“Лічба” наступае…

№ 20 (1043) 19.05.2012 - 26.05.2012 г

УП “Кінавідэапракат Мінгарвыканкама” плануе на працягу бліжэйшага паўгоддзя перавесці ўсе мінскія кінатэатры на лічбавыя тэхналогіі. Пра гэта паведамляе яго генеральны дырэктар Васіль Коктыш.

 

Сёлета ў Мінску колькасць лічбавых глядзельных залаў павялічыцца з чатырох да дванаццаці. У першую чаргу гэта датычыцца кінатэатраў "Кастрычнік", "Беларусь", "Дом кіно", "Аўрора", "Мір", "Піянер". Іх абсталяванне плануецца завяршыць да верасня бягучага года.

Усяго ў сталіцы - дваццаць пяць кіназалаў. Каб давесці да ладу некаторыя з кінатэатраў, "Кінавідэапракат" шукае інвестараў. Кінатэатр "Дружба", які запаўняецца толькі на шэсць працэнтаў, выстаўляецца на аўкцыён. Васіль Коктыш мяркуе, што ў гэтым раёне быў бы запатрабаваны невялікі кінатэатр на сто пяцьдзясят месцаў.

Кінатэатры "Масква" і "Перамога" - помнікі архітэктуры, і, адпаведна, іх тэхнічнае абнаўленне патрабуе вялікіх капіталаўкладанняў. Праект для "Перамогі", дарэчы, ужо існуе.

За першыя чатыры месяцы бягучага года мінскія кінатэатры наведала 1,8 мільёна гледачоў - гэта на 238 тысяч больш, чым за адпаведны перыяд 2011-га.

П.В.