“Пад бокам” — не значыць "па датычнай”

№ 19 (1042) 12.05.2012 - 19.05.2012 г

Які ж бар’ер існуе для транспамежнага турызму з гісторыка-культурным акцэнтам?

Сумнявацца ў турыстычнай прыцягальнасці палаца Румянцавых-Паскевічаў і ўнікальнага Веткаўскага музея народнай творчасці наўрад ці выпадае. Тым не менш, экскурсійныя аўтобусы з Мінска выпраўляюцца ў той бок даволі рэдка. Яно і зразумела: вандроўка па гэтых мясцінах доўжыцца 16 гадзін, прычым большую частку часу займае сама дарога. Што ні кажы, нязручна!

Зменшыць трохсоткіламетровую адлегласць ніяк не ўдасца. Але зірнуўшы на карту, усяго за сто кіламетраў ад Гомеля лёгка адшукаць і яшчэ адзін прыцягальны для аматараў даўніны горад - старажытны Чарнігаў. Калі прадоўжыць маршрут туды, атрымаецца неблагі двухдзённы тур, пазбаўлены стомных пераездаў. А па дарозе можна завітаць і, скажам, у Чырвоны Бераг, куды пры цяперашніх раскладах турысты элементарна не паспяваюць.

Вось толькі адзін з безлічы варыянтаў, якія робяцца магчымымі дзякуючы развіццю транспамежнага турызму. На жаль, сёння гэтыя варыянты застаюцца збольшага "патэнцыйнымі". Чаму?
Напрыканцы красавіка Чарнігаўшчыну наведалі прадстаўнікі беларускай туріндустрыі. У рамках прэзентацыйнага тура, арганізаванага ўкраінскім бокам, адбылося падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Дэпартаментам па турызме Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь і Галоўным упраўленнем культуры, турызму і аховы культурнай спадчыны Чарнігаўскай вобласці.

- Турызм пачынаецца з суседзяў, - падкрэсліў дырэктар нашага Дэпартамента па турызме Вадзім Кармазін. З гэтым не паспрачаешся. Турызм - гэта комплексная з'ява. І каб яна пачала напоўніцу працаваць, на пачатку трэба пазбавіцца ад ментальных комплексаў. Ды пачаць шукаць адметнасці не толькі ўдалечыні, але і "пад бокам". Гэта датычыцца і нас, і нашых суседзяў.

"Адкрыць" Чарнігаў без компасу

Жыхары Чарнігава вельмі любяць падарожнічаць. Сведчаннем таму - хаця б тое, што ў горадзе з менш як трохсоттысячным насельніцтвам працуе каля сотні турфірм. Праўда вось... Амаль усе яны спецыялізуюцца выключна на "заморскіх берагах". А суседні Гомель застаецца па-за іхняй увагай. Выключэнні ёсць, але... гэта менавіта выключэнні.

- Летась мне давялося адправіць пару груп на Беларусь, але мушу прызнаць, што ў нас гэты напрамак пакуль зусім не распрацаваны, - адзначыў адзін з прадстаўнікоў чарнігаўскага турбізнесу. - Жыхары нашай вобласці проста не ведаюць пра беларускія адметнасці, і каб змяніць гэты статус-кво, патрэбна моцная кампанія па іх раскрутцы...

Зрэшты, апошняе актуальна і ў выпадку самой Чарнігаўшчыны. У каталогах беларускіх аператараў можна сустрэць экскурсіі туды - у прыватнасці, гэты напрамак распрацоўвае Гомельскі палацава-паркавы ансамбль. Аднак адбываюцца яны не так і часта і звычайна "па замове": напрамак папулярным не назавеш.

- Так, у нас спынялася група з Беларусі, - узгадаў дырэктар аднаго з чарнігаўскіх гатэляў. - А калі гэта было? Здаецца, у мінулым годзе...

Затое на Чарнігаўшчыну штодня прыязджае каля чатырох тысяч грамадзян Беларусі. Але ж назваць іх паўнавартаснымі турыстамі наўрад ці выпадае. Былую сталіцу вялізнага княства нашы суайчыннікі прамінаюць "па датычнай": хтосьці едзе па закупы, нехта - транзітам у Крым...

