Як і летась, на кінафоруме прадстаўлены Нацыянальны павільён Беларусі. Яго дзейнасць мае на мэце дэманстрацыю дасягненняў і напрацовак нашага кінематографа, усталяванне кантактаў і пашырэнне супрацоўніцтва з еўрапейскімі прадзюсарамі. Працаваць ён будзе да самага закрыцця фестывалю. Сёлета Павільён арганізаваны за кошт пазабюджэтных грошай.
У складзе нашай дэлегацыі - прадстаўнікі Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", "Белвідэацэнтра", Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры.
Сёлета ўпершыню беларускі фільм (праект "Беларусьфільма" з удзелам кінакампаній Германіі, Расіі, Латвіі і Нідэрландаў) трапіў у конкурсную праграму: гэта кінастужка "У тумане" паводле аповесці Васіля Быкава. Рэжысёр - Сяргей Лазніца. Паказ карціны адбудзецца 25 мая. А пераможцы "чэмпіянату свету па кіно" будуць агучаны 27-га.
Дарэчы, постар фільма "У тумане" размешчаны на вокладцы каталога Канскага кінафестывалю. Хацелася б бачыць у гэтым не выпадковасць, але сімвалічны сэнс...
П.В.