткім жа пашанотным ды чаканым эксклюзівам гэтымі днямі арганічна ўлілося ў пецярбургскую творчую прастору і беларускае шматграннае мастацтва, заўжды адкрытае для шчырага сяброўства ды супрацоўніцтва. Не, яно ніколі не было для мясцовых аматараў прыгожага нечым пабочным ды "іншаземным": у Санкт-Пецярбургу здавён жывуць ды працуюць тысячы беларусаў, якія пад небам Паўночнай Пальміры нястомна прапагандуюць, захоўваюць і пашыраюць шматлікія мастацкія праявы нашай творчай душы. Але цягам Дзён нашай культуры на гасцінных берагах Нявы беларускі акорд у пецярбургскай сімфоніі набыў асабліва выразнае гучанне. Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка адзначыў на сустрэчы ва Урадзе Санкт-Пецярбурга, што беларускія мерапрыемствы ў горадзе над Нявой сталіся ў рамках дзейнасці Міністэрства ў бягучым годзе знакавай культурнай акцыяй нашай краіны ў замежжы.

Cупрацоўніцтва: асаблівае, адметнае, узаемавыгаднае

/i/content/pi/cult/379/7438/3_2.jpgУ дзень адкрыцця Дзён культуры Беларусі губернатар Санкт-Пецярбурга Георгій Палтаўчанка знаходзіўся ў Мінску. Яго прыняў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік горада на Няве таксама прымаў удзел у рабоце Савета дзелавога супрацоўніцтва. Нашу дэлегацыю, якую ўзначальваў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка, у Смольным сустрэлі віцэ-губернатар Санкт-Пецярбурга Васіль Кічэджы, які курыруе, у тым ліку, і пытанні культуры, а таксама - старшыня Камітэта па культуры Санкт-Пецярбурга Дзмітрый Мясхіеў.

Васіль Кічэджы заўважыў, што сённяшняя сустрэча з беларускай дэлегацыяй - гэта працяг дыялога, які летась адбыўся паміж Прэм'ер-міністрам Рэспублікі Беларусь Міхаілам Мясніковічам і губернатарам Санкт-Пецярбурга Георгіем Палтаўчанкам. У горадзе на мінулым тыдні ладзіліся Дні Літвы, Кіпра. Але, як заўважыў Васіль Кічэджы, культурныя прэзентацыі беларусаў заўжды займаюць у пецярбургскім жыцці асаблівае ды адметнае месца... Такім чынам, усебаковае сяброўства і супрацоўніцтва з Беларуссю становіцца адным з важных вектараў дзейнасці пецярбургскіх улад. Па словах віцэ-губернатара, попытам у гараджан карыстаецца не толькі якасная беларуская прадукцыя, але і самабытнае беларускае мастацтва. Да прыкладу, доўгія авацыі выклікала нядаўняе выступленне "Песняроў" у Санкт-Пецярбургу. "Наша культурнае супрацоўніцтва, - падкрэсліў віцэ-губернатар, - заўжды было і будзе ўзаемавыгадным".

Міністр культуры Павел Латушка падзякаваў віцэ-губернатару за добрыя словы на адрас нашай краіны, прапанаваў правесці ў адказ Дні культуры Санкт-Пецярбурга ў Беларусі.

- Мы будзем рады вітаць вашых дзеячаў мастацтваў у нашай краіне, - зазначыў Павел Латушка. - Культурныя адносіны з Расійскай Федэрацыяй мы разглядаем у якасці прыярытэтных. У 2009-м быў праведзены Год культуры Расіі ў Беларусі, у 2010-м  - Год культуры Беларусі ў Расіі... Гэта былі маштабныя акцыі, што спрыялі больш глыбокаму спазнанню культур нашых краін, нашых народаў... Так, нашы стасункі апошнім часам вельмі актывізаваліся. У нас з'явіліся новыя фестывалі і праекты: да прыкладу - Уладзіміра Співакова, "Рускія сезоны" Андрыса Ліепы. Вялікую цікавасць выклікала і выступленне Валерыя Гергіева з аркестрам Марыінскага тэатра. Расія з'яўляецца адным з заснавальнікаў "Славянскага базару ў Віцебску"... Нашы калектывы - ансамблі і тэатры - таксама пастаянна выязджаюць у Расію. Нядаўна выступаў Дзяржаўны ансамбль танца. Рыхтуецца паездка Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Беларусі імя Г.Цітовіча. Словам, працэс супрацоўніцтва развіваецца актыўна. Шчыльныя сувязі і непасрэдна з Санкт-Пецярбургам. Дні культуры становяцца рэгулярнымі абменнымі мерапрыемствамі. Падпісана пагадненне паміж Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і расійскай Прэзідэнцкай бібліятэкай імя Б.М. Ельцына. Днямі было падпісана і пагадненне аб супрацоўніцтве Эрмітажа і нашага Нацыянальнага мастацкага музея. Я атрымаў вялікае задавальненне ад спектакля тэатра-фестывалю "Балтыйскі дом" у рамках нашага Міжнароднага тэатральнага фестывалю "Панарама"...

