Фарміруючы філасофію жыцця грамадства...

№ 43 (809) 27.10.2007 - 02.11.2007 г

Пра перадз’ездаўскія настроі айчынных навукоўцаў-гуманітарыяў мы гутарым з рэктарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, старшынёй Саюза літаратурна-мастацкіх крытыкаў, доктарам мастацтвазнаўства, прафесарам Рычардам СМОЛЬСКІМ.

 /i/content/pi/cult/134/740/Smolsky.jpg
— Рычард Баляслававіч, што навукоўцы-гуманітарыі чакаюць ад маючага адбыцца з’езда?
— Найперш я хацеў бы выказаць задавальненне тым, што Першы з’езд навукоўцаў Беларусі адбудзецца. Яго неабходнасць відавочная і наспела даўно — жыць, развівацца, абараняць свае інтарэсы і быць паважанай у свеце дзяржавай у ХХІ стагоддзі без сур’ёзнага навуковага забеспячэння немагчыма. А таму сёння надзвычай востра стаіць пытанне аб тым, каб узняць нашу навуку на прынцыпова новы якасны ўзровень.
Не кранаючы прыродазнаўчыя, тэхнічныя, медыцынскія і іншыя навукі, скажу пра гуманітарныя — тыя, якія вывучаюць праблемы мастацкай культуры і прафесійнага мастацтва. У якой меры і ступені яны дапамагаюць нашай культуры ўзбагачаць духоўнае жыццё беларусаў на сучасным этапе дзяржаўнага будаўніцтва?
У трох творчых ВНУ краіны, а таксама ў БелДІПК працуе атрад кваліфікаваных выкладчыкаў і супрацоўнікаў, многія з якіх маюць навуковыя ступені кандыдатаў і дактароў навук. І калі зірнуць на зробленае імі за апошнія некалькі гадоў, мы ўбачым даволі ўнушальны плён у выглядзе сур’ёзных даследаванняў, апублікаваных манаграфій, вучэбна-метадычных дапаможнікаў, а таксама абароненых кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. Не магу не сказаць і пра створаны па ініцыятыве Міністра культуры Каардынацыйны савет на навуковай дзейнасці ў сферы культуры і мастацтва, які ўзначальвае першы прарэктар Акадэміі мастацтваў, доктар філасофскіх навук, прафесар Святлана Пятроўна Вінакурава, вынікі дзейнасці якога ўжо сёння маюць сваю каштоўнасць.
З іншага боку, застаецца яшчэ шмат нявырашаных пытанняў самага рознага характару: арганізацыйнага, эканамічнага... Наспела вострая неабходнасць паставіць навуковае забеспячэнне галіны культуры і мастацтва на сучасны ўзровень. Чакаем, што з’езд прыме сур’ёзнае рашэнне, накіраванае на паляпшэнне работы навуковых устаноўі, галоўнае, — на адпаведную каардынацыю гэтай дзейнасці. Мы з калегамі ад “культурнага блока”, у прыватнасці, не зусім задаволеныя на сённяшні дзень работай аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.Калі пытанні філасофіі, гісторыі, мовы, юрыспрудэнцыі рэгулярна абмяркоўваюцца на аддзяленні, каардынуюцца, то пытанням мастацтвазнаўчых навук, на жаль, належнай увагі не надаецца — няма адзінага кіруючага органа, які б развіваў і рэгуляваў гэтую галіну. У выніку акадэмічны Інстытут мастацтвазнаўства жыве сам па сабе, Акадэмія мастацтваў — сама па сабе, гэтаксама як і Універсітэт культуры з Акадэміяй музыкі. Мы раз’яднаныя і не заўсёды ведаем, чым займаюцца нашы калегі.
— Дарэчы, у сучасных умовах гуманітарныя навукі развіваюцца даволі хуткімі тэмпамі і часта на “сумежжы” з іншымі...
— Так, сёння вельмі актуальным, да прыкладу, з’яўляецца пытанне эканамічнага існавання ў галіне культуры і мастацтваў. Па якіх законах жывуць і развіваюцца тэатр, музычныя ўстановы, клубныя? Для таго, каб разумець гэтыя працэсы максімальна адэкватна, варта ўлічваць не толькі творчыя аспекты, але і эканамічныя законы. Да прыкладу, сёння, як і 10 — 15 гадоў таму, фінансаванне тэатраў ажыццяўляецца ў залежнасці ад наяўных сродкаў. Але як зрабіць гэтае фінансаванне сёння максімальна эфектыўным і ў той жа час максімальна эканомным? Дзеля вырашэння гэтай і шэрагу падобных задач сёння неабходная інтэграцыя эканамічнай і мастацтвазнаўчай навук.
