Кафедра Багдановіча

№ 20 (1043) 19.05.2012 - 26.05.2012 г

У рэчышчы Дзён культуры Рэспублікі Беларусь у Санкт-Пецярбургу

/i/content/pi/cult/378/7428/1-2.jpeg

Мноствам бачных і нябачных ніцей Максім Багдановіч і ягоная сям'я звязаны з Санкт-Пецярбургам. І зусім не выпадкова, што гэтымі майскімі днямі ў рамках Дзён культуры Рэспублікі Беларусь у горадзе на Няве будзе экспанавацца мастацка-дакументальная выстаўка з фондаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча.
Так, Марыя Апанасаўна, маці паэта, пасля заканчэння Мінскага Аляксандраўскага вучылішча паступіла ў Земскую настаўніцкую школу ў Пецярбургу, куды ёй дапамагла трапіць жонка губернатара Мінска, апякунка Марыі. У фондах Літаратурнага музея Максіма Багдановіча захоўваюцца каштоўныя сведчанні: дакументы аб паступленні ў настаўніцкую школу, вучэбныя праграмы, сачыненне "Семья в деле воспитания человека"... Бястужаўскія курсы ў Пецярбургу скончыла і Вера Іванаўна Гапановіч, стрыечная сястра Максіма. Соф'я Караленка, дачка вядомага рускага пісьменніка, была ейнай сяброўкай. Уладзімір Галакціёнавіч дапамагаў Веры ў пошуках кватэры пад час жыцця ў Пецярбургу. Яго паштоўкі з Ніжняга Ноўгарада да Веры Гапановіч, дзе гучыць занепакоенасць лёсам гэтай шчырай, абаяльнай дзяўчыны, цяпер таксама захоўваюцца ў фондах Музея Багдановіча.

Стрыечны брат Максіма, Яўген Секяржыцкі, таксама вучыўся ў
Пецярбургу - у Тэхналагічным універсітэце. Яго лёс у нечым блізкі да лёсу паэта: Яўген таксама пісаў вершы і артыкулы, друкаваўся ў рускіх перыядычных выданнях, да прыкладу, у часопісе "Сатирикон". У фондах Дома-музея М.Багдановіча ў Гродне захоўваецца зборнік вершаў класіка "Вянок". Але адметнасць выдання ў тым, што ў 1915 годзе гэтую кніжачку Яўген Секяржыцкі падарыў стрыечнай сястры - Ганне Валасовіч. Пазней на гэтай кнізе Адам Багдановіч, бацька паэта, зрабіў дарчы надпіс: "Ані ад яе брата Максіма". У выніку маленькі зборнічак вершаў аднаго ейнага брата і падарунак ад другога нібыта аб'ядноўвалі іх у сям'ю, раздзеленую гадамі ды краінамі.../i/content/pi/cult/378/7428/1-1.jpeg

Гучыць дзіўна, але менавіта Санкт-Пецярбург, разам з Вільняй, стаў горадам, які далучаў Максіма да Беларусі, да беларускай літаратуры. З 1906 года ў Пецярбургу дзейнічала суполка "Загляне сонца і ў наша ваконца", створаная па ініцыятыве Браніслава Эпімах-Шыпілы. З ім Максім Багдановіч пазнаёміўся пад час прыезду ў 1911-м у Вільню і пазней падтрымліваў ліставанне, як і з іншым членам таварыства - Яўгенам Хлябцэвічам. Суполка спрабавала наладзіць выпуск першага беларускага часопіса "Маладая Беларусь". Малады паэт з Яраслаўля ў лісце да супрацоўнікаў горача вітаў нараджэнне першага часопіса на беларускай мове, марыў аб публікацыі ў ім сваіх вершаў. Як ён піша, "...шчыра жадаў бы, каб гэтыя вершы мелі дзе-які культурны ўплыў на нашых песняроў...". Два лісты Максіма Багдановіча да супрацоўнікаў "Маладой Беларусі" цяпер захоўваюцца ў аддзеле рукапісаў бібліятэкі Акадэміі навук Літвы.

