Чырвоная лінія Беларускага міжнароднага

№ 19 (1042) 12.05.2012 - 19.05.2012 г

"Высновы няхай робяць крытыкі": 15 мая ў Мінску стартуе Беларускі міжнародны фестываль тэатраў лялек

/i/content/pi/cult/377/7402/2-2.jpegЧым адметная сёлетняя праграма вядомага форуму, што ладзіцца пры падтрымцы Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь? Якія тэатры лялек прыехалі ў Беларусь упершыню? Што на мэце ў стваральнікаў фэсту? Пра надыходзячую падзею гутарым з галоўным рэжысёрам Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек - установы, што выступіла заснавальнікам культурнай акцыі, Аляксеем ЛЯЛЯЎСКІМ.

- Аляксей Анатольевіч, прадказальнае пытанне "Чаго ж чакаць нам ад сёлетняга фестывалю?" хочацца задаць па-іншаму. На карце тэатральных падзей Еўропы ёсць нямала цікавых лялечных форумаў - у гэтым кантэксце можна ўзгадаць тыя ж нядаўнія гастролі ў Мінску Фестывалю тэатра лялек і анімацыйных фільмаў для дарослых "Лялька таксама Чалавек". На якіх пазіцыях у параўнанні з падобнымі фэстамі стаіць Беларускі міжнародны?

- Калі мы ўзгадалі фестываль "Лялька таксама Чалавек", нагадаем, што гэта - форум, аўдыторыя якога - менавіта дарослыя. І пазіцыя яго куратара Марэка Хадачынскага тут зразумелая: праз падобны фэст рэжысёр змагаецца за разнастайнасць у польскім тэатры, бо лялечныя тэатры ў Польшчы маюць трывалую тэндэнцыю ператварацца ў ТЮГі.

Што да нашага фестывалю, то з самага пачатку яго ідэя была іншай: мы стваралі гэткую "дзяржаву тэатраў", адкрытую для ўсяго свету, і прынцыповай розніцы ў тым, хто становіцца ўдзельнікам фэсту - тэатр для дзяцей або для дарослых, - для нас не было. Вядома, тая праблема, ад якой пакутуе польская лялечная сцэна, ёсць і ў нас, як, у прынцыпе, і ва Украіне, у Расіі, ды і ў іншых краінах: калі тэатры лялек іграюць вячэрнія спектаклі вельмі рэдка. Але гэта, пагадзіцеся, ужо справа, жаданне, воля саміх тэатраў, скіраваная на тое, каб змяніць падобнае становішча.

- Такім чынам, для беларускага фэсту падобнай устаноўкі не існуе?

- Паводле Палажэння аб фестывалі, якое існуе з 1990 года, кожны беларускі тэатр лялек мае права прыняць удзел у форуме з тым спектаклем, які палічыць метазгодным. Для дзіцячай, дарослай аўдыторыі - выбірае, падкрэслю, сам тэатр. Сёння так здарылася, што большасць спектакляў, заяўленых на форум, у прыватнасці, ад Беларусі (а гэта ўсе сем айчынных лялечных тэатраў), - вячэрнія ці разлічаны на аўдыторыю ва ўзросце пасля 15 гадоў. Толькі два тэатры - віцебскі і маладзечанскі - прадставілі дзіцячыя пастаноўкі. Але раней, узгадаю, на форуме пераважалі спектаклі для маленькага гледача.

Па сутнасці, гэтая класіфікацыя вельмі ўмоўная. Фестываль дазваляе заўважыць нашмат больш цікавыя рэчы, чым падзел на ўзроставую групу, у тым ліку - і тыя праблемы ды працэсы, якія сёння адбываюцца не толькі ў лялечным тэатры.

- І што ж гэта за праблемы?/i/content/pi/cult/377/7402/2-1.jpeg

- Першая праблема, або сітуацыя, за якой будзе цікава назіраць па ходзе фестывалю, - гэта схільнасць нашых тэатраў уключаць у дзіцячы рэпертуар класічныя творы. Гэта добра? Ці дрэнна? Або тое - савецкая "спадчына" нашых лялечных тэатраў: калі лепш паставіць штосьці праверанае ды папулярнае? Або ўсяго толькі пошук моцнага матэрыялу? Сёлетні форум прапануе паразважаць, у тым ліку, і на гэтую тэму.

