Панікоўскі ў СДК

№ 20 (1043) 19.05.2012 - 26.05.2012 г

Хэдлайн рэгіёна: выйсці з наезджанай каляіны

Што такое фандрайзінг, з чым яго, так бы мовіць, "ядуць" і навошта ён патрэбны дырэктару СДК або Цэнтральнай раённай бібліятэкі? Пытанне гэтае - зусім не другаснае, як можа падацца на першы погляд.

"Што гэта - фандрайзінг?"

Неаднаразова пад час нашых тэлефанаванняў у рэгіёны з просьбай распавесці пра цікавы праект ці рэалізаваную ідэю многія начальнікі аддзелаў культуры паўтаралі адную і тую ж фразу: "Нічога адметнага у нас апошнім часам не адбылося...". Яшчэ большы казус атрымаўся тады, калі на пытанне пра прыклады фандрайзінгу ў раёне супрацоўніца аднаго з дамоў культуры нават разгубілася: "А што гэта такое - фандрайзінг?"

Што ж, для пачатку - крыху лікбезу. Фандрайзінг (ад англійскага "fundraising") - гэта дзейнасць па зборы сродкаў, фарміраванні разнастайных фінансавых фондаў, у прыватнасці, і для дабрачынных ці адукацыйных мэт. Такім чынам, для сферы культуры фандрайзінг - гэта пошук і прыцягненне дадатковых сродкаў фінансавання.

Што гэта азначае на практыцы? Вельмі простую рэч: дырэктар РДК ці школы мастацтваў не ходзіць па прадпрыемствах раёна з адвечнай просьбай "Дай мільён!", як незабыўны Панікоўскі з "Залатога цяляці", а прапаноўвае кіраўнікам арганізацый рэальны праект (або некалькі), якія могуць іх зацікавіць у рэкламным, дабрачынным, сацыяльным ці нават эканамічным аспектах.

Прыкладаў фандрайзінгу ў сферы культуры на Беларусі, на жаль, пакуль што не так ужо і шмат. Але ўзгадаю хоць бы некалькі. Сярод маштабных - правядзенне Ашмянскім райвыканкамам разам з прыватнай турыстычнай фірмай вядомага "Гальшанскага фэсту", які сёння актыўна рэкламуецца па тэлебачанні. У гэтым жа шэрагу - праект узвядзення Музея Дастаеўскага ў вёсцы Дастоева, прапанаваны кіраўніком сферы культуры Іванаўскага раёна Уладзімірам Шэляговічам. Пра абавязковую рэалізацыю гэтай ідэі загаварылі не толькі на рэспубліканскім, а і на міждзяржаўным узроўні. Таксама, як вядома, многія рэгіёны Гродзеншчыны і Брэстчыны досыць няблага працуюць з праграмамі трансгранічнага супрацоўніцтва. Напрыклад, Літаратурны музей у Гудзевічах Мастоўшчыны здолеў прыцягнуць пад рэканструкцыю ўстановы і абнаўленне экспазіцый больш за 200 тысяч еўра...

У Лідзе з дапамогай спонсараў ладзіцца Адкрыты турнір па спартыўных бальных танцах. Удзел у ім прымаюць каля 160 пар з усёй Беларусі. А, да прыкладу, Таццяна Спяцанава з Падсвільскага гарпасялковага дома культуры Глыбоцкага раёна правяла ў сваёй установе вечар-сустрэчу з землякамі. І атрымала ад іх падарунак - ноўтбук... Пра тое мы пісалі пару нумароў таму. Скажаце, не такі ўжо і маштабны вынік працы? Але, на жаль, нават падобнай выніковай дзейнасцю можа пахваліцца не так ужо і шмат нашых СДК ці сельскіх бібліятэк.

За спонсарам!

Так што прыклады наладжанага фандрайзінгу ў сферы культуры краіны ёсць. Але, на жаль, як ужо казаў, іх не так многа. Ды і тыя, што маюцца, звычайна разлічаны на раённага спажыўца.

