ЯК МАТЫЛЁК У ПОЛЫМІ СВЕЧКІ…

№ 20 (1043) 19.05.2012 - 26.05.2012 г

Мікалай Неўрэў: ад дэтэктыву да драмы ў Лыскаўшчыне

(Заканчэнне. Пачатак у №№ 18 - 19.)

/i/content/pi/cult/378/7430/2-1.jpeg...Пасля серыі канфліктаў з найвышэйшым кіраўніцтвам Чарняеў папрасіўся ў Аранбуржжа, дзе ішла вайна з цюркамі-качэўнікамі - ворагамі Расійскай Імперыі. І тут ён стаў "прафесіяналам стэпавай пагранічнай вайны". Затым быў Каўказ, баі з горцамі. Потым - ізноў Сярэдняя Азія, дзе падпалкоўніка, камандзіра кавалерыі Чарняева за храбрасць і мужнасць празвалі "Ташкенцкі леў". А хтосьці называў яго Ермаком XIX стагоддзя. Што цікава, мясцовыя жыхары вельмі па-добраму ставіліся да рускага афіцэра за тое, што ён паважаў мусульманскія звычаі, быў справядлівы да палонных і нават умудрыўся адмяніць у краі рабства! Ну чыстае самаўпраўства з пункта гледжання высокага сталічнага начальства! Але што было рабіць з такой папулярнай асобай, пра якую тады пісала прэса і расійская, і заходняя... Пайшлі на кампраміс: 38-гадоваму Чарняеву далі званне генерал-маёра, узнагародзілі залатой шабляй з дыяментамі і... ціхенька адклікалі з Туркестана. Па сутнасці - выкінулі з арміі, нягледзячы на бліскучыя перамогі ды асабістую выдатную ролю яго ў далучэнні да Расійскай Імперыі земляў, якія па тэрыторыі пераўзыходзілі Францыю, Германію і Італію, разам узятыя!..


Вось тады ён купіў газету "Русский мир" і пазнаёміўся з Неўрэвым, каго палюбіў за мастакоўскі талент ды яго падтрымку ідэй славянафільства. Але гэтае знаёмства пакуль не паспела перарасці ў цеснае сяброўства, бо нястрымнага, неўтаймоўнага, нястомнага Чарняева чакалі новыя прыгоды на ратным полі... Прашу прабачэння ў чытачоў, што так шмат распавядаю пра лёс генерала, нашага земляка, але, па вялікім рахунку, гэта - таксама "вяртанне імёнаў", няхай і па ваенна-гістарычнай "намінацыі".

Наступная сустрэча генерала і мастака адбылася, відаць, праз дзесяць з нечым гадоў, калі Чарняеў назаўсёды пайшоў у адстаўку, вырашыўшы астатак свайго жыцця правесці на сваёй малой радзіме - у родавым маёнтку на Беларусі. Але да гэтай адстаўкі ў біяграфіі героя было яшчэ шмат усялякіх падзей, за якімі Неўрэў уважліва сачыў праз газеты і часопісы. У 1875-м пачалося стыхійнае паўстанне сербаў супраць турэцкага прыгнёту, і на падтрымку славянам выправіліся рускія добраахвотнікі. Чарняеў, доўга не думаючы, без ведама расійскага Міністэрства замежных спраў, прапанаваў свае паслугі сербскаму князю Мілану Абрэновічу. Але Міністэрства замежных спраў не дало апальнаму генералу замежны пашпарт. Чарняеў выехаў у Маскву і ўсімі праўдамі ды няпраўдамі, з дапамогай сябра Міхаіла Хлудава, усё ж атрымаў гэты дакумент. Чыноўнікі тут жа спахапіліся і па тэлеграфе ў адпаведныя інстанцыі накіравалі "маланку": затрымаць Чарняева! Але той з дапамогай маскіроўкі праехаў некалькі дзяржаўных граніц і ў красавіку 1876-га апынуўся ў Бялградзе. За ім прыехаў і верны Хлудаў. Вельмі маляўніча апісаў вобраз вясёлага гулякі Хлудава і гэты эпізод з Чарняевым Уладзімір Гіляроўскі ў сваёй кніге "Масква і масквічы" (раздзел "Купцы").