- Шопінг - гэта таксама адзін з відаў турызму, - парыраваў начальнік Галоўнага ўпраўлення культуры, турызму і аховы культурнай спадчыны Чаргнігаўскай вобласці Сяргей Маісеянка. - Але, безумоўна, мы вельмі зацікаўлены ў тым, каб людзі, якія да нас прыязджаюць, не засяроджваліся толькі на дадзеным аспекце...

 Балазе адкрываць тут папраўдзе ёсць што. Толькі дзеля таго, каб трапіць у Антоніявы пячоры - падземны манастыр, заснаваны яшчэ ў ХІ стагоддзі!, - варта праехаць усю тысячу кіламетраў. Пакручастыя лабірынты ў некалькі паверхаў, якія вядуць у нетры Болдзінай гары, не пакінуць абыякавымі нікога. А тут жа яшчэ і мноства іншых адметнасцей: гарадскі вал з яго храмамі ды калегіумам, два манастыры, самабытная веліч украінскага барока...

У паваенныя часы Чарнігаву моцна пашчасціла. Храмы тут адраджаліся з руін. Савецкія рэстаўратары імкнуліся аднавіць помнікі дамангольскага перыяду ў першапачатковым выглядзе, і вынікі іх намаганняў папраўдзе ўражваюць!

Карацей, каб абысці ўсе гэтыя адметнасці, спатрэбіцца цэлы дзень. Вось і некаторыя ўдзельнікі прэзентацыйнай паездкі, якія прадстаўлялі тургаліну Беларусі, не хавалі свайго здзіўлення, убачыўшы такое багацце. І, натуральна, былі поўныя рашучасці "адкрыць" Чарнігаў для тых нашых суайчыннікаў, у якіх ён асацыіруецца зусім не з дамангольскім дойлідствам. Праўду кажуць: лепш адзін раз пабачыць. Менавіта такую магчымасць даюць прома-туры, на правядзенні якіх у нас многія лічаць патрэбным эканоміць.

"Карацей - піяр", або Прагматыка міфалогіі

Кансультант Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Марына Масташова, якая непасрэдна займалася арганізацыяй тура з нашага боку, пераканана ў тым, што транспамежныя маршруты на айчынным рынку маюць неблагую перспектыву. Разлік тут вельмі просты. Працоўны адпачынак, на які мы плануем далёкія і дарагія падарожжы, бывае толькі раз-два на год. У перапынку паміж гэтымі "шчаслівымі перыядамі" людзі задавальняюць патрэбу ў новых уражаннях з дапамогай тураў "на ўік-энд". А вось яны, у сваю чаргу, павінны быць не зусім далёкімі і не зусім дарагімі: каб хапіла бюджэту на асноўны адпачынак. Апісаны вышэй варыянт "Гомель - Чарнігаў" цалкам стасуецца з такой катэгорыяй.

На некаторых напрамках сур'ёзнымі бар'ерамі з'яўляюцца візы. Але што перашкаджае злучыць адной ніткай тыя адметнасці, агляд якіх не патрабуе вялізных збораў ды чэргаў ля консульскіх акенцаў? Гутарка пра гэта пастаянна вялася "ў кулуарах" прэзентацыйнага тура. Прычыны называліся розныя: ад нядбайнасці адказных асоб, якія лянуюцца своечасова адказваць на "мэйлы" і факсы (такі каменьчык быў кінуты ў гарод айчынных музейшчыкаў), і да той самай нястачы рэкламы.

Згадайма і больш сур'ёзныя фактары. Возьмем, да прыкладу, іншы блізкі ад беларускай мяжы турцэнтр - Смаленск. Экскурсіі з Мінска выпраўляюцца туды рэгулярна. Але ж на шляху аўтобусы робяць хіба "санітарныя" прыпынкі - уся экскурсійная праграма адбываецца на расійскім баку. Чаму?

