Крок ды крок. У які бок?

№ 20 (1043) 19.05.2012 - 26.05.2012 г

Бяспройгрышны варыянт... са згубленымі залацінкамі

/i/content/pi/cult/378/7427/2-2.jpeg

"Анюта" паводле чэхаўскай "Анны на шыі", пастаўленая ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі, - абсалютна бяспройгрышны варыянт. Балет ужо прайшоў "выпрабаванне публікай": 30 гадоў таму з'явіўшыся на тэлеэкранах, пасля быў увасоблены ў дзясятцы тэатраў. Гэта, пэўна, і ёсць выпрабаванне часам?

Сапраўды, публіка - у задавальненні, калі не ў экстазе. Маўляў, усё зразумела, бо ўласна танцы спалучаюцца з "нетанцамі", блізкімі да драматычнага тэатра. І так прыгожа! У сцэнаграфіі - таксама ўсё зразумела. І так шмат усяго! Не паспееш фрэскі храма разгледзець, як на сцэне ўжо іншая "карцінка". Тут і мэбля старадаўняя - ажно ў трох розных варыянтах (дзея ж не ў адным месцы адбываецца). І відарысы - лета-восень-зімачка. І ліхтарыкі запалены. І вочкі-акенцы ў доміках-хацінках свецяцца. Але наталіўшыся настальгіяй па такім рамантызавана-ўпрыгожаным "рэалізме", што пакінуў беларускую балетную сцэну яшчэ гадоў сорак таму, саступіўшы месца філасофска-асацыятыўным "фрэскам" Яўгена Лысіка, раптам ловіш сябе на думцы, што зазірнуць насамрэч хочацца не ў тыя акенцы, а ў вочы. І нават не Анюты, а самой Кацярыны Максімавай. Той самай, для якой калісьці і ствараўся гэты, падкрэслім, тэлебалет, дзе геніяльна проста, вельмі "кіношна" і надзвычай "балетна" быў зроблены мантаж буйных планаў: ручкі-ножкі - вочы.

Параўнанняў не пазбегнуць: экраннай версіі - са сцэнічнай, тых артыстаў - з гэтымі. Але мастацтва даўно ўжо распрацавала бездакорны варыянт, як пазбегнуць прыніжальнага падзелу на гатункі: першы, трэці ці вышэйшы. Выйсце - у розных намінацыях! Там экран - тут сцэна. Там расіяне - тут беларусы. Там ХХ стагоддзе - тут ХХІ-е. Між іншым, спрацоўвае! Ледзь выплывае туманная "фэнтазі-выява" ў сцэне сна - забываешся на параўнанні. Бо глядзіш! А вось у іншых сцэнах, бывае, пазяхаеш, хаця змяняюцца яны як быццам імкліва.

Так што цяперашняя пастаноўка - найперш, падручнік па рэжысуры: для тых, хто будзе ставіць балеты (шырэй - тэатральныя спектаклі), і для тых, хто будзе здымаць кіно. А таксама - падстава задумацца пра ролю рэжысёра ў балеце: невыпадкова ж многія сучасныя харэаграфічныя пастаноўкі маюць двух "аўтараў" - не толькі харэаграфа, але і рэжысёра.

А яшчэ пастаўленая ў нас "Анюта" - падручнік па псіхалогіі. Маўляў, за што мужчыны ХІХ стагоддзя маглі без памяці закахацца ў дзяўчыну? Няўжо і сапраўды - за прыгожанькія вочкі? Ажно не...

