Апякунская хваля кампазітара

№ 20 (1043) 19.05.2012 - 26.05.2012 г

Чаму Эдуард Ханок раскручвае аматарскі ансамбль з Мазыра для вялікай сцэны?

/i/content/pi/cult/378/7424/1-1.jpeg

Калі Эдуард ХАНОК бывае ў Мінску, дык абавязкова заходзіць у нашу рэдакцыю. З любой такой сяброўскай сустрэчы нязменна вынікае заўжды цікавая гутарка "пра ўсё": пра музыку і каханне, пра прафесійную эстраду і самадзейнае мастацтва, пра творчае жыццё і любоў да радзімы... Гэтым разам Эдуард Сямёнавіч быў надзвычай уражаны ўласным залатым вяселлем, які адзначыў з супругай Яўлаліяй Іванаўнай 1 мая. Але гутарку распачаў з праекта "Чарнобыльскі шлях - дарога жыцця", у рэалізацыі якога прымае ўдзел другі год запар.
- Кіраўнік праекта Кацярына Копелева, - распавёў Эдуард Ханок, - зладзіла нам летась такія гастролі, што я не заўважыў, як дзесяць дзён праляцелі. Падаецца, дваццаць канцэртаў тады далі. Але не было ніякай стомы. Таму, калі Кацярына і сёлета запрасіла мяне ў паездку, я з задавальненнем пагадзіўся і не пашкадаваў. У першай частцы "Чарнобыльскага шляху..." у пацярпелых раёнах выступалі мінскае трыа "ByCity", брэсцкі спявак Генадзь Санько, салістка Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі Валянціна Альшанская. У другой я паехаў на "чарнобыльскія" канцэрты разам з мазырскім харэаграфічным ансамблем "Палеская зорачка" на чале з кіраўніком Аленай Рудэнка. У іх, як аказалася, ёсць проста шыкоўныя кампазіцыі, што глядзельнай залай успрымаюцца на ўра. Дзяўчынкі дванаццаці-трынаццаці гадоў так выконваюць фуэтэ, што па сцэне нібыта шторм праходзіць! Гэта феерверк руху! Дарэчы, калектыў у 2010 годзе быў у Галівудзе на Сусветным конкурсе выканальніцкага мастацтва, заваяваў там тры залатыя медалі... Я ўзяў "Палескую зорачку" пад сваю апеку. Плануецца, што канцэрты з удзелам калектыву пройдуць не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі. Але першы будзе ў Полацку - на юбілеі горада... Апрача таго, пра мяне адзін з расійскіх каналаў збіраецца зняць фільм, і я прапанаваў, каб у ім прыняла ўдзел "Палеская зорачка"...

- Эдуард Сямёнавіч, вы - пастаянны ўдзельнік журы на расійскіх дзіцячых конкурсах, а зачапіла менавіта беларуская "Палеская зорачка"... Чым?

- Дынамікай. Ансамбль трапіў у хвалю... Вы ведаеце, што я займаюся тэорыяй хваль. У "Палескай зорачкі" - дынаміка за мяжой магчымага. Колькі гэта будзе працягвацца, не ведаю... Адназначна адно: гэта калектыў - высокага класа, мне не сорамна яго паказваць нават на ўрадавых канцэртах. У "Палескай зорачкі" - шмат кампазіцый. Выконваюць нумар пад маю музыку з песні "Потолок ледяной...", рыхтуюць і "Малиновку". Але бяру я іх не з гэтай нагоды... Збіраюся паказаць калектыў у Зале царкоўных сходаў маскоўскага Храма Хрыста Збавіцеля, дзе часта ладзяцца дабрачынныя канцэрты: у ансамбля ёсць цудоўны вальс. Не супакоюся, пакуль гэтага не зраблю.

- Карацей, у дачыненні да мазырскага ансамбля займаецеся менавіта прадзюсіраваннем?

- Больш дакладна, я - апякун. Не займаюся творчай часткай - гэта абавязак Алены Рудэнка, з чым яна цудоўна спраўляецца... Я - сумесны з калектывам выканаўца. У Полацку, да прыкладу, я буду выступаць, потым прадстаўлю "Палескую зорачку".

- Але для "раскручвання" мазыран патрэбны немалыя грошы?

- Патлумачу. Заможная фірма ўзялася за мае хваляграмы. Адна з іх у выглядзе банера ўжо зроблена па просьбе хакеіста Уладзіслава Траццяка да ягонага 60-годдзя... Калі Іосіф Кабзон, Канстанцін Райкін дадуць дабро, зробім хваляграмы і для іх... Словам, ёсць сродкі для таго, каб Беларусь і Расія пазнаёміліся з таленавітым калектывам. Я адшукваю гэтыя сродкі, кантактую са спонсарамі... Даўно было вялікае жаданне штосьці зрабіць і ў Беларусі, і для Беларусі, як гэта рабіў і робіць Ігар Лучанок...

- На ваш погляд, чаму мецэнацтва ў Беларусі не надта праяўляецца?

- Асабіста я не шукаю прыбыткаў не з той прычыны, што такі добры. Проста, я - чалавек забяспечаны. Не багацей, але - забяспечаны для таго, каб жыць прыстойна і працаваць 24 гадзіны ў суткі, у тым ліку і ў сваёй новай іпастасі апекуна, ды адшукваць спонсараў.

- Аднак і на Беларусі хапае людзей забяспечаных...

- Значыць, да іх падыход пакуль не знайшлі. І немалаважны фактар - высокая выканальніцкая культура калектыву, для развіцця якога адшукваюцца спонсары ды мецэнаты. У "Палескай зорачкі", як я ўжо казаў, гэтая культура ёсць.