А зрабіць з раённага рэспубліканскі ці міжнародны праект не так ужо і складана. Чаму б, напрыклад, не зладзіць канцэрт або выступленне творчага ансамбля не ў СДК, а каля старадаўняй сядзібы? Натуральна, папярэдне правёўшы пры гэтым актыўную рэкламна-інфармацыйную кампанію?.. Да таго ж, прыцягненне ўвагі да аб'екта гісторыка-культурнай спадчыны, магчыма, паспрыяла б яго адраджэнню ці продажу на аўкцыёне...

Іншыя акцыі таксама цалкам рэальна "кладуцца" на нашу культурную глебу. Можна, напрыклад, зладзіць конкурс "Сфатаграфуем любімы куток роднага горада", як гэта зрабілі ў расійскім гарадку Эпіфань, і выдаць па выніках фотаальбом, які адразу ж раскупяць усе удзельнікі ды іх родныя, сябры. Можна працаваць над увасабленнем не толькі акцыі "Ноч музеяў", а і Ночы бібліятэк (як у Слуцкім раёне Міншчыны), распрацаваць крэатыўны праект "Свята рыбы" з байкерамі на водных матацыклах, фаер-шоу, продажам рыбы (як на Мядзельшчыне)...

Прыклады можна доўжыць. Несумненна адно: спонсара ці мецэната цікавяць звычайна дзве рэчы: на што канкрэтна былі патрачаны іхнія грошы і наколькі яркай была тая або іншая імпрэза. А вось з апошнім даволі складана. Бо заўсёды хочацца правесці вечар ці дыскатэку па старым сцэнарыі, ехаць "па наезджанай каляіне"...

І менавіта на гэта звычайна наракаюць старшыні райвыканкамаў пад час паездак па сваіх раёнах. Прытым, што словы "брэнд", "крэатыў", "агрэсіўны маркетынг" даўно павінны былі б стаць галоўнымі пры распрацоўцы мерапрыемства. На жаль, такое адбываецца не ўсюды і не заўжды.

Выхад з замкнёнага кола

У сувязі з гэтым паўстае і іншае пытанне. Фандрайзінгу і агрэсіўнаму маркетынгу на Беларусі пакуль культработнікаў не вучаць. Няма і спецыяльных курсаў ні ў Інстытуце культуры Беларусі, ні ў абласных метадычных цэнтрах краіны. Няма і ніякіх метадычных распрацовак па фандрайзінгу, якія мог бы, прыкладам, выдаваць той жа Інбелкульт.

Магчыма, у будучым, калі назапасіцца шмат прыкладаў паспяховага ўкаранення фандрайзінгу ў сферы культуры Беларусі, гэты вопыт будзе абагулены і выдадзены. Таксама няблага ўвесці ў штат аддзелаў культуры спецыялістаў па планаванні і праектах. Менавіта такія профі з нядаўняга часу працуюць у мясцовых органах улады Латвіі і Літвы, і іхняя дзейнасць даказала сваю эфектыўнасць.

Але гэта не азначае, што культработнікі на месцах павінны сядзець склаўшы рукі ў чаканні парад і прапаноў. Хто перашкаджае самім ствараць запатрабаваныя праекты, шукаць ідэі ў Інтэрнэце, вучыцца праектнай рабоце, наладжваць узаемаадносіны са спонсарамі і мецэнатамі ды дзяліцца досведам з калегамі на старонках нашай газеты? Ніхто. Але ж пакуль "культураўцы" самі тэлефануюць у рэгіёны і знаходзяць крэатыў. Ды і па прыездзе ў той або іншы рэгіён Беларусі цікавых праектаў там - кот наплакаў. І ці зменіцца гэтая сітуацыя ў хуткім часе - пытанне з досыць няпэўным адказам. Але ж будзем аптымістамі...


А ці ёсць у вашай практыцы прыклады фандрайзінгу? Пішыце на адрас: 220013, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 77 або kultura@tut.by, тэлефануйце ў рэдакцыю па нумары 8-017-334-57-23, абмяркоўвайце тэму на www.facebook.com/kimpressby!

Нам важная менавіта ваша думка!

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"