Колькі каштуе "тавар" работніка культуры?

№ 19 (1042) 12.05.2012 - 19.05.2012 г

Хэдлайн рэгіёна: практыкум для геніяў-пачаткоўцаў

Пры дапамозе дасведчанага спецыяліста "К" захацела высветліць, чаму ў пэўных аддзелах культуры не хапае прагі заявіць пра сябе ў поўны, так бы мовіць, творчы голас, бракуе жадання здзівіць. Сапраўды, з якой-такой нагоды асобныя раёны рэспублікі не надта адрозніваюцца адно ад аднаго ў справе прарыўнага развіцця культурнай сферы? І, самае галоўнае, на жаль, далёка не заўжды жадаюць адрознівацца. Дасведчаны спецыяліст - Святлана ПАПСУЙ, выкладчык факультэта павышэння кваліфікацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Прыемна-непрыемна...

Спачатку - пра рэчы прагматычныя і навуковыя, а таму для творцы - не вельмі прыемныя. Да прыкладу, - пра маркетынг, які, калі верыць слоўнікам, вучыць арганізацыі вытворчасці і збыту прадуктаў на падставе інтэнсіўнага аналізу ды прагназавання попыту. І далёка не апошняе месца тут займаюць рэклама, выкарыстанне сучасных праектных тэхналогій. Ну хто, скажаце вы, будзе ўсім гэтым займацца на сяле? І ці ж можна, урэшце, прадаць добры настрой? "Можна і неабходна!" - сцвярджае Святлана Папсуй. І займацца гэтым павінны найперш клубныя ды бібліятэчныя работнікі. І калі лічыць за іх прадукт добрую ўсмешку і настрой спажыўца сельскай культуры, дык ім, работнікам культуры, каб не страціць аўтарытэт, і рэкламай варта займацца, і сістэмным маніторынгам, і праектнымі тэхналогіямі. Інакш на выхадзе пшык атрымаецца, што, пагадзіцеся, таксама не вельмі прыемна.

І пачынаць неабходна (тым, хто яшчэ і не думаў гэтага рабіць), як раіць Святлана Папсуй, з дакладнага вывучэння таго, хто ж з'яўляецца пакупніком культурных паслуг. І далёка не ўзроставы цэнз адыгрывае тут вядучую ролю. Звярніце ўвагу на сацыяльныя сеткі ў Інтэрнэце: людзі цяпер аб'ядноўваюцца не толькі па ўзросце, а і па інтарэсах. А вось высвятленне гэтых агульных інтарэсаў (ці іх стварэнне) - прэрагатыва менавіта работнікаў культуры. Прынамсі, так яно павінна быць. І калі клуб або бібліятэка прапаноўваюць вяскоўцам стандартны набор паслуг (канцэрт, дыскатэку ці літаратурны вечар), ці ж не сведчанне гэта прафесійнай бездапаможнасці? Так, сацыялагічныя апытанні пад дэвізам "А якой вы хацелі б бачыць рэгіянальную культуру?" зрэдчас на вёсцы ладзяцца, але яны не носяць сістэмны характар, а паўпрафесійны аналіз вынікаў такога "маніторынгу" ніяк не ўплывае на ўдасканаленне культурнай справы.

Свята "прагрэсіўнага" часнаку

Сучасны спецыяліст, па словах Святланы Папсуй, павінен дакладна прагназаваць сітуацыю, настойліва дыктаваць моду на новыя інтарэсы, што аб'ядноўваюць людзей у нефармальныя клубы сапраўдных аднадумцаў. Адзін з такіх інтарэсаў, як пераконвае маркетолаг, звязаны з практычным выкарыстаннем перадавых метадаў агратэхнікі. Маўляў, сярэднестатыстычны вясковы жыхар вырошчвае, скажам, часнок па бабулінай тэхналогіі, а між тым, ёсць новая "рэцэптура" дагляду за пасевам, якая дазваляе пазбавіцца ад частых знясільваючых праполак. Якая канкрэтна? Я параіў бы клубнікам звярнуцца па канкрэтны адказ да бібліятэкараў. Яны валодаюць інфармацыяй, Інтэрнэтам, павінны і, так бы мовіць, светам валодаць. Уяўляеце, якім нестандартным можа быць свята беларускага "прагрэсіўнага" часнаку? Але гэта ў тэорыі, а на практыцы... Кітайскі часнок пакуль пачувае сябе на крамных паліцах больш утульна, чым наш, дамарослы...