Праз тры месяцы Сербія і Чарногорыя афіцыйна абвясцілі вайну Турцыі, а галоўнакамандуючым сербскай партызанскай арміі быў прызначаны Чарняеў, які за кароткі тэрмін змог нанесці некалькі паражэнняў туркам. Але 17 кастрычніка 1876 года ў баі ля Джуніса ён пацярпеў буйную няўдачу - адзіную ў сваёй ваеннай кар'еры. У выніку знясільваючая вайна была прайграна, і таму стала ракавой для рэпутацыі Чарняева. Так з'явілася цудоўная падстава для расійскіх ваенных чыноўнікаў зрабіць генерала вінаватым ва ўсім. І толькі тады на дапамогу Сербіі, ужо афіцыйна, прыйшла рэгулярная армія Расіі. Туркі спынілі агонь і пайшлі на перамір'е. Так скончылася сербска-турэцкая кампанія, якая доўжылася роўна чатыры месяцы.

А што Чарняеў? Ён, так і не атрымаўшы даравання за самавольны ад'езд у Сербію, пакінуў гэтую раздзёртую, пашкуматаную краіну і пасяліўся ў Кішынёве. Яго забылі. Толькі ў 1882-м Аляксандр III рэабілітаваў героя і нават зрабіў яго членам Ваеннага савета і генерал-губернатарам Туркестана. Але такая пасада Чарняеву цяпер была патрэбна як сабаку пятая нага. Ён доўга ў Сярэдняй Азіі не пратрымаўся. У 1886-м канчаткова выйшаў у адстаўку. Антон Іванавіч Дзенікін пра перыяд адстаўкі генерала потым пісаў: "...Чарняеў застаўся ў ценю. Заваёўнік Ташкента жыў у адстаўцы, у крыўднай бяздзейнасці, на мізэрную пенсію, на якую, у дадатак, накладваў руку кантроль па бязглуздых, недарэчных падставах. І Чарняеў з горыччу рапартаваў: "Захаваю сабе ў суцяшэнне бясспрэчнае слова лічыць, што пакарэнне да падножжа рускага прастола вялізнага і багатага краю зроблена мною не толькі танна, але часткова і на ўласныя грошы". Заўважу: два гады чарняеўскіх паходаў каштавалі дзяржаўнай казне ўсяго 280 тысяч рублёў - мізэрная сума!

Такім чынам, захапіўшы з сабой Мікалая Неўрэва, Чарняеў /i/content/pi/cult/378/7430/15_1.jpegз'ехаў у свой родны маёнтак Тубышкі. Па дарозе сябры дамовіліся, што мастак будзе жыць і працаваць у доме чарняеўскай жонкі, што ў вёсцы Лыскаўшчына, якая, як я ўжо казаў, належыла памешчыку Уладзіміру Лапандзіну. На тым і вырашылі, бо Неўрэў даўно марыў "зліцца" з прыродай ды простым людам, апынуцца як мага далей ад спакус сталічнага жыцця, людской марнасці ды розных непрадбачаных і нечаканых канфліктаў у асяроддзі калег-мастакоў і заказчыкаў мастацтва. Тым больш, што пра прыгажосць прыроды Беларусі, акрамя Чарняева, Неўрэў мог чуць і ад тых творцаў, што нарадзіліся на Магілёўшчыне, альбо ад тых мастакоў, хто бываў у гэтых краях, напрыклад, ад Сяргея Заранкі, Міхаіла Мікешына, Адрыяна Прахава. Дарэчы, малая радзіма малодшага калегі па пэндзлі Неўрэва - Вітольда Бялыніцкага-Бірулі - вёска Крынкі знаходзіцца таксама непадалёк ад Лыскаўшчыны. Кажуць, што на пачатку мая 1947 года, перад прыездам у Мінск, Вітольд Каэтанавіч наведаўся ў Лыскаўшчыну: завітаў на магілу Неўрэва, паслухаў успаміны пра мастака тых вяскоўцаў, хто яшчэ быў жывы і памятаў яго. А яшчэ кажуць, што менавіта ён, малады Бялыніцкі-Біруля, тады ўжо даволі вядомы пейзажыст, пасля смерці Неўрэва выдаткаваў сродкі на ўзвядзенне каплічкі і пяціметровага дубовага крыжа на магіле няшчаснага мастака...

