Кнігі ад Нацыянальнай: дары — у Дворышча

№ 20 (1043) 19.05.2012 - 26.05.2012 г

Цягам 2012-га Нацыянальная бібліятэка Беларусі бязвыплатна перадасць 100 000 экзэмпляраў выданняў у больш чым 200 публічных, універсітэцкіх, школьных і іншых спецыяльных бібліятэк краіны ў рамках Года кнігі і ў падтрымку акцыі “Беларускую кнігу — у рэгіёны”. І ўжо 11 мая Нацыянальная бібліятэка краіны перадала сельскай бібліятэцы аграгарадка “Дворышча” Дзяржынскага раёна больш за 300 адзінак літаратуры на папяровых і электронных носьбітах.

/i/content/pi/cult/378/7419/1-2.jpegСярод іх - энцыклапедычная, навучальная, мастацкая і дзіцячая літаратура, а таксама дакументы, якія былі падрыхтаваны супрацоўнікамі "Нацыяналкі". Гэта дыскі, прысвечаныя жыццю і творчасці Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Яўхіма Карскага, Максіма Багдановіча Напалеона Орды ды іншых выбітных асоб беларускай культуры.

Дварышчанская бібліятэка таксама атрымала ў дар выданні з серыі "Класіка літаратур СНД". Гэта кнігі па гісторыі і культуры краін СНД, што былі перададзены ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі Міждзяржаўным фондам гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД.

- Акцыя "Беларускую кнігу - у рэгіёны" стартавала на пачатку года, - распавёў карэспандэнту "К" дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі. - Справа ў тым, што ў нас сфарміраваны фонд літаратуры для ўнутрырэспубліканскага абмену і пераразмеркавання, які пастаянна папаўняецца за кошт шматлікіх дароў з боку разнастайных арганізацый, а таксама прыватных асоб. Менавіта дзякуючы гэтаму мы і можам перадаваць публічным, школьным ды іншым бібліятэкам краіны частку сваіх фондаў...

Найбольшую вартасць для той жа Дварышчанскай бібліятэкі, на думку Рамана Сцяпанавіча, безумоўна, будуць мець даведачныя выданні, якія падораны выдавецтвам "Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі". Як адзначыў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, было б няблага, каб да акцыі "Беларускую кнігу - у рэгіёны" далучыліся і іншыя выдавецтвы як дзяржаўнай, так і прыватнай формы ўласнасці.

Цалкам згодная з гэтай думкай і дырэктар Дзяржынскай ЦБС Валянціна Клімовіч.

- Акцыя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ўжо атрымала значны розгалас не толькі на ўзроўні нашага раёна, але і ва ўсёй краіне, - зазначыла Валянціна Віктараўна, - і галоўная мэта  - папулярызацыя беларускай кнігі, - лічу, абавязкова будзе дасягнута. Мы вельмі ўдзячныя кіраўніцтву "Нацыяналкі" за прыемны падарунак і за такую маштабную ды значную акцыю. А ў тым, што кожная перададзеная кніга знойдзе свайго чытача, не сумняваюся...

Па словах дырэктара Дзяржынскай ЦБС, некаторыя кнігі, што былі перададзены сельскай бібліятэцы пад час акцыі, пакуль адсутнічаюць нават у фондах Цэнтральнай раённай бібліятэкі. Гэта, да прыкладу, знакамітае Слуцкае Евангелле. Як заўважыла Валянціна Клімовіч, плануецца, што яно будзе пэўны час экспанавацца ў залах ЦРБ на выстаўцы "Кніга - спадарожнік эпох", а пасля канчаткова пяройдзе ў фонды Дварышчанскай сельскай бібліятэкі.

Ю.Ч.

На здымку: выданні, што Нацыянальная бібліятэка перадала калегам з Дзяржыншчыны.