 Хачу падкрэсліць чарговы раз: работнік культуры - прафесія сінтэтычная. Ён на сёння - псіхолаг, маркетолаг, рэкламіст і аналітык-прагназіст попыту на культурны прадукт. І калі адзін са складнікаў адсутнічае ці не спрацоўвае, канчатковы вынік (удзячная ўсмешка і добры настрой спажыўца культуры) становіцца недасягальным. Між тым, як паказвае міжнародная практыка, рэалізацыя творчага праекта ў малых гарадах не патрабуе ўкладання вялікіх грошай. І не столькі яны патрэбны, колькі ініцыятыва "знізу". "Нашы работнікі культуры, - распавядае Святлана Папсуй, - сваю безыніцыятыўнасць тлумачаць збольшага менавіта адсутнасцю сродкаў альбо тым, што ініцыятыва ніяк не стымулюецца матэрыяльна. Яшчэ адно тлумачэнне: "Нас не зразумеюць, да нас не прыйдуць". Самі сябе прагназуюць на няўдачу. Між тым, увесь свет цяпер робіць стаўку на маркетынгавую тэхналогію пад назвай "уцягненне". Пры гэтым не трацяцца грошы на рэкламу, а спажыўцу прапаноўваюцца гульня, конкурс ці прывабная задумка, вынікам якой з'яўляецца ўсё тая ж усмешка спажыўца культуры".

Калькуляцыя паклікання

Хто вінаваты, што ўзнікненне такіх задумак нават не на ўзроўні сельскіх клубаў ці бібліятэк, а на ўзроўні аддзелаў культуры - справа досыць рэдкая? Калі крэатыву можна навучыць, дык тады, напэўна, "вінавата" сістэма навучання нашых будучых кіраўнікоў ды супрацоўнікаў клубаў і бібліятэк? "Для таго, каб давесці, што не дарэмна хлеб ямо, мы павінны штодня здзяйсняць, лічы, подзвіг. І ўвогуле, пастаянныя праявы геніяльнасці - норма творчага жыцця!" - кажа адзін са знаёмых начальнікаў аддзела. І ён мае рацыю: не прафесія нас выбірае, а мы - яе. Тым не менш, Святлана Папсуй распавядае, што пад час заняткаў на курсах павышэння кваліфікацыі на пытанне, хто з прысутных любіць абраную спецыяльнасць, з дзясятка бібліятэкараў станоўча адказваюць адзінкі... Так, усмешка каштуе дорага. У яе "калькуляцыю" смела можна ўключыць уласнае здароўе, здароўе блізкіх, якія цябе амаль не бачаць, бо ці не ўвесь вольны час ты выкарыстоўваеш на падрыхтоўку і рэалізацыю праекта, на штодзённы доказ таго, што без цябе не толькі на праполцы "калгасных" буракоў не абыдуцца, але і ў клубе, бібліятэцы...

Балазе такіх хапае, і "К" пра іхні досвед пастаянна піша. Аднак "геніяльнасць нормай жыцця не стала". Творчай геніяльнасці можна навучыць, пераканана Святлана Папсуй. І любая курсавая, дыпломная праца павінна быць "практыкаарыентаванай". Ці можа гэтым пахваліцца, скажам, БДУКіМ? Пакуль, падаецца, не. У педагогаў - тыя ж праблемы, што і ў студэнтаў. Усмешка навучэнца занадта дорага каштуе. Для геніяльнага студэнта патрэбны геніяльны выкладчык. Між тым, сяло працягвае чакаць менавіта геніяў...

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"