А вось што я нядаўна знайшоў у рускім ілюстраваным мастацка-літаратурным часопісе "Искры" (№ 18 ад 27 красавіка 1914 г.), які выходзіў штодзённа пры газеце "Русское слово". Заметка называлася "Памяці мастака". Вось гэты кароткі тэкст: "10 мая спаўняецца дзесяць гадоў з дня трагічнай смерці акадэміка жывапісу М.В. Неўрэва, які скончыў жыццё самагубствам у 70-гадовым узросце. Прычынай самагубства паслужыла расчараванне ў сваіх сілах у сувязі з балючай хваробай сэрца. У цяперашні час, пасля перыяду забыцця, гістарычныя і  - асабліва - жанравыя карціны Неўрэва сваёй праўдзівасцю і завершанасцю зноў абуджаюць жывую цікавасць у асяроддзі знаўцаў жывапісу. Надрукаваны партрэт мастака нарысаваны з натуры Васілём Дзмітрыевічам Паленавым у 1882 годзе для абрамцаўскага альбома С.І. Мамантава".

...Прайшлі гады. Цяпер тут, на беразе Грыбінскага вадасховішча, за пяць кіламетраў ад г. п. Круглае, знаходзіцца тая самая вёска Лыскаўшчына, у бібліятэцы мясцовай школы якой сабраны матэрыялы пра Неўрэва. Сам сённяшні экстэр'ер маёнтка ўяўляе з сябе ансамбль з ліп, што высаджаны па квадраце, і дом, дзе жыў ды працаваў мастак. І - магіла з ужо гранітным помнікам, на якім - партрэт жывапісца (у капелюшы) і надпіс: "Неўрэў Мікалай Васільевіч. Вядомы рускі мастак-дэмакрат. 1830 - 1904". Таксама на доме, дзе ён жыў, прымацавана адпаведная мемарыяльная дошка. У гэтым рэгіёне ў 1996 годзе па ініцыятыве мясцовых улад і Беларускага саюза мастакоў быў праведзены Першы (на жаль, пакуль і апошні) Міжнародны пленэр жывапісу памяці М.В. Неўрэва, у якім прынялі ўдзел беларускія ды расійскія мастакі. І яшчэ. У гарадскім пасёлку Круглае сёння працуе раённы гісторыка-краязнаўчы музей, у адной з залаў якога зроблена рэканструкцыя кабінета Міхаіла Чарняева з фатаграфіямі членаў яго сям'і і паплечнікаў па ратных справах. На тэрыторыі былой Мікалаеўскай царквы, якую калісьці пабудаваў бацька Чарняева - Рыгор Мікітавіч - і ад якой пасля рэвалюцыі засталіся толькі рэшткі цэнтральнага каркаса, можна пабачыць і мармуровы надмагільны помнік герою. Дзякуй землякам за памяць...

Што яшчэ сказаць? Беларуская зямля не толькі аддавала сваіх родных сыноў-мастакоў у чужаземныя прасторы свету, але і ласкава прымала ў свае абдымкі мастакоў-"чужаземцаў": Ілью Рэпіна, Івана Шышкіна, Мікалая Атрыганьева, Івана Трутнева, Івана Пахітонава, Юлія Клевера і шмат іншых, для каго Беларусь так ці інакш засталася асобай старонкай творчага жыцця. Іншая справа, што лёс іх складваўся не заўсёды ідэальна. Мікалай Неўрэў - з ліку такіх людзей, чыстых і высакародных, сумленных і апантаных, не заўсёды зручных для атачэння, бо яны, людзі асаблівага складу, аддавалі перавагу уласнай незалежнасці, а не мітусні навакольнага свету. І ў гэтай "незалежнасці" ад усяго "празаічнага", што побач, часам згаралі, як матылькі ў полымі свечкі...

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"