Факты без паваротаў

№ 20 (1043) 19.05.2012 - 26.05.2012 г

Да 90-годдзя з дня нараджэння знакамітага беларускага музыказнаўцы, доктара навук, прафесара Георгія Глушчанкі пра яго выйшла кніга, падрыхтаваная жонкай, аднадумцай і калегай — кандыдатам мастацтвазнаўства, прафесарам Калерыяй Сцепанцэвіч.

Добразычлівы, Георгій Глушчанка першым пачаў мэтанакіравана рыхтаваць на Беларусі музычных крытыкаў. Першым распрацаваў і падрыхтаваў серыю падручнікаў ды метадычных дапаможнікаў па гісторыі беларускай музыкі, якія і дагэтуль застаюцца настольнымі кнігамі ўсіх, хто цікавіцца нацыянальнай музычнай культурай ХХ стагоддзя.

Над тымі падручнікамі, вядома, працаваў вялікі творчы калектыў музыказнаўцаў, але ж трэба было ажыццявіць агульную рэдакцыю - і ўсё гэта ў савецкія часы, калі адлік беларускай музыкі нярэдка пачынаўся з 1917-га года. Насамрэч, у тых кнігах, прысвечаных сучаснасці, была адлюстравана і наша даўніна. Зразумела, заставаліся прагалы і белыя плямы, выкліканыя ідэалагічным уціскам, нешта, вядома, недагаворвалася. Але ў тым, што ўсё ж гаварылася, хлусні не існавала: факты заставаліся фактамі, а ацэнкі, якія даваліся, вынікалі з мастацкіх якасцей твораў.

З трывалай, устойлівай, а таму знешне "спакойнай" апантанасцю ён прасоўваў даследаванне і папулярызацыю беларускай музыкі, заўсёды заклікаючы да максімальна вялікага разгорту ўсёй размаітай палітры твораў самых розных аўтараў: ад прызнаных майстроў да пачаткоўцаў, ад надзвычай удалых партытур да тых, што лічыліся "блінамі камяком". Бо навукоўца павінен ведаць усё.

Зборнік утрымлівае не толькі артыкулы, успаміны, фотаздымкі, але і некаторыя ненадрукаваныя працы Г.Глушчанкі, а таксама многія дакументы, раней недаступныя для шырокага карыстання.

Н.Б.