Старшыня Камітэта па культуры Санкт-Пецярбурга Дзмітрый Мясхіеў, вядомы рэыжысёр, які мае некалькі прызоў Мінскага Міжнароднага кінафестывалю "Лістапад", запэўніў, што нашы краіны маглі б плённа супрацоўнічаць не толькі ў кінематаграфічнай сферы. Удзельнікі сустрэчы дамовіліся аб далейшай актывізацыі культурных стасункаў. Вырашана скласці праграму сістэмнага супрацоўніцтва ў сферы культуры. Пэўная канкрэтыка ўжо вядома: беларускі бок прапанаваў правесці ў Санкт-Пецярбургу Дні беларускага кіно, расійскі - заклікаў паўдзельнічаць майстроў нашага мастацтва ў Санкт-Пецярбургскім міжнародным культурным форуме...

Наш унёсак у Дзень музеяў/i/content/pi/cult/379/7438/6_1.jpg

У горадзе тым часам распачыналася Ноч музеяў. Для Пецярбурга, па словах яго віцэ-губернатара, - гэта вельмі вялікае свята. У горадзе - мноства музеяў, усе прымаюць у ім удзел, пастаянна пашыраючы спектр паслуг. Беларуская дэлегацыя наведала Ісакіеўскі сабор. Гэта - музей-запаведнік. Яго дырэктар Мікалай Бураў распавёў, што запаведнік трымае "пад крылом" чатыры гарадскія саборы. Леташні бюджэт своеасаблівай аб'яднанай установы дасягнуў эквіваленту 15 мільёнаў долараў, большая частка з якіх выкарыстоўваецца на рэстаўрацыю ўнікальных будынкаў і іх памяшканняў. Рэстаўрацыя практычна не спыняецца. Ісакіеўскі сабор, да прыкладу, знаходзіцца ў шыкоўным стане. І гэта прытым, што вір турыстычнай плыні тут не сціхае цягам усяго дня.

Чарговая падзея Дзён нашай культуры - адкрыццё экспазіцый Музея гісторыі беларускай літаратуры і Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Выставачным цэнтры Саюза мастакоў Санкт-Пецярбурга. Яны прысвячаліся жыццю і творчасці Максіма Багдановіча і Яна Баршчэўскага, лёсы якіх так або інакш былі звязаны з Санкт-Пецярбургам. Дарэчы, гэтая повязь уласцівая многім нашым землякам і цяпер: у Санкт-Пецярбургу пражывае 65 тысяч выхадцаў з Беларусі. Адна з іх - Ірына Рогава, прэзідэнт Фонду расійска-беларускага супрацоўніцтва "Белыя Росы", якая і сама прыйшла на выстаўку, і сваіх сябровак-настаўніц з Мінска прывяла... Намеснік старшыні Рэспубліканскага савета па справах культуры і мастацтва пры Савеце Міністраў краіны Анатоль Бутэвіч і старшыня Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп прэзентавалі ў Выставачным цэнтры нядаўна выдадзеныя грамадскім аб'яднаннем пры падтрымцы Міністэрства культуры твор Уладзіміра Караткевіча "Дзікае паляванне караля Стаха" і трохтомнік Максіма Багдановіча з трыма вершамі класіка на дзесяці мовах...

/i/content/pi/cult/379/7438/3_3.jpgГалоўная падзея пазамінулай пятніцы - урачыстае адкрыццё Дзён культуры. Яно адбылося ў Дзяржаўнай акадэмічнай капэле імя М.І. Глінкі. Зала была паўнюткай. Перад прысутнымі выступілі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка і старшыня Камітэта па культуры Санкт-Пецярбурга Дзмітрый Мясхіеў. Потым адбыўся канцэрт Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, заслужанага дзеяча мастацтваў Расіі Аляксандра Анісімава. Многія пецярбуржцы даўно чакалі выступлення знанага калектыву, таму і бясконца выклікалі аркестр на біс. Потым музыканты скажуць: "І ў Іспаніі былі, і ў Японіі апошнім часам, але такой залы, як у Пецярбургу, даўно не бачылі..." А самы прыгожы букет кветак атрымала наша знаная цымбалістка Вераніка Прадзед, якую зала неаднаразова запрашала на паклон!

 

Беларускі Санкт-Пецярбург

Яшчэ ў час сустрэчы з Урадам Санкт-Пецярбурга ў Смольным міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка згадваў пра тое, што з горадам на Няве Беларусь знітоўваюць старадаўнія духоўныя стасункі, якія наўпрост паўплывалі на станаўленне нашай нацыянальнай адметнасці.