- "Палеская зорачка" - калектыў самадзейны. Беларускае аматарскае мастацтва ўвогуле дасягнула ледзь не прафесійнага ўзроўню. Не выключаю, што мазырскі ансамбль можа стаць арганічнай часткай айчыннага шоу-бізнесу. Але дзе, на ваш погляд, заканчваецца самадзейнасць і пачынаецца прафесіяналізм? І якія б вы тут аналогіі з Расіяй правялі?

- У Расіі шмат багатых людзей, якія дзеля прыбыткаў укладаюць свае грошы менавіта ў шоу-бізнес. На Беларусі альбо людзей такіх няма, альбо зацікаўленасці ў далейшым прасоўванні зорак няма. Ксенія Сітнік, да прыкладу, пры належнай падтрымцы ў Расіі раскруцілася б. Давайце паглядзім, хто з Беларусі на расійскую сцэну выйшаў: Дзмітрыя Калдуна ў свой час узяў на сябе Філіп Кіркораў, Алёна Свірыдава, Наталля Падольская самі прабіліся ў Маскве...

- Я і Дзіяну Арбеніну тут згадаў бы... Зорак Расіі "пастаўляем", а самі застаёмся з "такам"?

- З той прычыны, што папса патрабуе ўкладання вялізных грошай у тое, каб узняць выканаўцу на прафесійны ўзровень. Маю на ўвазе рэкламу, фанаграмы, эфір. Такому чалавеку наймаюць педагога-вакаліста, харэографа, візажыста... У Беларусі артысты ўзнімаюцца да пэўнага ўзроўню, а далейшы рост без укладання сродкаў проста спыняецца. Між тым, укладзеныя ў талент грошы заўжды вяртаюцца. Значыць, няма годных прадзюсараў, прытым, што Беларусь заўжды талентамі славілася...

- Дайце ацэнку, калі ласка, сённяшняй беларускай эстрадзе.

- Па сваіх патэнцыйных даных яна - даволі высокага ўзроўню. Далейшага ж росту проста няма. І не забывайце вось яшчэ пра што. Грошы даюць магчымасць адарвацца ад узлётнай, так бы мовіць, паласы. Калі не адарваўся - грошы згубіліся дарэмна. Ці то таленту не хапіла, ці то прадзюсар штосьці не так спланаваў. Прыклад: Шпігель у свой час уклаў у Баскава грошы - Баскаў узняўся. Сённяшні ягоны "палёт" - самастойны... Беларусь, як і Украіна, "пастаўляе" зорак Расіі, але пры ўмове, калі апошняя гэтымі патэнцыйнымі зоркамі зацікавіцца. У Беларусі ўмоў для "ўзлёту" пакуль часцяком не назіраецца... "Палеская зорачка" - зусім іншая гісторыя. Не будзем блытаць апеку і прадзюсарства.

- Эдуард Сямёнавіч, вы - аўтар бессмяротных хітоў. Адна толькі "Завіруха" чаго вартая! Даруйце, але ўсё - у мінулым?

- Тлумачу. Ёсць некалькі прафесій, якія хутка "псуюцца". І звязаны яны са спортам, балетам, шоу-бізнесам... Калі вы дакладна трапляеце ў сваё энергетычнае поле, дык і песні вашы пастаянна пацэльваюць. Пакуль поле гэтае не ссунулася, трэба працаваць. А за мяжой поля - ужо новае пакаленне. І можна пісаць колькі заўгодна песень, але ніводная не патрапіць ужо ў цэль. Іншая справа, калі стары твор "акунаецца" ў новы "булён", да прыкладу, - "Волагда"... Гэта не азначае, што я не пішу новых песень, проста, яны не становяцца хітамі. Усё заканамерна. А для большасці маіх калег-кампазітраў - гэта трагедыя. Між тым, асаблівых даходаў сачыненне песень цяпер не прыносіць. Аўтарскія ў параўнанні з савецкім часам - адносна маленькія. А за тое, што песні выконваюцца на модных цяпер карпаратывах, кампазітару і паэту ўвогуле ніхто не плаціць... "Завіруху" ж я напісаў у грамадскім транспарце (з тэкстам на каленях) на шляху ад Філармоніі да Тэатра музкамедыі, а за акном сапраўды завіруха была. Уласны рэкорд, можна сказаць, напісання песні. І хто ведаў, што хіт атрымаецца? А вось яшчэ адна гісторыя, датычыцца напісання песні, што, памятаеце, пачынаецца словамі "Разговор да разговор, слово к слову тянется...": прыйшоў аднойчы позна дахаты, пасварыўся з жонкай, а раніцай песня нарадзілася...

- Наколькі вядома, вы не патрабуеце выплат за выкананне песень, напісаных за савецкім часам. А з новымі песнямі як справы?

- Новы час, пагадзіцеся, патрабуе рыначных адносін. І не ўсё тут так проста. Скажу так: сваю песню "Самурай" не аддаю нікому, выконваю сам, у тым ліку і на "Чарнобыльскім шляху...". Песня - не зацяганая па канцэртах ды эфірах, заўжды свежая, зала ўспрымае яе проста цудоўна!

- Ваенга і Міхайлаў - гэта...

- Контркультура. Сённяшняя эстрада - у складаным становішчы. Адкрыліся межы, нашы выканаўцы імкнуцца не адстаць ад закардонных калег, песні ўскладняюцца. А публіка ад гэтага стамілася. Таму контркультура і праявілася ў спрошчаным шансоне. А што да Ваенгі ды Міхайлава - яны сваю нішу занялі цалкам справядліва.

- Кажуць, добры прадзюсар з любога зорку зробіць?

- Вядомым - зробіць. Зоркай - не. Зорка "схоплівае" публіку флюідамі.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"