Ці, да прыкладу, сёння шмат ідзе размоў аб пераводзе ўстаноў культуры і мастацтва на самаакупнасць. Але ж у гэтым пытанні нельга абысці “жалезныя” эканамічныя законы, па-валюнтарысцку “пераскочыць” праз іх. Адзін просты гістарычны прыклад. У 1948 годзе савецкі ўрад прыняў рашэнне зняць з датацыі ўсе 646 тэатраў Савецкага Саюза. Я магу зразумець гэтае рашэнне — прайшло толькі тры гады пасля вайны, большая частка краіны ляжала ў руінах... Але, тым не менш, ужо праз год Савет Міністраў СССР быў вымушаны вярнуцца да той пастановы і адмяніць яе. І гэта была не чыясьці палітычная воля, а эканамічная логіка і здаровы сэнс. Логіка пераадолела, мякка кажучы,абсурдысцкую ідэю перавесці рэпертуарны тэатр на поўную самаакупнасць. І вось для таго, каб ведаць усе гэтыя законы развіцця культуры і мастацтва — не толькі творчыя, але і эканамічныя, і патрэбная работа навукоўцаў.
Ёсць яшчэ адна істотная асаблівасць нашага часу, пра якую неабходна памятаць, — гэта праблема глабалізацыі. Глабалізацыя, як і любая буйная, складаная з’ява, мае свае пэўныя станоўчыя моманты — інтэграцыю навукі, тэхнікі, эканомікі, гандлю, што дазваляе краінам свету больш актыўна ўзаемадзейнічаць у самых розных кірунках. Але ёсць яшчэ і глабалізацыя ў сферы культуры — і вось тут яна нясе сур’ёзную небяспеку, асабліва для нацыянальнай культуры, мастацтва, — небяспеку асіміляцыі і падаўлення іх дзеля “універсалізацыі”. Асаблівую трывогу выклікае дэструктыўная масавая заходняя культура, у прыватнасці амерыканская, якая навязваецца нам праз кінематограф, тэлебачанне, Інтэрнет. І каб супрацьстаяць гэтаму, неабходна моцная і прадуманая сістэма мер на высокім дзяржаўным узроўні. Я называю гэта забеспячэннем нацыянальна-культурнай і маральнай бяспекі краіны.
— Не памылюся, калі скажу, што сёння асноўны навуковы патэнцыял у гуманітарнай сферы сканцэнтраваны менавіта ў сценах нашых профільных ВНУ.
— На маю думку, для больш паспяховага развіцця навуковай сферы культуры і мастацтва неабходна ў творчых ВНУ ствараць самастойныя навукова-даследчыя структуры. Гэта павінны быць насамрэч самастойныя ад вучэбнага працэсу ўтварэнні, каб іх супрацоўнікі маглі сістэмна, сур’ёзна, паглыблена займацца менавіта навуковымі даследаваннямі.
Сёння навуковая дзейнасць у нашых ВНУ будуецца так: педагог займаецца даследчыцкай працай у дадатак да сваёй асноўнай выкладчыцкай нагрузкі ў 800, 900 ці нават 1000 гадзін! Але гэта надзвычай складана і не надта прадуктыўна. Да таго ж, варта ўлічваць і асаблівасць творчых ВНУ, дзе, як, да прыкладу, у нас, з 19 кафедр толькі 3 маюць агульнагуманітарны профіль, астатнія — спецыяльныя. Прафесура, выкладчыкі, якія там працуюць, — людзі творчыя, так бы мовіць, практыкі мастацтва. І яны ў першую чаргу павінны займацца тым, што ў іх добра атрымліваецца, — навучаць студэнтаў прафесіі, перадаваць асновы рамяства. А навуку — мусяць рухаць асобныя людзі. Няхай напачатку гэтыя навуковыя падраздзяленні ў ВНУ будуць невялікімі, але ж калі іх адпаведна падтрымаць, яны з часам умацуюцца і дадуць сур’ёзны плён.
— Яшчэ адзін важны аспект нашага сучаснага навуковага жыцця — забеспячэнне, у прыватнасці, гуманітарнай сферы маладымі кадрамі. Наколькі актыўна сучасная моладзь рушыць у айчынную навуку?
