Прэзентацыя краіны

№ 20 (1043) 19.05.2012 - 26.05.2012 г

Сёння ў Санкт-Пецярбургу завяршаюцца Дні культуры Беларусі. Гэта адна з найбуйнейшых сёлетніх творчых акцый нашай краіны за мяжой. Беларускую дэлегацыю ўзначаліў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка.

 

Цягам гэтых дзён адбыліся сустрэчы і перамовы міністра культуры нашай краіны з віцэ-губернатарам Санкт-Пецярбурга Васілём Кічэджы, са старшынёй Камітэта па культуры Санкт-Пецярбурга, вядомым кінарэжысёрам Дзмітрыем Мясхіевым. Былі абмеркаваны пытанні далейшага развіцця двухбаковага супрацоўніцтва ў сферы культуры.

Урачыстае адкрыццё Дзён культуры Беларусі прайшло ў Дзяржаўнай акадэмічнай капэле Санкт-Пецярбурга імя М.І. Глінкі. З канцэртам выступіў Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, заслужанага дзеяча мастацтваў Расіі Аляксандра Анісімава.

У Выставачным цэнтры Санкт-Пецярбургскага саюза мастакоў адкрыліся экспазіцыі з Музея гісторыі беларускай літаратуры і Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Адбылася прэзентацыя чатырохмоўнага выдання аповесці Уладзіміра Караткевіча "Дзікае паляванне караля Стаха".

Наша дэлегацыя наведала Эрмітаж, Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, сустрэлася з аб'яднаннямі беларусаў Санкт-Пецярбурга.

Праграма Дзён нашай культуры ўключыла таксама выступленне Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь "Ансамбль народнай музыкі "Бяседа" пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Леаніда Захлеўнага, выстаўку мастака Уладзіміра Цэслера.

(Больш падрабязна пра іміджавую акцыю Беларусі ў Санкт-Пецярбургу чытайце ў наступным нумары.)