Прыкладна на паўдарозе ад Мінска да Смаленска, зусім паблізу ад трасы М1 знаходзіцца вёска Смальяны. Здавалася б, нават сугучча тапонімаў само сабою ўтварае канцэпцыю маршруту! А тым больш - тэматычныя паралелі ды пакручастыя гістарычныя повязі... У цэлай абойме адметнасцей Смальян асаблівае месца займаюць адзіныя на Віцебшчыне руіны замка ХVІІ стагоддзя. І хаця "Белы Ковель" ацалеў куды горш за збудаваны прыблізна ў той самы час Смаленскі крэмль, турысты, думаецца, зусім не пярэчылі б прапанове паабедаць ля маляўнічых руін.

Адна бяда: у Смальянах не паабедаеш. Няма дзе. Ды і прадзірацца да маляўнічых руін давядзецца праз зусім нерамантычнае балота.

Яшчэ не так даўно Батурын таксама быў белай плямай на турыстычнай карце. Колішняя сталіца гетманаў Левабярэжнай Украіны доўгі час выглядала даволі непрэзентабельна. Аднак наведаўшы гэтае невялічкае цяпер мястэчка, удзельнікі прэзентацыйнага тура па Чарнігаўшчыне змаглі пабачыць ужо зусім іншую карціну: не толькі адрэстаўраваны палац, але і копію драўлянай крэпасці, "арыгінал" якой быў знішчаны ажно ў 1708 годзе. Яе часткова аднавілі выключна "на патрэбу турызму" - шмат у чым дзякуючы прыватным інвестыцыям.

- Літаральна за лічаныя гады правінцыйнае мястэчка ператварылася ў перспектыўны турцэнтр! - прыемна здівілася Марына Масташова.

 На яе думку, такое самае пераўвасабленне павінны зведаць і ўсе іншыя помнікі спадчыны, якія дайшлі да нас у занядбаным выглядзе. Вядома, калі яны не задавальняюцца сваім цяперашнім станам і прэтэндуюць на ролю турыстычных адметнасцей.

- Занядбаныя руіны цэняць толькі вельмі спецыфічныя катэгорыі турыстаў, - пераканана яна. - А вось масаваму вандроўніку патрэбны менавіта прэзентабельныя аб'екты. Альбо - тыя ж руіны, але ахутаныя інтрыгуючымі легендамі ды паданнямі...

Карацей - піярам. І менавіта з гэтага можна пачаць, балазе матэрыялу не бракуе, ды і сродкаў надта шмат не патрабуецца. На Чарнігаўшчыне таксама ўжо ўсвядомілі прагматычны патэнцыял "міфалагічнага" фактару. Праўда, расповеды пра "паранармальныя з'явы" пад час экскурсіі па хрысцінскай святыні з амаль тысячагадовай гісторыяй (якой з'яўляюцца тыя ж Антоніявы пячоры) падаюцца ўсё ж не зусім дарэчнымі.

Намінацыя чысціні

Безумоўна, айчынныя прафесіяналы туріндустрыі не толькі натхняліся адметнасцямі Чарнігаўшчыны - яны ацэньвалі і ўзровень сэрвісу. І параўноўвалі. Такі аналіз - сапраўды нялішні.

- Калі параўнаць цэны на пражыванне ў гатэлях, можна прыйсці да высновы, што ў Чарнігаве яны ледзь не ў паўтара раза меншыя, чым у нашых абласных цэнтрах, - кажа Марына Масташова. - А што да харчавання... Толькі ў прадстаўленых нам рэкламных матэрыялах я налічыла больш як паўсотні разнастайных кавярняў, рэстаранчыкаў, піцэрый... У многіх беларускіх гарадах бракуе такіх месцаў, разлічаных менавіта на турыста, - прыстойных, але недарагіх...

Старыя гатэлі, якія засталіся Чарнігаву "ў спадчыну" яшчэ з савецкіх часоў, прайшлі мадэрнізацыю і цяпер выглядаюць даволі сучасна - асабліва знутры. У дадатак да іх, у горадзе не так даўно адкрыўся новы, здатны прэтэндаваць ужо і на V.I.P.-катэгорыю. А вось бюджэтных месцаў размяшчэння - тых жа хостэлаў - пакуль не з'явілася.