— Яшчэ зусім нядаўна немагчыма было казаць пра вялікі інтарэс з боку сучаснай моладзі да навуковай дзейнасці ў галіне культуры і мастацтва. Але ж апошнім часам мне вельмі прыемна адзначаць той факт, што ў гуманітарнай сферы намецілася станоўчая тэндэнцыя росту цікавасці моладзі да навуковай работы. Думаю, важную ролю ў гэтым адыграла ўвага з боку дзяржавы, якая ў апошнія тры гады праявілася і ў выглядзе значнага павышэння стыпендый для аспірантаў і дактарантаў, і зусім нядаўна — у выглядзе павышэння даплат за вучоныя ступені і званні, ды і ў шэрагу іншых мэтанакіраваных крокаў. Гэта відаць нават па конкурсе сярод паступаючых у аспірантуру: яшчэ гадоў 5 — 7 таму на некаторыя спецыяльнасці яго ўвогуле не было.
— А як акрэсліваецца дыяпазон навуковых інтарэсаў моладзі? Яны скіроўваюць сваю ўвагу ў гісторыю ці больш займаюцца праблемамі сучаснасці?
— Што да навуковых інтарэсаў, дык тут існуе пэўная гармонія: частка цікавіцца пытаннямі гісторыі, і гэта вельмі важна — даследаваць наша гістарычнае мінулае, нашы традыцыі. Частка займаецца не менш важным вывучэннем і асэнсаваннем стану і праблем нашага сучаснага мастацтва: кінематографа, тэлебачання, выяўленчага мастацтва, дызайну, тэатра. Нельга сказаць, што якая-небудзь галіна айчыннай культуры знаходзіцца “ў цені”. Але даволі сур’ёзнай хібай сучаснага беларускага мастацтвазнаўства я лічу тое, што сёння мы вельмі мала вывучаем замежны вопыт у галіне культуры, замежнае мастацтва. Дрэнна ведаем, што дзеецца ў культурнай сферы тых жа Польшчы, Італіі, Францыі, Германіі... У ідэале было б цудоўна, каб да студэнтаў прыходзіў педагог, які сам вывучаў, да прыкладу, сучасны англійскі тэатр “увачавідкі”, а не па кнігах,а таго ж Шэкспіра чытаў у арыгінале.
Гэта, безумоўна, дасць іншы, больш якасны ўзровень падачы і асваення матэрыялу.
— Ды і дазволіць на ўласную культуру і мастацтва зірнуць пад іншым вуглом, больш аб’ектыўна, уключаючы яе ў сусветныя культурныя працэсы.
— Так, усё пазнаецца ў параўнанні. Падключаючы да сваіх даследаванняў сусветны досвед, мы адразу б убачылі, як айчынная культура, мастацтва набываюць новую “падсветку”, новае гучанне. І хоць мы і называемся нацыяй маладых, на самай справе нашы культура, мастацтва маюць глыбокія карані і багатыя традыцыі.
— Мажліва, менавіта з’езд і падштурхне маладых навукоўцаў да больш шчыльных кантактаў, як унутрыгаліновых, так і на больш шырокім узроўні?
— Думаю, што не толькі маладых, — бо з’езд нясе моцную кансалідуючую ідэю. Дзякуючы таму, што ставіць задачу пошукаў каардынуючага фактару для дзеянняў навукоўцаў самых розных галін. Кажуць, час энцыклапедыстаў даўно прайшоў, усе імкнуцца быць глыбокімі спецыялістамі ў якой-небудзь адной, вузкай сферы чалавечых ведаў. Але, з іншага боку, ведаць, чуць, што робіцца ў сумежных галінах, яшчэ нікому не замінала — вельмі часта менавіта гэтая цікавасць да таго, што робяць твае калегі, падштурхоўвае і ўласную навуковую думку.
Я, да прыкладу, не магу сабе ўявіць паспяховага развіцця беларускай эканамічнай мадэлі без вырашэння галоўнай, ключавой праблемы — праблемы чалавека, грамадзяніна, патрыёта сваёй Радзімы.
Старажытная формула “Хлеба і відовішчаў” хаця і прымітыўна-грубаватая паводле сваёй формы, але па сутнасці — справядлівая. Так, чалавеку неабходны хлеб, але чалавеку неабходная і культура. Іншая справа, якія відовішчы, якога кшталту, высакароднага альбо д’ябальскага, дамінуюць сёння ў мастацкай, а значыць і ў духоўнай прасторы, фарміруючы тым самым філасофію жыцця чалавека, грамадства, дзяржавы. А таму нам вельмі важна яшчэ гаварыць і пра нацыянальна-культурную і маральную бяспеку.

Гутарыла Таццяна КОМАНАВА
Фота Юрыя ІВАНОВА