Мы злучылі на адной фестывальнай сцэне беларускую "Цудоўную дудку" Віталя Вольскага Мінскага абласнога тэатра лялек "Батлейка", "Прынцэсу і свінапаса" Х.К. Андэрсена Беларускага тэатра "Лялька", "Клочки по закоулочкам" Валынскага абласнога тэатра лялек паводле Р.Остэра і адначасова пастаноўку па творы галандскай пісьменніцы Ганды Шміт "Вясновая песня дразда" Рэспубліканскага тэатра лялек "Лікурыч" з Кішынёва, спектакль "Фея шчасця" Тэатра лялек Магдэрбурга паводле Карнеліі Функе, "Сямейку з вялікага гаю" Каўнаскага дзяржаўнага тэатра лялек паводле твора Дайвы Чапаўскайтэ. Мы хацелі б прадставіць гэткую палітру пастановак па класічных творах і паглядзець, дзе гэтая класіка дапамагае, а дзе, магчыма, замінае.

Што да вячэрняй праграмы, тут пануе ідэя паказаць спектаклі таксама паводле класічных твораў, але з рознымі рэжысёрскімі падыходамі да нашумелага і, у тым ліку, не зусім вядомага матэрыялу. Мы прапануем паглядзець і паразважаць, што атрымаецца ў выніку гэткіх розных падыходаў, і як гэты разнастайны вопыт у сваёй практыцы далей могуць выкарыстоўваць тэатры.

- Я так разумею, што, умоўна кажучы, пытанне, якое чырвонай ніткай праходзіць праз фестываль, можна звесці да наступнага тэзісу: "Класіка або новая драматургія: што лепш?"

- Не зусім правільна. Хутчэй, мы спрабуем разабрацца, ці актуальны сёння аўтарскі тэатр: паглядзець, паразважаць, падумаць, а не вызначыць пэўнага пераможцу. Ці апраўданы аўтарскі тэатр сёння, ці прыносіць ён поспех, ці цікавы сучаснаму гледачу? І - наадварот - ці прадуктыўны адыход ад гэтага тэатра? Ці спрацоўвае ён?

Возьмем, да прыкладу, спектакль "Вершнік cuprum" Тэатра "Лялечны фармат" з Санкт-Пецярбурга, лаўрэата тэатральнай прэміі "Залатая маска", які ўпершыню ўдзельнічае ў нашым фестывалі. Пастаноўка заснавана на творы Аляксандра Пушкіна, які ў свой час апрацаваў легенду пра меднага вершніка. Пецярбуржцы прапаноўваюць не літаральнае прачытанне, а - сваё асэнсаванне гэтай гісторыі. Як і той жа Тэатр лялек "Мерлін" з Афінаў, які зрабіў пастаноўку "Дамы клоўнаў" на аснове ўражанняў ад пэўнай кнігі, але, падкрэслю, аўтар тых "уражанняў" адсутнічае. Грэчаскі тэатр таксама з'яўляецца неафітам нашага форуму, як і тэатр лялек "Лікурыч" з Кішынёва і Магдэбурскі тэатр, што ўпершыню завіталі да нас.

На прыкладзе гэтых ды іншых тэатраў мы можам бачыць, як можна адысці ад аўтарскага тэатра, і, магчыма, той эксперымент, варыяцыя якога мае сваю пэўную рацыю, натхніць каго-небудзь на творчыя пошукі.

- Такім чынам, супрацьстаяння не будзе?

- Не трэба нікога сутыкаць ілбамі. Так, мы зацікаўлены ў дыскусіях, абмене вопытам, выказванні разнастайных думак - у праграме фестывалю прадугледжваюцца штодзённыя "чаяванні" ў "адкрытым фармаце", на якія запрашаюцца ўсе ахвотныя падзяліцца сваімі ўражаннямі. Не будзем грэбаваць і меркаваннем нашых маленькіх гледачоў, але сутыкаць тэатры ў нашы планы зусім не ўваходзіць. Высновы і абагульненні няхай робяць крытыкі і тэатразнаўцы...