Бясспрэчная перавага Людмілы Хітровай, для якой Анюта сталася адной з першых цэнтральных партый, - надзвычай прыгожая, папраўдзе выразная ступня. Не проста ножкі (іх усё роўна за доўгай спадніцай не бачна), а менавіта ступня, якой у балеце называюць той чароўны выгін ад пальцаў да канца шчыкалаткі, які ўтрымліваецца, калі балерына ўзнімаецца на пуантах. Гісторыкі кажуць, што менавіта з-за гэтай часткі жаночай нагі і страчвалі розум нашы продкі. Памятаеце, у Пушкіна: "Сквозь чугунные перилы ножку дивную продень!". Гэта - менавіта пра такую ножку. Так што наш спектакль, можна сказаць, вяртае гістарычную праўду. І развейвае далейшыя міфы ХХ стагоддзя, што гераіня павінна быць асобай, яркай індывідуальнасцю - як, да прыкладу, тая ж Вольга Гайко, якая, здавалася б, прызначана на гэтую партыю самім жыццём. Для многіх было нечаканасцю, што расійская каманда пастаноўшчыкаў на чале з Уладзімірам Васільевым нават не ўключыла яе ў спіс удзельнікаў.

Напярэдадні на прэс-канферэнцыі харэограф казаў, што пры кожным пераносе свайго балета штосьці ў ім змяняе. Але што - не ўдакладніў. Пэўна, ён і папраўдзе бачыў іншую Анюту - наіўнае, інфантыльнае дзіця, лёс якога вырашаюць іншыя людзі ды проста абставіны, якое само не ведае, што робіць, але робіць усё шчыра, без хітрыкаў. Гэткі аповед пра Папялушку, што раптам прачынаецца валадарнай прынцэсай. І - не вытрымлівае выпрабавання "залатымі трубамі" ўсеагульнага прызнання. Бо забываецца на бацьку і маленькіх братоў. Але спачатку - на нялюбага мужа.
/i/content/pi/cult/378/7427/2-1.jpeg
Балет так і хочацца перайменаваць. Бо ён атрымаўся не пра таямніцы жаночай душы, дзе жывуць пушкінская Таццяна і булгакаўская Маргарыта, а пра бедных мужчын. Калі Ігар Артамонаў, загрыміраваны да непазнавальнасці, робіць першы рух ці проста стаіць (партыя ў яго такая: мінімум танцаў, адно постаць), мы сочым толькі за ім. Нават у размаітай масоўцы! Ён стаіць - а мы бачым за гэтым сапраўдны балет. Бо зрушваецца з месца... душа. Ніякія "маханні" ды скокі не перададуць яе палёты-падзенні лепш. А ў памяці ўсплываюць крыху перайначаныя радкі Грыбаедава: "Что за трагедия, Создатель, быть взрослой дочери отцом!?"...

Быць мужам - не лепш, пераконвае Канстанцін Геронік. Нядаўні выпускнік нашага харэаграфічнага каледжа, ён усяго другі сезон у трупе, дый танцуе пераважна класічныя партыі. А тут раптам - зморшчаны стары, які памаладзее хіба ад ордэна на шыі. Каларытны Галі Абайдулаў, каго мы бачылі ў фільме, надаваў свайму Мадэсту яшчэ і трагічнае адценне, малюючы чалавека-ахвяру, канчаткова "задушанага" той узнагародай. Але копія заўсёды саступае арыгіналу. І малады артыст шукае іншы вобраз, быццам пазычаны з опер-буфа, дзе камічны стары павінен і сам весяліцца (хаця б у фінале), і нас весяліць.

Галоўная заслуга пастаноўкі - у нечаканым размеркаванні партый. Для артыстаў гэта - шанц паглядзець на сябе з іншага боку. У прэм'ерных паказах былі таксама заняты Ірына Яромкіна (Анюта), Канстанцін Кузняцоў (Мадэст і Бацька): кожны шукаў штосьці сваё. А колькі ў спектаклі іншых партый! І для артыстаў кардэбалета, і для прызнаных салістаў тут ёсць магчымасць стаць сапраўдным "майстрам эпізоду". Тая ж Валерыя Вапнярская (Студэнтка) ледзь толькі выходзіць - кідаецца ў вочы не адно запамінальны сцэнічны строй (сцэнаграфія і касцюмы - заслужаных дзеячаў мастацтваў Расіі Віктара і Рафаіла Вольскіх), але і характар. Выходзіць ізноў, ужо ў другой дзеі, - і разумееш, колькі паміж гэтымі імгненнямі "засталося па-за кадрам", колькі ўсяго перажыла гэта "незаўважаная" Студэнтам дзяўчына, як змянілася, пасталела, з безнадзейна закаханай ператварылася ў клапатлівую гаспадыньку.

