“Чэмпіянат свету па кіно”

№ 20 (1043) 19.05.2012 - 26.05.2012 г

17 мая на Блакітным узбярэжжы Францыі, у Каннах, распачаўся “чэмпіянат свету па кіно” — так калі-нікалі называюць славуты кінафестываль, якому споўнілася шэсцьдзясят пяць. Беларусь прымае ўдзел ў гэтай імпрэзе другі раз.

 

Як і летась, на кінафоруме прадстаўлены Нацыянальны павільён Беларусі. Яго дзейнасць мае на мэце дэманстрацыю дасягненняў і напрацовак нашага кінематографа, усталяванне кантактаў і пашырэнне супрацоўніцтва з еўрапейскімі прадзюсарамі. Працаваць ён будзе да самага закрыцця фестывалю. Сёлета Павільён арганізаваны за кошт пазабюджэтных грошай.

У складзе нашай дэлегацыі - прадстаўнікі Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", "Белвідэацэнтра", Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры.

Сёлета ўпершыню беларускі фільм (праект "Беларусьфільма" з удзелам кінакампаній Германіі, Расіі, Латвіі і Нідэрландаў) трапіў у конкурсную праграму: гэта кінастужка "У тумане" паводле аповесці Васіля Быкава. Рэжысёр - Сяргей Лазніца. Паказ карціны адбудзецца 25 мая. А пераможцы "чэмпіянату свету па кіно" будуць агучаны 27-га.

Дарэчы, постар фільма "У тумане" размешчаны на вокладцы каталога Канскага кінафестывалю. Хацелася б бачыць у гэтым не выпадковасць, але сімвалічны сэнс...

П.В.