Пра кінабудучае з будучымі кіношнікамі

№ 20 (1043) 19.05.2012 - 26.05.2012 г

15 мая адбылася сустрэча міністра культуры Рэспублікі Беларусь Паўла Латушкі са студэнтамі і выкладчыкамі факультэта экранных мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

/i/content/pi/cult/378/7409/1-1.jpeg

- Прайшло ўжо два гады, як дзейнічае факультэт, - адзначыў міністр культуры на пачатку сустрэчы, - і сапраўды наспеў час прааналізаваць, што ўжо зроблена і што трэба зрабіць на перспектыву...

Павел Латушка распавёў студэнтам і выкладчыкам пра тыя рэформы, якія праводзяцца апошнім часам у кінасферы Беларусі, а таксама акрэсліў задачы, што стаяць перад ёй на сённяшні дзень. Асобна спыніўся міністр і на пытаннях, якія датычацца менавіта факультэта экранных мастацтваў Акадэміі.

У прыватнасці, Павел Латушка паведаміў, што на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы факультэта летась было выдаткавана 166 мільёнаў рублёў. Сёлета гэтая лічба дасягне 345 мільёнаў. Таксама вельмі важным, на думку міністра, з'яўляецца і тое, што ў бягучым годзе значна павялічаны аб'ём сродкаў на стварэнне курсавых студэнцкіх работ: пад дадзеныя мэты запланавана выдзеліць 1 мільярд 130 мільёнаў рублёў. Летась гэтая сума склала ўсяго 135 мільёнаў. Па меркаванні кіраўніка Міністэрства культуры, сёлетняга фінансавання цалкам дастаткова, каб поўнасцю забяспечыць усе выдаткі па рэалізацыі курсавых праектаў.

Пад час сустрэчы выкладчыкі і студэнты літаральна "засыпалі" пытаннямі міністра культуры краіны. Прычым праблемы, якія агучваліся, аказаліся разнапланавымі і датычыліся як паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы адукацыі, так і шматлікіх вытворчых аспектаў.

Напрыклад, выкладчыкі факультэта, сярод іншага, паставілі пытанне пра вяртанне ў навучальны курс сярэдніх агульнаадукацыйных школ выкладання прадмета "Сусветная мастацкая культура". Як зазначыў у адказ Павел Латушка, праблему ў Міністэрстве культуры ведаюць і згодныя з тым, што названы прадмет павінен прысутнічаць у школьнай праграме. Таму дадзенае пытанне пастаянна выносіцца на абмеркаванне пад час сустрэч з кіраўніцтвам Міністэрства адукацыі. Апошнім разам яно было ўзнята пад час працы Рэспубліканскага савета па пытаннях культуры і мастацтваў пры Савеце Міністраў. Але пакуль што, па словах Паўла Латушкі, Мінадукацыі супраць пашырэння колькасці прадметаў у школах.

Першакурснікі цікавіліся тэхнічным забеспячэннем факультэта, наракаючы, у прыватнасці, на недахоп асвятляльнай і здымачнай апаратуры. У адказ міністр зазначыў, што, акрамя тых сродкаў, якія выдаткаваны Мінкультуры на закупку неабходнага абсталявання для факультэта, у адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь студэнты маюць права выкарыстоўваць для сваёй дзейнасці базу як "Беларусьфільма", так і айчынных тэлеканалаў. Як адказаў дырэктар кінастудыі Алег Сільвановіч, які сярод іншых кіраўнікоў устаноў кінасферы таксама прысутнічаў на сустрэчы, навучэнцы факультэта абавязкова будуць мець магчымасць папрацаваць з абсталяваннем Нацыянальнай кінастудыі.

Пытанні сыпаліся адно за адным і датычыліся сапраўды ключавых момантаў развіцця сферы айчыннага кіно. Напрыканцы сустрэчы Павел Латушка падзякаваў аўдыторыі за актыўнасць, пажадаў студэнтам творчых поспехаў, а таксама няспыннага імкнення да самаадукацыі і самаўдасканалення.

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"