 Затое на ціхіх берагах Дзясны, насупраць Вала, адзін за другім растуць невялічкія базы адпачынку. Заначаваўшы акурат у адной з іх, пераканаліся, што падобныя аб'екты карыстаюцца надзвычайнай папулярнасцю не толькі ў турыстаў, але і ў саміх гараджан. Яно і не дзіва: ад цэнтра рукой падаць, але пачуваешся "на прыродзе". Некаторыя беларускія гарады - прыкладам, Пінск або Мазыр - маюць такую самую "асіметрычную" планіроўку (дзякуючы вялікай рацэ цэнтр апынуўся на самай ускраіне), але ж, на жаль, яе плюсы амаль не выкарыстоўваюцца.

У пэўнай меры гэта датычыцца і Гомеля, які, між іншым, упершыню згадваецца ў летапісе менавіта як паселішча ў складзе Чарнігаўскага Княства. Цягам многіх стагоддзяў беларускаму суседу была наканавана куды менш пачэсная роля ў гісторыі, чым украінскаму. Тым не менш, у апошнія гады Гомель імкліва бярэ рэванш. Так, там няма ўзораў дойлідства Сярэднявечча, але тыя архітэктурныя помнікі, што захаваліся да нашых дзён, знаходзяцца ў стане, блізкім да ідэальнага.

Ва ўсіх прадстаўнікоў туріндустрыі Чарнігаўшчыны, з якімі даводзілася гутарыць цягам гэтага тура (а, ён, дарэчы, выклікаў сярод іх не абы-якую цікавасць), Гомель асацыіруецца выключна з нядаўна адрэстаўраваным палацавым ансамблем. Вось вам рэальны ўзор уплыву гісторыка-культурнай спадчыны на геаграфічны брэндынг! Такога аб'екта ў Чарнігаве няма. Значыць, ёсць стымул для падарожжаў. Тым больш, турыста цікавіць не толькі мінуўшчына, але і сучаснасць. І беларуская сучаснасць была адзначана як адзін з прыцягальных для турыстаў фактараў.

У ліку апошніх - добраўпарадкаванне і чысціня на вуліцах. Мы да гэтага настолькі ўжо прызвычаіліся, што нават не звяртаем увагі. І таму выязджаць за межы Беларусі для нашых суайчыннікаў вельмі карысна: каб параўнаць і зразумець, чым нам варта ганарыцца. Параўноўваць Гомель з Чарнігавам (як, зрэшты, і са Смаленскам) у "намінацыі чысціні" нават не выпадае. "Лік" адназначна на нашу карысць.

Некаторыя бар'еры для транспамежнага турызму ўдзельнікі тура здолелі адчуць, што называецца, на ўласнай скуры. Засунуўшы ў акенца чаргнігаўскага абменніка не такую і вялікую купюру (выключна на сувеніры), атрымаў цэлы стосік паперак, у якіх трэба было распісацца. Працэдура "здабычы грыўняў" заняла не менш за дзесяць хвілін. І мне яшчэ пашчасціла, бо абменнік працаваў толькі да шостай вечара. Набыццё сувеніраў маімі спадарожнікамі, якія туды не паспелі, вымагае асобнага артыкула ў жанры фельетон. А шараговых турыстаў на гэтым маршруце чакае і іншая нязручнасць: у летні сезон на памежных пунктах пропуску могуць утварыцца ладныя чэргі...

Зрэшты, як сведчыць досвед, усе гэтыя праблемы з'яўляюцца вырашальнымі. Нават такі, здавалася б, "стрымліваючы" фактар, як мяжа, можа ператварыцца ў своеасаблівую атракцыю. "Памежны кантроль не выходзячы з байдаркі" - вось вам слоган для Аўгустоўскага канала. І ўсё гэта - менавіта дзякуючы развіццю транспамежнага турызму!

Засталося неяк зрушыць справу з мёртвай кропкі. Удзельнікі тура ды іх чарнігаўскія калегі ўрэшце сышліся ў адным: самае важнае - гэта наладжванне непасрэдных і трывалых партнёрскіх сувязей між канкрэтнымі суб'ектамі туріндустрыі з суседніх краін. І таму неяк сама сабою з'явілася ідэя запрасіць калег з Чарнігаўшчыны са "зваротным візітам" на Гомельшчыну ды Магілёўшчыну.

Хочацца верыць, што рух пачаўся. Трэба толькі парушыць усе нябачныя бар'еры...