Гальшаны: замак, аўто, фаер

№ 19 (1042) 12.05.2012 - 19.05.2012 г

Пазалеташні Фэст старадаўняй беларускай культуры ў Гальшанах наведала прыкладна тры тысячы чалавек, і, магчыма, сёлета гэтая лічба будзе перасягнута.

/i/content/pi/cult/377/7396/2-5.jpeg26 мая ў вядомых на ўсю краіну Гальшанах, што на Ашмяншчыне, адбудзецца чарговы, трэці па ліку, Фэст старадаўняй беларускай культуры.

Сёлета ён будзе ладзіцца пад назвай "Карнавал стагоддзяў". Мерапрыемства арганізавана Ашмянскім райвыканкамам і прыватным турыстычным агенцтвам.

Як паведаміла "К" начальнік аддзела культуры Ашмянскага райвыканкама Галіна Балінская, у фэсце запланаваны ўдзел шматлікіх творчых калектываў вобласці і раёна, чакаецца прыезд рыцарскіх клубаў з Мінска і Гродна. Па словах Галіны Іванаўны, пазалеташні фэст у Гальшанах наведала прыкладна тры тысячы чалавек, і, магчыма, сёлета гэтая лічба будзе перасягнута.

На фэсце можна будзе патанчыць разам з артыстамі, пакаштаваць як старадаўнюю, так і сучасную беларускую кухню, прыдбаць сувеніры ў "Горадзе майстроў", "пахварэць" за ўпадабаных рыцараў ці лучнікаў пад час спаборніцтваў і сфатаграфавацца з імі на памяць. Яшчэ адзін прыемны сюрпрыз - выстаўка рэтра-аўтамабіляў, што зладзяць у наваколлях Гальшанскага замка. Прычым на машыны можна будзе не толькі паглядзець, а і пакатацца ў той, якая спадабаецца.

Напрыканцы ж мерапрыемства ўсіх гасцей чакае захапляльнае начное відовішча: выступленне артыстаў, якія зладзяць фаер-шоу.

Дарэчы, уваходныя білеты на фестываль у Гальшанах - не такія ўжо і дарагія. 40 тысяч за білет давядзецца аддаць гасцям з Беларусі ды замежжа, а ўсяго 20 тысяч - жыхарам Ашмяншчыны. Прычым, як паведаміла Галіна Балінская, усе сабраныя ад правядзення фэсту сродкі пойдуць на працяг кансервацыйных і рэстаўрацыйных работ на Гальшанскім замку.

Ю.Ч.