А што ў нашых?

Карэспандэнт "К" даведаўся пра падрабязнасці фестывальнай праграмы некаторых беларускіх тэатраў - удзельнікаў форуму.

Караткевіч з галаграфіяй

Магілёўскі абласны тэатр лялек прадставіць на фестывалі спектакль "Дзікае паляванне караля Стаха" паводле славутай аповесці Уладзіміра Караткевіча. Праект быў рэалізаваны пры садзейнічанні спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва ў 2010 годзе.

Рэжысёр пастаноўкі Вячаслаў Корнеў імкнуўся максімальна захаваць мову ды стылістыку пісьменніка і, адначасова, адаптаваць філасофскі матэрыял да сучаснага гледача і спецыфічнай мовы лялечнага тэатра.

Асаблівасцю пастаноўкі лічыцца і яе разлічанасць на падлеткавую - нетыповую для лялечных тэатраў - аўдыторыю.

Спалучэнне дыхтоўнай драматургіі з выкарыстаннем яскравай сцэнаграфіі, найноўшых тэхнічных сродкаў  - тое ж задзейнічанне галаграфіі, - прафесійная ігра акцёраў робяць гэты спектакль адным з выбітных у рэпертуары магілёўскага тэатра.

 "Пікавая дама": адна на дваіх

У аўтарах пастаноўкі "Пікавая дама" Гродзенскага абласнога тэатра лялек пазначаны два прозвішчы: Аляксандр Пушкін і Пётр Чайкоўскі. Як тое можа быць?

Справа ў тым, што рэжысёр спектакля Алег Жугжда вырашыў увесці ў сюжэт вядомага твора аўтара аднайменнага апавядання і кампазітара славутай оперы. Грунтуючыся на дзённікавых нататках, рэжысёр распавёў пра тое, як кожны з вядомых творцаў ствараў сваю "Пікавую даму" і якія думкі пераследавалі знакавыя постаці.

На прэм'еры гродзенскай пастаноўкі, якая адбылася ў 2011 годзе, прысутнічала ўнучка знанага тэатральнага дзеяча, стваральніка і кіраўніка славутага тэатра лялек, калекцыянера Сяргея Абразцова, якая прадказала новаму спектаклю вялікі поспех. І ейныя словы здзейсніліся: на сёння пушкінска-чайкоўская "Пікавая дама" стала лаўрэатам і пераможцам шматлікіх тэатральных фестываляў.

Стары добры Андэрсен

Віцебскі тэатр "Лялька" прывязе на фестываль вядомую казку Х.К. Андэрсена "Прынцэса і свінапас". Інсцэніроўка казачнага твора належыць пяру сучаснага балгарскага драматурга Панча Панчава, але віцебскі спектакль, як прызнаюцца самі "лялечнікі", хутчэй, больш андэрсенаўскі, чым панчаўскі.

Для рэжысёра пастаноўкі - Віктара Клімука - было важна падкрэсліць актуальнасць і злабадзённасць класічнага твора дацкага казачніка, і таму рэжысёр спыніўся на сумнай канцоўцы. Спектакль - пра тое, што людзі, асабліва ў сучасным спажывецкім грамадстве, часта знаходзяцца ў пагоні за тым, што ім і не трэба, не заўважаючы сапраўдных пачуццяў, - так можна вызначыць галоўную думку "лялькаўскай" "Прынцэсы і свінапаса".

Як ні дзіўна, але вядомая канцоўка твора для многіх дарослых становіцца нечаканасцю. "Гэта ж дзіцячы спектакль, чаму ён заканчваецца так сумна?" - пытаюцца бацькі, пацвярджаючы думку пра тое, што часам сучасныя гледачы і не гатовы да такой, здавалася б, простай, але "няўтульнай" класікі.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"