Сустрэчы над Нёманам

№ 20 (1043) 19.05.2012 - 26.05.2012 г

Насычаным на разнастайныя культурныя мерапрыемствы ды дзелавыя сустрэчы атрымаўся тур беларускіх пісьменнікаў і журналістаў у Гродзенскую вобласць.

Канструктыўная размова адбылася са старшынёй аблвыканкама Сямёна Шапіры. У прыватнасці, губернатар адзначыў шэраг праблемных аспектаў у сферы культуры. Па яго словах, сёння стацыянарныя кінатэатры, што працуюць у Гродне, зусім не запатрабаваны, прытым, што іх штат складае 20 - 30 чалавек. Кіраўнік рэгіёна таксама заклікаў інтэлігенцыю больш актыўна выкарыстоўваць у справе папулярызацыі роднага слова сучасныя тэхналогіі.

Акрамя таго, Сямён Шапіра падкрэсліў, што многія з каштоўных аб'ектаў спадчыны Гродзеншчыны сёння знаходзяцца далёка не ў лепшым стане. Сямён Шапіра адзначыў, што мясцовым уладам неабходна больш шчыльна працаваць з Міністэрствам культуры менавіта ў гэтым кірунку, у тым ліку максімальна аператыўна вырашаць пытанні па кансервацыі каштоўных аб'ектаў. "Нядаўна ўвялі практыку перадачы буйным прадпрыемствам 15 гістарычных будынкаў горада для іх далейшага аднаўлення ў адпаведнасці з заканадаўствам", - падкрэсліў старшыня аблвыканкама.

Ацаніць клопат мясцовых улад пра гісторыка-культурную спадчыну змаглі і ўдзельнікі прэс-тура: гасцям былі паказаны літаратурныя музеі - Максіма Багдановіча і Элізы Ажэшка, - а таксама Стары замак - адзіны каралеўскі замак у нашай краіне, які, дарэчы, у наступным годзе чакае рэканструкцыя.

Запамінальнымі сталі і сустрэчы літаратараў з супрацоўнікамі прадпрыемства "Азот", калектывамі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, медыцынскага і аграрнага ўніверсітэтаў, навучэнцамі ды выкладчыкамі шэрагу школ абласнога цэнтра, калектывам Гродзенскай пагранічнай групы. Акрамя таго, беларускія пісьменнікі і журналісты наведалі адну з вядучых гаспадарак рэгіёна ў аграгарадку "Верцялішкі".

К.А.