З 8 па 10 чэрвеня ў Паставах пройдзе юбілейны, пятнаццаты па ліку, Міжнародны фестываль народнай музыкі "Звіняць цымбалы і гармонік".
Па словах начальніка аддзела культуры Пастаўскага райвыканкама Аксаны Сакаловай, чакаецца, што на маштабны форум прыедуць не толькі шматлікія беларускія выканаўцы, а і ўдзельнікі з дзесяці краін свету! Акрамя прадстаўнікоў усіх краін, якія мяжуюць з Беларуссю, чакаюцца выканаўцы з Эстоніі, Турцыі, Францыі і Венесуэлы.
Пад час фестывалю адбудзецца шмат цікавых мерапрыемстваў і акцый. Як адзначыла Аксана Сакалова, разам з канцэртнымі нумарамі пройдзе "Кніжны фэст" - агляд-конкурс мастацкай самадзейнасці ўстаноў адукацыі раёна, прысвечаны Году кнігі. Таксама ў рамках названай акцыі пройдзе і кніжны кірмаш, які будзе арганізаваны пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.
Да таго ж, за тры дні фестывалю гледачы і слухачы змогуць папрысутнічаць на сольным канцэрце Дзяржаўнага ансамбля песні, музыкі і танца "Letuva" з Літоўскай Рэспублікі, паслухаць перагук званоў пад час выступлення ансамбля званароў з Мінска і атрымаць асалоду ад спеваў Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча. А для моладзі на цэнтральнай гарадской плошчы выступіць беларускі гурт "Дразды".
Ю.Ч.