Для ўсіх нас гэтая прэм'ера - яшчэ і нагода перачытаць Чэхава. І здзівіцца бязмежнай шматпланавасці, неадназначнасці ягоных персанажаў. А яшчэ - неверагоднай сцісласці выказвання: без працяглых апісанняў, бясконцых "тлумачэнняў", што ж насамрэч хацеў сказаць ці падумаў герой. Таму і даводзіцца "разгадваць" сюжэты класіка штораз па-новаму.

Новая прастата і шматсэнсоўнасць - гэта яшчэ і пра музыку Валерыя Гаўрыліна. Кампазітар не пісаў балет - у свой час рэжысёр Аляксандр Бялінскі і згаданы ўжо Уладзімір Васільеў зрабілі кампіляцыю з яго твораў ды іх фрагментаў. Але не памыліліся: атрымаўся сапраўдны Чэхаў, сплецены з празрыстых карункаў тонкіх псіхалагічных дэталей. Аркестр на чале з Віктарам Пласкінам грае гэтую музыку з непадробнай любоўю, выводзячы выразныя сола. З такой жа асалодай слухаюць яе гледачы. Так што прэм'ера - яшчэ і нагода "шукаць" у балеце музыку. У тым ліку - душы...

Спектакль атрымаўся прыгожы. Часам нават кранальны. Але дзве гадзіны, праведзеныя з героямі "Анюты", выклікаюць роздум пра куды больш шырокую праблематыку. На часавай адлегласці яшчэ больш відавочнымі становяцца хібы харэадрамы - балета як прамога пераказу літаратурнага сюжэта. Здавалася б, поспех "Анюты", у тым ліку замежны, пераконваў у жыццяздольнасці і сучаснасці гэтага тыпу харэаграфічнага мастацтва. Але тая "Анюта" выпраменьвала іншы від сінтэзу - кіно і пластыкі, і агульную драматургію вызначала менавіта кіно. У тэатральнай версіі засталіся хіба абрысы "мантажнасці": хуткая змена карцін і дэкарацый. Зніклі буйныя планы, якія былі б выкладзены менавіта на харэаграфічнай мове. Атрымаўся набор мініяцюр - дзе адметна характарных, а дзе ніякаватых. Бо на вялікай сцэне, у "вялікім" двухактовым палатне немагчыма абысціся маленечкімі залацінкамі: яны губляюцца.

Узняла прэм'ера і вечнае пытанне прыгажосці і прыгожасці: дзе - жывое пульсаванне, а дзе - "вылушчаны" лоск ды глянец? Высвецілася і згаданая вышэй тэма асобы ў мастацтве. У кожным тэатры ёсць не толькі добрыя танцоўшчыкі, але і выбітныя індывідуальнасці. Значыць, трэба ставіць на іх! Так, як ставілі на Кацярыну Максімаву, на нашых Людмілу Бржазоўскую і Юрыя Траяна, у мадэрне - на Юлію Дзятко і Канстанціна Кузняцова. Хто з маладых артыстаў можа пахваліцца тым жа?

Так што "Анюта", хочацца верыць, - толькі чарговы пункт на бясконцым шляху спасціжэння мастацтва. Наш балет пакуль шукае, куды яму рухацца далей. І - робіць крокі ў розныя бакі. Якім будзе наступны? Праз месяц, на 21 чэрвеня, заяўлены Вечары сучаснага балета на Малой сцэне...

На здымках: сцэны са спектакля "Анюта".

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"