Менавіта ў Санкт-Пецярбургу, так атрымалася, Іван Дамінікавіч Луцэвіч, наш Пясняр, займеў свой знакаміты псеўданім “Янка Купала”. Менавіта ў горадзе на Няве ў ХІХ стагоддзі з поспехам дзейнічала наша выдавецтва “Загляне сонца і ў наша ваконца”. У 1907-м выдавецтва распачало выпуск серыі “Беларускія песняры”. Былі надрукаваны творы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча, Адама Міцкевіча… Наклад кожнай кніжкі — 4300 асобнікаў… І менавіта ў Санкт-Пецярбургу Янка Купала стварыў зборнік вершаў “Жалейка”, а таксама п’есу “Паўлінка” і паэму “Курган”. З Пецярбургам звязаны і лёс знакамітага Яна Баршчэўскага…

/i/content/pi/cult/379/7438/6_2.jpgСтажыроўкі, піяр і "ПІ-АРТ"

Суботні дзень 19 мая падаўся гэткім жа феерычным, як і папярэдні. Наша дэлегацыя наведала Дзяржаўны Эрмітаж. Натуральна, эмоцыям ды ўражанням не было мяжы! А ў мясцовым Універсітэце культуры і мастацтваў была прадоўжана гаворка пра далейшае развіццё міжнародных стасункаў у сферы адукацыі. Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка і рэктар Аляксандр Тургаеў абмеркавалі кірункі супрацоўніцтва. Дасягнулі згоды, у прыватнасці, адносна падпісання адпаведнай дамовы паміж Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў і нашым Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў.

Ва ўніверсітэце адбылася і сустрэча з прадстаўнікамі беларускай дыяспары, якія адзначылі, што Дні культуры выклікалі ў горадзе цікавасць. Міністр культуры Павел Латушка заўважыў, што апошнім часам Міністэрства шмат робіць для таго, каб на заканадаўчым узроўні вызначыць падыходы да больш дзейснага супрацоўніцтва з беларусамі замежжа. Да прыкладу, прынята пастанова Савета Міністраў, у якой зацверджана канцэпцыя Дзяржпраграмы "Беларусы ў свеце". Міністэрства завяршае распрацоўку ўласна самой праграмы. "Мы спадзяёмся, - зазначыў Павел Латушка, - што праграма будзе прынята ў бліжэйшы час. Міністэрства культуры Беларусі выступае за актыўнае супрацоўніцтва з беларускімі суполкамі за межамі краіны".

/i/content/pi/cult/379/7438/6_3.jpgМіністр дадаў, што стасункі з арганізацыямі суайчыннікаў наладжваюцца праз Кансультатыўны савет па справах беларусаў замежжа, які быў створаны пры Мінкультуры. У савет увайшлі прадстаўнікі больш чым дзесяці краін. Чарговае яго пасяджэнне адбудзецца пад час IX Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у Гродне.

Сустрэча ва Універсітэце культуры і мастацтваў закончылася шыкоўным канцэртам. Студэнты, у тым ліку і з Беларусі, будучыя работнікі культуры вялі гэтае мерапрыемства на беларускай мове. Гучала музыка, выступіў студэнцкі хор.

У Асабняку Румянцава, філіяле Музея гісторыі Пецярбурга, адкрылася выстаўка Уладзіміра Цэслера. Творчую каманду свайму беларускаму сябру склалі знакамітыя спевакі Андрэй Макарэвіч і Аляксандр Разэнбаўм. Сваёй выстаўкай "ПІ-АРТ" Уладзімір Цэслер літаральна агаломшыў Санкт-Пецярбург. Творца перакананы, што стаўленне мастака да яго творчасці адлюстроўваецца іррацыянальным лікам ПІ . Кожная работа майстра сведчыла, што дызайн-канцэпцыі і арт-аб'екты Цэслера - своеасаблівы вынік творчага асэнсавання і ацэнкі сённяшняга сусветнага мастацтва.

А на пляцоўцы Музея вады выступіў Заслужаны калектыў "Ансамбль народнай музыкі "Бяседа" пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Леаніда Захлеўнага...

Самы час згадаць пра тое, што наша дэлегацыя пабіла рэкорды па колькасным складзе. Як заўважалі пецярбуржцы, і з якасцю нашага мастацтва таксама ўсё як мае быць... І апошнім пунктам праграмы стаў наш удзел у Ночы музеяў. Горад-музей на пачатку белых начэй развітваўся з беларускімі гасцямі. І рабіў гэта па-ранейшаму шчыра, адкрыта, прыязна, разумеючы, што за чарговымі развітаннямі абавязкова будуць чарговыя спатканні...

Фота аўтара, Віктара АЛЬШЭЎСКАГА і Наталлі ШАРАНГОВІЧ

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"