Калі ў 1911 годзе Багдановіч скончыў Яраслаўскую мужчынскую гімназію і паўстала пытанне аб атрыманні вышэйшай адукацыі, яго рашэнне было адназначным: філалагічны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. Былі падставы: як піша бацька паэта, "...прафесар Шахматаў звяртаўся ў Вільню ў рэдакцыю "Нашай Нівы" з просьбай рэкамендаваць яму маладога чалавека, які б пад яго кіраўніцтвам прысвяціў сябе вывучэнню мовы, этнаграфіі і гісторыі Беларусі для падрыхтоўкі да займання спецыяльнай кафедры па беларусазнаўстве...". Аўтарытэт Максіма Багдановіча ў рэдакцыі беларускай газеты быў настолькі вялікі, што менавіта ягоную кандыдатуру рэкамендавалі Аляксею Шахматаву. На жаль, мара не здзейснілася, ён не паехаў вучыцца ў Пецярбург з прычыны захворвання на сухоты і мусіў паступіць на юрыдычны факультэт Дзямідаўскага юрыдычнага ліцэя ў Яраслаўлі.

/i/content/pi/cult/378/7428/1-3.jpegУ Санкт-Пецярбургу жыла Ганна Рафаілаўна Какуева, якой Багдановіч прысвяціў паэмы "Вераніка", "У вёсцы" і многія іншыя. З гэтай прыгожай дзяўчынай, напэўна, былі звязаны яго мары аб сумесным шчасці і сям'і. Максім пазнаёміўся з Ганнай праз Мікалая Какуева, аднакласніка па Яраслаўскай мужчынскай гімназіі, часта бываў у іхнім доме, дзе знаходзіў цяпло і ўтульнасць. Пасля заканчэння Маскоўскага Аляксандраўскага інстытута яна паступіла вучыцца ў Пецярбургскую кансерваторыю, выйшла замуж і пражыла ў гэтым горадзе ўсё жыццё...

А цяпер у Санкт-Пецярбургу жывуць родныя Ганны Рафаілаўны, з кім супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча падтрымліваюць шчыльныя стасункі. У фондах установы захоўваюцца перададзеныя імі каштоўныя матэрыялы, у першую чаргу - арыгінальны фотаздымак Багдановіча з дарчым надпісам Мікалаю Какуеву, фотаздымкі Ганны і ейнай сям'і, яе асабістыя рэчы, дакументы аб навучанні ў кансерваторыі і ноты.

На жаль, у верасні мінулага года пайшоў з жыцця Мікалай Іванавіч Какуеў - сын Ганны Рафаілаўны, адданы сябра музея. Менавіта ён перадаў архіў сваёй матулі ў Музей Максіма Багдановіча, дапамагаў матэрыяламі, кансультацыямі ў стварэнні часткі экспазіцыі, прысвечанай ёй...

Цёплае сяброўства звязвае супрацоўнікаў Музея Максіма Багдановіча і з іншымі пецярбуржцамі. У іх ліку - Маргарыта Сяргееўна Пярова, унучатая пляменніца Івана і Антона Луцкевічаў, вядомых дзеячаў беларускага Адраджэння пачатку ХХ стагоддзя. Дзякуючы намаганням Пяровай фонды музея папоўніліся каштоўнымі экспанатамі, якія можна ўбачыць у экспазіцыі яго філіяла "Фальварак Ракуцёўшчына".

Такі ўклад уносяць нашы пецярбуржцы ў захаванне памяці пра Максіма Багдановіча. Спадзяёмся, сяброўства будзе працягвацца і мы адкрыем яшчэ не адну таямніцу беларускай гісторыі.

Ірына МЫШКАВЕЦ, загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела Літаратурнага музея Максіма Багдановіча