У госці да “Залатой пчолкі”

№ 19 (1042) 12.05.2012 - 19.05.2012 г

З 1 па 3 чэрвеня ў Клімавічах пройдзе чарговы, XII Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці “Залатая пчолка”. Адкрыццё форуму запланавана якраз у Міжнародны дзень абароны дзяцей.

/i/content/pi/cult/377/7397/2-6.jpegЯк паведаміла "К" начальнік аддзела культуры Клімавіцкага райвыканкама Вольга Хаўранкова, чакаецца, што ў мерапрыемстве прымуць удзел канкурсанты з дзевяці краін. Акрамя артыстаў з Беларусі, прыедуць удзельнікі з краін Балтыі, Расіі, Украіны, Казахстана, Малдовы і Таджыкістана. Таксама магчымы прыезд выканаўцаў з Кітая і Азербайджана, якія канчаткова не пацвердзілі свайго ўдзелу ў фестывалі. Па словах кіраўніка сферы культуры Клімавіччыны, пад час "Залатой пчолкі" звыш 600 артыстаў прадэманструюць свае таленты ў вакальным, харэаграфічным, выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве.

Праграма фестывалю, як і заўжды, - цікавая і насычаная шматлікімі мерапрыемствамі. Так, у першы дзень, акрамя цырымоніі адкрыцця, што пройдзе на цэнтральнай гарадской плошчы, адбудуцца конкурсы "Міс Залатая Пчолка", маладой сям'і, малюнкаў на асфальце і мальберце, а таксама парад спартсменаў.

Цягам фестывальных дзён запланаваны таксама фестываль брэйк-данса, выступленні айчынных выканаўцаў, сярод якіх - вядомы дуэт "Аляксандра & Канстанцін", а таксама калектываў Магілёўскай абласной філармоніі ды ўдзельнікаў тэлеконкурсу "Я пяю!".

Пераможцы сёлетняга фестывалю атрымаюць Гран-пры "Залатой пчолкі". Як распавяла Вольга Хаўранкова, у якасці падарункаў ім будуць уручаны ноўтбукі. За першае, другое і трэцяе месцы таксама прадугледжаны дыпломы і каштоўныя прызы.