Сёлета ў Мінску колькасць лічбавых глядзельных залаў павялічыцца з чатырох да дванаццаці. У першую чаргу гэта датычыцца кінатэатраў "Кастрычнік", "Беларусь", "Дом кіно", "Аўрора", "Мір", "Піянер". Іх абсталяванне плануецца завяршыць да верасня бягучага года.
Усяго ў сталіцы - дваццаць пяць кіназалаў. Каб давесці да ладу некаторыя з кінатэатраў, "Кінавідэапракат" шукае інвестараў. Кінатэатр "Дружба", які запаўняецца толькі на шэсць працэнтаў, выстаўляецца на аўкцыён. Васіль Коктыш мяркуе, што ў гэтым раёне быў бы запатрабаваны невялікі кінатэатр на сто пяцьдзясят месцаў.
Кінатэатры "Масква" і "Перамога" - помнікі архітэктуры, і, адпаведна, іх тэхнічнае абнаўленне патрабуе вялікіх капіталаўкладанняў. Праект для "Перамогі", дарэчы, ужо існуе.
За першыя чатыры месяцы бягучага года мінскія кінатэатры наведала 1,8 мільёна гледачоў - гэта на 238 тысяч больш, чым за адпаведны перыяд 2011-га.
П.В.