Трэйлер трылера

№ 20 (1043) 19.05.2012 - 26.05.2012 г

Увасабленнем новай стратэгіі "Белвідэацэнтра" стаў фільм “Пантофлікі”, створаны кінематаграфістамі з чатырох краін. Са стужкай ужо пазнаёміўся Стывен Спілберг.

 

Сярод удзельнікаў Нацыянальнага павільёна на Канскім кінафестывалі  - "Беларускі відэацэнтр". Напярэдадні прэзентацыі сваіх фільмаў перад міжнароднай аўдыторыяй, якая пройдзе на наступным тыдні, навінкі дакументальнага кіно было вырашана паказаць і беларускім журналістам.

Запрашэнне на прэс-канферэнцыю, што адбылася 17 мая, абяцала "ўнікальную магчымасць пераканацца ў тым, якім разнастайным, нечаканым і цікавым можа быць беларускае дакументальнае кіно". Прадстаўленыя стужкі ды трэйлеры і сапраўды сталі аргументам на карысць такога сцвярджэння.

Летась на "Белвідэацэнтр" прыйшоў новы дырэктар - дасведчаны прадзюсар Юрый Ігруша. Таму зацікаўленая аўдыторыя з нецярплівасцю чакала творчых вынікаў адміністратыўных змен. Як засведчыла прэзентацыя, яны і сапраўды відавочныя. "Беларускі відэацэнтр" рашуча адмовіўся ад традыцыйных раней схем апавядальнага дакументальнага кіно на карысць або глыбокага аўтарскага погляду, або саспенсу і дынамічнага мантажу, або... Варыянтаў тут - процьма.

Як адзначыў пад час прэс-канферэнцыі Юрый Ігруша, асаблівая роля ў стратэгіі развіцця "Белвідэацэнтра" належыць развіццю капрадукцыі. Ужо сёлета арганізацыя пачала супрацоўніцтва з партнёрамі з Расіі, Германіі, Францыі, Ізраіля, Кітая... Вядуцца перамовы і з сусветна вядомым тэлеканалам "Arte". Але найбольш выразным увасабленнем гэтай стратэгіі стаў фільм "Пантофлікі". 13-хвілінны хронаметраж "каштаваў" цэлага года працы кінематаграфістаў з чатырох краін. Затое, чакаецца, што гэты фільм выкліча самы шырокі рэзананс, а яго прэм'ерныя паказы пройдуць у прэстыжных залах розных краін свету.

- Гэтую стужку ўжо паглядзеў Стывен Спілберг, - заінтрыгаваў Юрый Ігруша.

Дарэчы, паводле яго слоў, прасоўванне прадукцыі "Белвідэацэнтра" на міжнародныя кінафорумы стала больш інтэнсіўным. Толькі сёлета быў заяўлены ўдзел ягоных стужак на дзесяці фестывалях. Ёсць ужо і першыя вынікі: сумесны з "ВаенТБ" фільм "Чэрвень 1941-га. Заходні асобы" ўзнагароджаны на VIII Міжнародным тэлерадыёфестывалі "Перамаглі разам", які нядаўна завяршыўся ў Севастопалі.

У справе прасоўвання айчыннай дакументалістыкі на айчынныя ж тэлеэкраны таксама заўважны пэўны зрух. У прыватнасці, адна з тэлекампаній зацікавілася і яшчэ адной навінкай - дакументальным трылерам "Фаўст Радзівіла", знятым у найлепшых традыцыях гэтага дынамічнага жанру.