Дом пад крылом міласэрнасці

№ 20 (1043) 19.05.2012 - 26.05.2012 г

10 гадоў таму — 19 мая 2002-га — у прысутнасці Прэзідэнта Рэспублікі Беларусі ўнікальны сацыяльны аб’ект быў асвячоны Найсвяцейшым Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Алексіем ІІ.

 

Так распачалася гісторыя часткі праваслаўнага прыхода ў гонар Усіх Святых - Дома міласэрнасці, які злучыў пад сваім дахам царкву, Рэабілітацыйны медыцынскі цэнтр, Цэнтр сацыяльнай дапамогі, іканапісныя і швейныя майстэрні, прыхадскую бібліятэку і нядзельную школу.

"Мы не робім розніцы паміж медыцынскай, сацыяльнай і духоўнай дапамогай, - яшчэ раз падкрэсліў галоўную ідэю комплексу настаяцель прыхода протаіерэй Фёдар Поўны, - імкнёмся і надалей развіваць тыя напрамкі, якія напоўніліся рэальным зместам".

Так, айцец Фёдар узгадаў і адкрытыя пры Доме міласэрнасці класы сталічнай школы № 137, калі звычайны навучальны працэс дапаўняецца праваслаўнай формай выхавання. Амаль 80 дзяцей сёння з'яўляюцца навучэнцамі чатырох класаў, і, як засведчыў настаяцель, конкурс на месца ў школе з кожным годам расце; толькі сёлета ён складаў пяць чалавек на месца.

Адным з вядучых накірункаў дзейнасці Дома міласэрнасці з'яўляецца і праца Рэабілітацыйнага цэнтра "ЭЛЕОС", які сёння ажыццяўляе 41 від ліцэнзійных медыцынскіх паслуг. Далейшае аснашчэнне Цэнтра сучасным абсталяваннем - у доўгатэрміновых прыярытэтах Дома міласэрнасці.

Нельга не згадаць і яшчэ адзін ключавы праект айца Фёдара, - узвядзенне Храма-помніка ў гонар Усіх Святых і ў памяць бязвінна забітых у Айчыне нашай. "Пасля адкрыцця крыпты нас ужо наведала амаль чатырнаццаць тысяч чалавек з экскурсіямі, - падкрэслівае цікавасць да новага храма настаяцель, - з намі супрацоўнічае больш за 200 турфірм".

Падводзячы вынікі працы за гэтыя гады, айцец Фёдар вылучыў галоўнае: "Тое, што, на першы погляд, было немагчымым, аказалася здзейсненым. І нават тое, што сёння сярод нашых выхаванцаў, прыхажан заключана больш чым паўсотні шлюбаў, сведчыць: нават у гэтым кірунку - у выхаванні сям'і - нам ёсць чым ганарыцца".

Д.А.