Якое яно, неба над Мінскам?

№ 20 (1043) 19.05.2012 - 26.05.2012 г

“Асамбляж на тэму…” вачыма Ханса Баўма

/i/content/pi/cult/378/7435/13_2.jpegНямецкі праграміст Ханс БАЎМ прыехаў на Беларусь па працы: да нядаўняга часу ён узначальваў буйную IT-кампанію. Мабыць, у 1994 годзе нават цяжка было меркаваць, што пабочным вынікам гэтай адказнай місіі стане цэлая выстаўка даволі дзіўных паводле сваёй тэхнікі твораў - калажоў ды асамбляжаў, - якая працуе цяпер у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. Яе назва досыць красамоўная: "18 гадоў на Беларусі". Нягледзячы на знарочыста сумбурны характар саміх твораў, "справаздача" дазваляе меркаваць, што той час для аўтара быў праведзены не дарэмна. Зрэшты, ён і сам так мяркуе.

- Як вы лічыце, калі б васямнаццаць гадоў таму лёс занёс вас не на Беларусь, а ў нейкую іншую краіну, ці атрымалася б гэтая выстаўка такой самай?

- Я чамусьці падазраю, што недзе на беразе Індыйскага акіяна ў мяне з'явіліся б зусім іншыя творы. Праўда, не ведаю, якія менавіта.

- Па прафесіі вы не мастак. Творчасць для вас - гэта хобі альбо альтэр-эга?

- Можа, калісьці яна і была для мяне хобі, але ўжо даўно стала страсцю, неад'емнай часткай жыцця. І, у пэўнай меры, адхланнем ад той напружанасці, што назапашваецца ў прафесійнай дзейнасці, а таксама, зрэшты, і спосабам баўлення вольнага часу. Асабліва ўзімку, калі па вуліцы надта не пашпацыруеш...

- І вось што цікава! Высокія тэхналогіі не знайшлі ніякага адлюстравання ў вашых творах...

- Гэта сапраўды так, калі не лічыць серыі з чатырох карцін, дзе выкарыстана "начынне" дапатопных камп'ютараў і аднаго калажу, заднікам якога стаў прынт з мовай асэмблера. Высокіх тэхналогій мне цалкам дастаткова ў жыцці. Я праводжу за камп'ютарам амаль цэлы дзень, і ў вольны час стараюся трымацца ад яго як мага далей. Праца і творчасць для мяне - гэта паралельныя прамыя. А яны, як вядома, не перасякаюцца...

- Дзесьці ў нетрах свядомасці сучасніка гняздуе стэрэатып, паводле якога hi-tech - гэта сур'ёзна і прэстыжна, а вось мастацтва...

- Даруйце, але што значыць: "сур'ёзна"? IT-тэхналогіі я лічу дапаўненнем да мастацтва - і наадварот.

- Вы выкарыстоўваеце нязвыклую тэхніку асамбляжу, укліньваючы ў мастацкія творы "знойдзеныя прадметы" - побытавыя рэчы. Ці ёсць у гэтым нейкая філасофія?

- Гэта проста заканамерны этап эвалюцыі. Доўгі час я ўтрапёна займаўся жывапісам, потым перайшоў да двухвымерных калажоў, а ўжо затым вырашыў разнастаіць іх аб'ёмнымі прадметамі. Зрэшты, як падаецца, нават гэтая пара для мяне ўжо прамінула. Увогуле, у розныя перыяды жыцця я захапляюся рознымі методыкамі творчасці - як, напэўна, і любы мастак. І вельмі рэдка вяртаюся да старога.

- Што найбольш уплывае на ваша ўспрыняцце тых або іншых мясцін: людзі, побыт, культура?

- Перш-наперш гэта - ландшафт і неба. Нідзе на свеце няма такога неба, як па-над Мінскам! Наступны паводле значнасці фактар - вядома, людзі, мае калегі і сябры. Далей - атмасфера і рытм жыцця, побыт...

- З апошнім фактарам вам давялося сутыкнуцца ўшчыльную.

- Гэта было вельмі няпроста. Тым больш, у 1994 годзе побытавыя ўмовы тут і сапраўды былі для мяне вельмі нязвыклымі. Прыкладам, як знайсці прадуктовую краму? У Мінску яны тады выглядалі іначай, чым у Германіі: іх вокны былі закрыты фіранкамі, і нічога не казала пра тое, што там прадаюць ежу. Апрача, вядома, кірылічных надпісаў, чытаць якія я тады не ўмеў. Трохі прасцей было са словам "кавярня". Я досыць хутка яго засвоіў, аднак неўзабаве пераканаўся ў тым, што яно часцяком абазначала тут нешта іншае, чым у мяне на радзіме, - зусім не тое месца, дзе можна павячэраць. Таму на першых парах я нават паесці не мог без старонняй дапамогі.

Зрэшты, праз кароткі адмежак часу пазітыўныя ўражанні пераважылі ўсе нязручнасці. Вельмі ўразілі працавітасць, зацікаўленасць ды прафесіяналізм маіх беларускіх калег. Тым больш, між намі хутка ўсталяваліся папраўдзе сяброўскія адносіны.

- А ці не падаецца вам, што за васямнаццаць гадоў умовы побыту на Беларусі істотна змяніліся?

- Гэта неаспрэчна! Можна параўнаць і адзенне мінакоў, і тыя аўтамабілі, што ездзяць па вуліцах Мінска. Да таго ж, і яміны на дарогах канчаткова зніклі. Васямнаццаць гадоў таму было мала прыстойных кавярняў, а нармальны выбар прадуктаў - толькі на Камароўцы. Цяпер жа ўсё, канешне ж, зусім іначай... Як мне падаецца, на той узровень развіцця, які Еўропа дасягнула за сорак - пяцьдзясят гадоў, тут выйшлі ўсяго за дваццаць. Вядома, гэта ўражвае. Але ж мушу зазначыць, што прагрэс - гэта заўсёды палка з двума канцамі. Васямнаццаць гадоў таму цэнтральныя мінскія праспекты яшчэ можна было перайсці спакойным крокам, - сёння ж светлафоры працуюць так, што чалавек вымушаны літаральна бегчы. І гэта датычыцца ўсіх аспектаў нашага жыцця!..

Фота Юрыя ІВАНОВА